Доска Почёта Шумилинского района: Наталья Дмитриенко
06.12.2019
—
Новости Общества
З ініцыятывай і пошукам
Наталлю Аляксандраўну Дзмітрыенку, інжынера па якасці таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вітконпрадукт”, чыё прозвішча занесена на раённую Дошку гонару, слова “якасць” суправаджае ўсё жыццё – так лічаць калегі і родныя.
Родам з Шуміліна, Наталля закончыла школу з сярэбраным медалём. Атэстат аб адукацыі з адзнакай – гэта якасць і прызнанне. Паступіла ў Віцебскую ветакадэмію, якую закончыла з “чырвоным дыпломам”. На граматнага спецыяліста прэтэндавалі многія, але Наталля паехала працаваць па размеркаванні ў Пружанскі раён, дзе атрымала пасаду галоўнага заатэхніка. Потым вярнулася на радзіму, уладкавалася ў племстанцыю заатэхнікам-селекцыянерам, некаторы час рупілася ў райгазе.
Але ж хацелася працаваць на вытворчасці, прымяняць веды, атрыманыя ў акадэміі. І калі даведалася, што ў шумілінскім забойным цэху «Вітконпрадукта» патрэбны інжынер па якасці, вырашыла паспытаць удачу. Наталлю Дзмітрыенку адразу ўзялі на работу. Вось ужо сем гадоў яна кожны дзень, кожную рабочую гадзіну адказвае за якасць прадукцыі. Кіраўніцтва прадпрыемства кажа пра Наталлю Аляксандраўну як пра чалавека стараннага, вытрыманага, уседлівага, які не церпіць хібаў.
А як жа інакш – якасць, гэта ж імідж прадпрыемства. Пакупнікі стараюцца знайсці і набыць якасную прадукцыю.
– Менавіта такая выпускаецца на «Вітконпрадукце», – упэўнена кажа Наталля Аляксандраўна. – Мы кантралюем і якасць сыравіны, і бяспеку выпускаемай прадукцыі. Правяраем ветэрынарныя пасведчанні сыравіны, якасць ахалоджанай птушкі, субпрадуктаў і каўбас. З мінулага года працуем па міжнароднай сістэме менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў, якая шырока ўкаранілася ва ўсю вытворчасць. Кантроль якасці тут пачынаецца з інкубатара, які знаходзіцца ў Бешанковічах. Часта выязджаем у камандзіроўкі ў цэхі вырошчвання птушкі ў Слабаду, Бешанковічы, Лепель, Віцебскі і Сенненскі раён, дзе правяраем схему прафілактычных мерапрыемстваў, рацыён кармлення. Мы павінны быць упэўнены, што птушка, якая пасля 45 дзён вырошчвання паступае да нас на забой, вырошчвалася строга па ўстаноўленых правілах.
Пасля штодзённага ранішняга абходу цэха Наталля ідзе на рабочую планёрку, дзе разам са спецыялістамі абмяркоўвае заўвагі. Разам заўсёды знаходзяць выхад з сітуацыі. Як кажуць, працуюць на адзін вынік. На думку Наталлі Дзмітрыенкі, у цэху склалася дружная зладжаная каманда, з якой прыемна працаваць, якой пад сілу вырашыць розныя праблемы.
– Я люблю сваю работу, – кажа Наталля Аляксандраўна. – Інжынер па якасці на вытворчасці – гэта пастаянны пошук, ініцыятыва, самаадукацыя, імкненне вывучыць вопыт замежных калег. Час не стаіць на месцы, нешта мяняецца, удасканальваецца. І трэба быць у курсе, асвойваць новыя веды, вывучаць новую дакументацыю. Нядаўна, напрыклад, пабывала на міжнародным семінары ў Мінску, дзе атрымала шмат станоўчых эмоцый і ўзяла на заметку нямала новых ідэй.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №95 ад 06.12.2019 г.