Мама. Усяго чатыры літары ў самым святым і цёплым слове — крыніцы дабрыні, сілы і жыцця… У панядзелак, 9 снежня, адбылося ўрачыстае мерапрыемства, падчас якога трынаццаць прадстаўніц раёна былі ўзнагароджаны ордэнам Маці. Пазнаёміцца з імі мы прапануем у нашым фотарэпартажы.
Як выгадаваць здаровых, таленавітых, шчаслівых дзяцей? Гэтым сакрэтам напэўна валодаюць нашы гераіні — шматдзетныя мамы, якія ўдастоены высокай узнагароды кіраўніка дзяржавы. Яны ведаюць, што самае вялікае шчасце — чуць у доме смех сваіх блізкіх, быць для іх прыкладам і шанаваць кожную хвіліну, праведзеную разам.
У сям’і Марыі Пупарэвіч з в. Амлынцы выхоўваюцца шасцёра дзетак — Лія, Караліна, Мілана, Кірыл, Сабрына, Эмілій. Бацькі ўпэўнены, што іх сямейны ачаг ярка гарыць дзякуючы любові, а падтрымліваюць яго полымя паразуменне, адказнасць і павага.
Галіна Грынкевіч з Друцкаўшчызны выхоўвае шасцярых дзяцей — Лаліту, Данілу, Яфіма, Глеба, Аляксандра і Наталлю. Лічыць, што быць шматдзетнай мамай — гэта дзівосная прафесія, якой вучышся ўсё жыццё. У Галіны Аляксандраўны ёсць свой сакрэт шчасця — утульны дом, дружная сям’я і шчаслівы смех дзяцей.
Несвіжанка Кацярына Кіпець лічыць, што быць добрай мамай не складана — для гэтага патрэбны добры тата. А яе муж Сяргей — прыклад ідэальнага мужчыны і клапатлівага бацькі. Ён — апора і падтрымка шматдзетнай мамы і самы клапатлівы тата для пяці сыноў — Станіслава, Святаслава, Уладзіслава, Яраслава і Міраслава.
Для Святланы Камлач з Гарадзеі самае галоўнае на свеце — шчаслівая і добрая сям’я, дзе ўсім цёпла і ўтульна. Для пяці дачок і сына яна — самая лепшая ў свеце мама. Святлана Барысаўна вядзе здаровы лад жыцця, служыць прыкладам сваім дзецям і ўнукам, карыстаецца заслужанай павагай і аўтарытэтам у суседзяў, сяброў. Дзякуючы яе ўвазе, дабрыні, цярпенню і чуласці ў доме пануе атмасфера любові, супакою і надзейнасці.
У дружнай сям’і Іны Міцкевіч з Нясвіжа адчуваецца душэўная цеплыня ўзаемаадносін, разуменне і ўзаемадапамога. Іна Міхайлаўна выхоўвае шасцярых дзетак — трох дачок і трох сыноў — у атмасферы любові і клопату, вучыць іх самастойнасці і працавітасці. Дэвіз шматдзетнай сям’і: «Сябар сябра мацней трымайся і заўсёды імкніся ўвышыню!»
У Наталлі Фаносавай з в. Грускова атрымалася стварыць моцную, дружную, працавітую сям’ю, узаемаадносіны ў якой будуюцца на даверы і любові, узаемадапамозе і ўзаемаразуменні, клопаце і павазе. У сям’і пяцёра дзяцей — двое з іх паўналетнія. Рэцэпт сямейнага шчасця ў шматдзетнай мамы просты — трэба ўмець прыслухоўвацца да роднага чалавека, саступаць адзін аднаму і шчыра дарыць любоў.
Марына Сіняўская з аг. Сейлавічы — мама шасцярых дзяцей. На яе думку, дзеці са шматдзетнай сям’і адрозніваюцца асаблівай адказнасцю, самастойнасцю і уменнем па-сапраўднаму сябраваць. Але гэтыя якасці фарміруюцца з удзелам дарослых, бацькі — безумоўны прыклад для пераймання, як для малых, так і для старэйшых дзяцей.
Шматдзетная мама Юлія Няверка з аг. Астроўкі нарадзіла шасцярых дзяцей (двое з іх ужо паўналетнія). Юлія Іванаўна ўпэўнена, што шчасце жанчыны — гэта дзіця, а сапраўдная сям’я тая, у якой чуецца дзіцячы смех. «Даражыце адзін адным, сагравайце дабрынёй, інакш не пражыць нам без цуду, што клічам мы ўсе сям’ёй», у адзін голас кажа шматдзетная сям’я Няверка.
Сям’я для Таццяны Дзяруга з Вялікай Лысіцы і апора, і моц, і тыл, і будучыня. Пяцёра яе дзяцей выхоўваюцца ў атмасферы любові, добразычлівасці і ўзаемадапамогі. А па-іншаму і не можа быць, калі ў шматдзетнай сям’і гучны дэвіз: «Наша сям’я дружная і адзіная, а значыць, яна непераможная!»
У шматдзетнай сям’і Івашка з Нясвіжа ёсць свая традыцыя: кожныя выхадныя яны збіраюцца за вялікім сямейным сталом, каб атрымаць асалоду ад фірмовых маміных пірагоў. Анастасія Аляксандраўна лічыць сябе самай шчаслівай жанчынай, бо яна любімая жонка і мама чароўных і таленавітых дачок. Дарэчы сказаць, сям’я Івашка — пераможца абласнога конкурсу сярод шматдзетных сем’яў — «Сям’я года-2019».
Несвіжанка Таццяна Хандрыка разам з мужам ствараюць свой «дом шчасця», дзе чуецца звонкі смех дзяцей, дзе кожны можа знайсці падтрымку і разуменне, дзе разам дзеляць радасць і няўдачы, дзе заўсёды ўтульна і цёпла. У сям’і пяць сыноў — маміных памочнікаў і татавай каманды па рамонце тэхнікі і рыбалцы.
Вялікая і дружная сям’я Ліліі Карсека са Снова, у якой пяцёра дзяцей, заўсёды разам: няхай гэта будзе адпачынак на прыродзе, святы або праца на прысядзібным участку. За сваю працавітасць, спагадлівасць і згуртаванасць у вырашэнні любых пытанняў сям’я карыстаецца заслужанай павагай сярод снаўчан. Муж і жонка дзеляцца з дзецьмі жыццёвай мудрасцю: «раўняйцеся на бацькоў і любіце адзін аднаго».
Маргарыта Вішнеўская з аг. Сейлавічы — мама пяцярых дзяцей. Чатыры сыночкі і дачка — вось галоўнае шчасце яе сям’і. На думку Маргарыты Мікалаеўны, шматдзетная сям’я — гэта лепшы адпачынак і зносіны, але разам з тым і штодзённая праца. Толькі ў сям’і чалавек напаўняецца энергіяй, радасцю і яркімі эмоцыямі. Нельга не пагадзіцца з шматдзетнай мамай, якая сцвярджае, што сапраўдная моцная сям’я трымаецца на двух кітах: узаемаразуменні і ўзаемапавазе.
«НН».