Вучымся па-беларуску. У сярэдняй школе г.п. Мір жыве роднае слова

Источник материала:  

У сярэдняй школе г.п. Мір роднае слова гучыць ужо шмат год звонка і гучна. І яго рэха чуваць далёка за межамі раёна.

Вучымся па-беларуску. У сярэдняй школе г.п. Мір жыве роднае слова

Дырэктар Таццяна Шаплыка сярод дасягненняў школы упэўнена называе той факт, што ва ўстанове асаблівым чынам адносяцца да беларускай мовы, гісторыі і культуры нашай краіны: “Усё актывізавалася дзевяць гадоў таму, калі наша настаўніца Наталля Канстанцінаўна Орсіч набірала першы клас і на бацькоўскім сходзе распавяла пра магчымасць навучання на роднай мове. Мамы і таты падтрымалі ідэю. І ад той пары мы практычна штогод набіраем беларускамоўныя класы. Тым больш, нашы суседзі – яслі-сад г.п. Мір – таксама актыўна працуюць у накірунку папулярызацыі роднага слова. Там дзеці пачынаюць спасцігаць скарбы беларускай мовы, а ў нас працягваюць. Мы размаўляем з вучнямі і чуем, як яны дружна кажуць пра мілагучнасць і чароўнасць матчынага слова.

Увогуле, дзеці матываваныя да вучобы на роднай мове, ім падабаецца тую ж фізіку ці матэматыку спасцігаць па-беларуску. І для настаўнікаў гэта таксама карысны вопыт. Нашы педагогі выкладаюць прадметы адразу на дзвюх дзяржаўных мовах, што вельмі стымулюе. Але як настаўнік інфарматыкі дадам, што не хапае таго ж якаснага беларускамоўнага праграмнага забеспячэння. Вядома, штосьці можна знайсці ў сеціве, але хацелася б больш. Гэта, што датычыцца вучэбнага працэсу.

Ёсць яшчэ і актыўная выхаваўчая работа. Мы праводзім дастаткова мерапрыемстваў па-беларуску: урачыстыя школьныя лінейкі, творчыя вечары, пазнавальна-забаўляльныя праграмы. Шырока адзначаем Тыдзень роднай мовы. Так, у бягучым навучальным годзе ўжо запланавалі інсцэніроўку кніг-юбіляраў.

І гэта далёка не ўсё. У кабінеце беларускай мовы ўвагу прыцягвае этнаграфічны куток, дзе можна знайсці цікавую інфармацыю па гісторыі Міра і Карэліцкага раёна, адчуць подых даўніны. Выдатныя веды дзеці набываюць у клубе “Купалінка”, дзе прыядноўваюцца да беларускай культуры ў цэлым і непасрэдна да духоўнай спадчыны малой радзімы. Нашы вучні нават адзначыліся навукова-даследчымі працамі пра мясцовы фальклор і вясельныя абрады розных нацыяльнасцяў, якія пражывалі ў Міры. Такім чынам, у двух школьных музеях – гісторыка-краязнаўчым і прысвечаным асобе Ігнація Дамейкі – прадстаўлены і матэрыялы нашых юных разумнікаў і разумніц.

Таксама на працягу многіх гадоў на беларускамоўным навучальным шляху ёсць у нас верныя памочнікі і сябры – супрацоўнікі Мірскай гарпасялковай бібліятэкі і музея “Замкавы комплекс “Мір”. Вось так і крочым па ім, бадзёра і радасна, усе разам з нашымі дзецьмі”.

Вучымся па-беларуску. У сярэдняй школе г.п. Мір жыве роднае слова

Сапраўды, тое, што школьнікам вучыцца на матчынай мове лёгка і цікава, адчуваецца як у малодшых, так і ў старэйшых класах. Між тым, пакуль чакаю з урока вучняў 9 “Б” (з якіх, дарэчы, і пачалася беларускамоўная старонка ў новай гісторыі школы), наведваю сайт установы. Адразу заходжу на праект “Гавары са мной па-беларуску”, які знаёміць з хуткапрамаўлянкамі, фразеалагізмамі, жартамі, народнымі талісманамі, псеўданімамі айчынных пісьменнікаў і рознымі цікавосткамі з іх жыцця, вядомымі беларускімі жанчынамі. Таксама на інтэрнэт-рэсурсе даюцца заданні на веданне мовы, звяртаецца ўвага на правільныя націскі, несупадзенне роду назоўнікаў, ёсць спіс карысных сайтаў. Зазіраю і на старонку з віртуальнай турыстычнай мапай Беларусі, дзе ў дэталях і фарбах змешчаны звесткі пра славутасці нашай краіны і вядомых суайчыннікаў.

Вучымся па-беларуску. У сярэдняй школе г.п. Мір жыве роднае слова

Тым часам з’яўляецца і 9 “Б” клас. Усяго – восем чалавек: чатыры юнакі – Уладзіслаў Каласоўскі, Міхаіл Мацёшык, Іван Клімко і Раман Макавецкі і чатыры дзяўчыны – Бажэна Долмат, Таццяна Харута, Кацярына Герасімовіч і Анастасія Кузьміч.

Вучымся па-беларуску. У сярэдняй школе г.п. Мір жыве роднае слова

Гаварыць (вядома, па-беларуску) ад імя класа дэлегуюць моцную палову. Уладзіслаў Каласоўскі адразу адзначае, што ў школе ці на тым жа цэнтралізаваным тэсціраванні галоўнае – багаж ведаў. І калі ёсць жаданне, ён можа быць паспяхова здабыты і на рускай, і на беларускай мове. Не губляецца дзевяцікласнік і падчас бліц-апытання. Адказвае, што крыніца гістарычнага натхнення для яго Мірскі замак, а любімы аўтар – Якуб Колас. Іван Клімко падтрымлівае ў гэтым аднакласніка, а сярод адметных асоб Беларусі яшчэ вылучае Рагнеду і Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбаньку. “Для мяне гісторыя – адзін з найлепшых прадметаў, а ў нашай краіны яна такая, што дух захоплівае, – дадае юнак. – Таму вучыцца на беларускай мове для мяне – гонар і задавальненне. Як і для маіх малодшых братоў – пяцікласніка Рамана і першакласніка Арсенія. Яны таксама спасцігаюць навукі па-беларуску”.

Вучымся па-беларуску. У сярэдняй школе г.п. Мір жыве роднае слова

На гэтых словах стае асабліва радасна праз тое, што матчына слова ў Міры жыве не толькі ва ўстановах адукацыі, але і перадаецца з пакалення ў пакаленне ў сем’ях.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

←В каждом районе города появились горки для безопасного катания на тюбингах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика