В сельском хозяйстве нашла своё призвание Наталья Гаврилович из ОАО «Торгуны» Докшицкого района

Источник материала:  
В сельском хозяйстве нашла своё призвание Наталья Гаврилович из ОАО «Торгуны» Докшицкого района

Наталля Гаўрыловіч на ўручэнні юбілейнага медаля.

Працоўная дзейнасць Наталлі Гаўрыловіч, аператара машыннага даення МТФ “Вецяра” ААТ “Таргуны”, адзначана цэлым стосам грамат і падзяк за добрасумленнасць і высокія паказчыкі. Неаднаразовая ўдзельніца абласных “Дажынак”, практычна штогадовая пераможца раённых спаборніцтваў, “Чалавек года Віцебшчыны – 2012” – спіс узнагарод і званняў, як ужо паведамлялася, сёлета папоўніўся юбілейным медалём “100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі”.
– Мне неяк сястра сказала: відаць было з малых гадоў, што ты станеш калгасніцай, – задорна смяецца Наталля Вячаславаўна і дадае, ужо сур’ёзна: – Мой шлях у сельскую гаспадарку не быў кароткім і імклівым, але, лічу, менавіта ў гэтай сферы я рэалізавала сябе найбольш поўна, як кажуць, адбылася ў прафесіі.
Жанчына згадвае, як пасля заканчэння школы падалася ў латвійскі горад Ліепая. Там жыла старэйшая сястра, там паспрабавала пачынаць свой працоўны і дарослы жыццёвы шлях і юная Наташа.
– Не атрымалася ў мяне, і гавару гэта без дапаўнення “на жаль”, – разважае суразмоўца. – Кажуць, што не кожны вясковец можа вытрымаць гарадскі тэмп жыцця, а ў мяне выйшла наадварот. Заўжды была хуткай у справе, рухомай, дзейснай, таму энергіі маёй зрасходавацца не было дзе. Работа статычная, з лічбамі, паперамі, а пасля работы які ў горадзе занятак? Вячэру згатаваў ды ў тэлевізар. Нас, дзяцей, у сям’і было чацвёра – у мяне дзве сястры і брат, і бацькі нікога не пеставалі, змалку мы былі прывучаны да цяжкай сялянскай працы з віламі, рыдлёўкамі, косамі ды матыкамі. Ва ўсіх сем’ях у тыя часы было так – з падсобнай гаспадаркі жылі, збіралі нейкую дадатковую капейчыну. А там, у горадзе, практычна бяздзейнасць. А яшчэ мала было прастору, вольніцы, свежага паветра, сумавала па родных сцежках, гаворцы, людзях.
Вярнулася. Чатырнаццаць гадоў адпрацавала ў аддзеле статыстыкі ў Докшыцах, але ўвесь гэты час адчувала: не яе, не тое. Відаць, “гаварылі” ў ёй гены бацькі – вядомага агранома Вячаслава Піліпавіча Труса. Таму звольнілася і ўладкавалася ў родны калгас “Зара камунізму” – даяркай на ферму “Вецяра”, якой не здраджвае ўжо 27-ы год. Наталля Вячаславаўна пяць гадоў як выйшла на пенсію, але прызнаецца, што працаваць будзе, пакуль дазво­ліць здароўе.
– З маёй хуткасцю перарабіць нейкія хатнія справы шмат часу не займае, а сядзець без дзейнасці я не проста не люблю – пакутую ад гэтага, – дзеліцца з намі. – Даглядаю зараз паўсотні цялятак, і гэта работа мне таксама падабаецца, бо вельмі люблю жывёлу. Чаму дабівалася высокіх надояў? Дык кожную сваю кароўку, што называецца, “ведала ў твар”, мела да асобнай рагулі асаблівы падыход. Як інакш? – гэта ж жывая істота, разумная і ўдзячная. А яшчэ, калі хочаш добрых вынікаў, не лічыся з часам, не ляці дадому, пакуль усё не будзе зроблена, як належыць. Старэйшыя пакаленні даярак працавалі менавіта так, а што з тых часоў, уласна кажучы, памянялася? Трэба, каб карова была добра накормлена, стаяла ў чыстым і цёплым, падоена была своечасова – вось і ўсе “завумныя” тэхналогіі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.

←В Витебской области запрещен выход на лед

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика