Адкрыццё новага корпуса ЦРБ у Асіповічах
Наўрад ці знойдзецца на Асіповіччыне чалавек, якога б пакінула абыякавым гэта знакавая для раёна падзея. Пераразалі сімвалічную стужку на чаканым аб’екце кіраўнікі Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц і Асіповіцкага райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі, намеснікі міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк і губернатара Руслан Пархамовіч.
Галоўны ўрач ЦРБ Павел Шаціла расказаў гасцям, што агульны праектны кошт аб’екта, мантажных работ і абсталявання — звыш 31 мільёна рублёў. Разлічаны корпус на 100 коек. Будаўніцтва распачалася ў 2010 годзе па даручэнні Кіраўніка дзяржавы і вялося паэтапна.
Што зараз уяўляе навабуд? Гэта пераведзеныя сюды хірургічнае, гінекалагічнае, акушэрскае, рэанімацыйнае аддзяленні і новыя — гемадыялізу ды кабінет камп’ютарнай тамаграфіі. Найсучаснейшае абсталяванне дае шэраг дадатковых магчымасцей па ранняй прафілактыцы захворванняў, у тым ліку сардэчна-сасудзістых і анкалагічных, правядзенні новых аперацый і дазволіць весці лячэнне пацыентаў на іншым якасным узроўні. Адметна і тое, што цяпер праходзіць дыягностыку ў Асіповічах змогуць пры неабходнасці і насельнікі бліжэйшых раёнаў, а ў перспектыве магчыма стварэнне міжраённага цэнтра па скрынінгу раку і гемадыялізе.
“Галоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі заўсёды застаецца захаванне здароўя чалавека, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама Леанід Заяц. — Значыць, такія сучасныя і функцыянальныя аб’екты, які сёння адкрыты ў Асіповічах, набываюць асаблівую важнасць”. Кіраўнік рэгіёна таксама расказаў аб планах па мадэрнізацыі і будаўніцтве шэрагу медустаноў Прыдняпроўскага краю. А датычна Асіповіччыны яны наступныя: зрабіць за 2020 год рамонт раённай паліклінікі. Губернатар даў заданне з работамі не зацягваць, а справіцца да лістапада.
Жадаем усім, землякі, толькі моцнага здароўя. З новым корпусам бальніцы дасягнуць гэтага будзе значна прасцей!
Валянціна КОРБАЛЬ