Фотафакт. У Вілейцы навагодні феерверк заляцеў у вакно кватэры
Вечарам 1 студзеня ў міліцыю звярнулася жыхарка шматкватэрнага дома па вуліцы Гагарына ў Вілейцы. У яе вакно заляцеў феерверк, піша «Рэгіянальная газета».
Як выстветлілася, у двары дома запускалі феерверкі ў гонар Новага года. Адна з ракет змяніла траекторыю руху і ўляцела ў вакно на першым паверсе.
Людзі не пацярпелі, удакладніў намеснік начальніка Вілейскага РАУС Мікалай Мягкоў.
Вілейскі РАУС нагадвае, што неабходна старанна вывучаць інструкцыю перад запускам кожнага канкрэтнага віду піратэхнічных вырабаў. Кожны з іх мае асаблівасці запуску і меры бяспекі.
Ні ў якім разе не нахіляйцеся над піратэхнікай і не спрабуйце праверыць ці падпаліць кнот яшчэ раз. Не выкарыстоўвайце піратэхніку ў кватэрах (і наогул у памяшканнях), паблізу дамоў і машын, на невялікіх абгароджаных тэрыторыях, пры моцным ветры.