Осиповичский беби-бум, ты где?
Пытанні нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва абмеркавалі на нядаўнім пасяджэнні камісіі па дэмаграфічнай бяспецы і фарміраванні здаровага ладу жыцця насельніцтва раёна. Названыя праблемы ў нашай краіне вырашаюцца на дзяржаўным узроўні: прыняты Закон аб дэмаграфiчнай бяспецы, нацыянальная праграма дзеянняў, якая абнаўляецца кожную пяцігодку, і г.д. Пра тое, як усё гэта працуе ў разрэзе мясцовых паказчыкаў — размова з намеснікам галоўнага ўрача Асіповіцкай ЦРБ па медыцынскай частцы Надзеяй Штэльман:
— Калі казаць пра канкрэтныя вынікі, то за студзень-верасень у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года адзначаецца зніжэнне агульнай смяротнасці на 50 чалавек (8,4%); на 15,9% — ад хвароб сістэмы кровазвароту (ХСК); 13 — новаўтварэнняў; 1,2 — знешніх прычын. Менш зарэгістравана фактаў атручвання алкаголем, суіцыдаў. На жаль, на 17,3% павялічылася колькасць смерцяў асоб працаздольнага ўзросту.
— Па якіх прычынах сыходзяць з жыцця досыць маладыя людзі?
— У 11 выпадках — з-за хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца, 6 — цэрэбраваскулярнай хваробы. Ад злаякасных новаўтварэнняў органаў дыхання памерла 7, шыйкі маткі — 4, раку страўніка і прадсталёвай залозы — па 2 чалавекі. Адзначу: фонавыя захворванні большасці выпадкаў ХСК — артэрыяльная гіпертэнзія і атэрасклероз артэрыяльных сасудаў — развіваюцца па прычыне няправільнага харчавання і маларухомага ладу жыцця, якія прыводзяць да лішняй вагі. Асноўная прычына з’яўлення новаўтварэнняў — курэнне і ўжыванне спіртнога. Пры гэтым у першым паўгоддзі ў раёне прададзена на 12835,6 дал алкаголю больш, чым у той жа перыяд года мінулага…
— Як вядзецца работа па прафілактыцы і раннім выяўленні захворванняў?
— У сельскую мясцовасць у амбулаторыі ўрача агульнай практыкі для кансультавання і абследавання штомесяц выязджаюць анколаг і ўрач ультрагукавой дыягностыкі. З мая ў паліклініцы працуе мамо-граф. Арганізаваны і скрынінг раку малочнай залозы ў жанчын ад 50 да 69 гадоў: выканана 985 даследаванняў, з іх 874 у рамках скрынінгу, выяўлена 2 выпадкі раку на першай стадыі, 1 — на другой. Пры скрынінгу артэрыяльнай гіпертэнзіі ў дарослага насельніцтва — 36% выяўляемасці. Сумесна з райЦГЭ арганізаваны штомесячныя выступленні медыкаў ва ўстановах адукацыі, прадпрыемствах і арганізацыях раёна па пытаннях здаровага ладу жыцця, фактараў рызыкі развіцця асноўных неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку анкалагічных.
— Ці ёсць паляпшэнні паказчыкаў нараджальнасці?
— У студзені-верасні нарадзілася 313 (360) дзяцей, натуральны прырост, як і летась, адмоўны: мінус 6,6. На 1 кастрычніка агульная колькасць насельніцтва Асіповіччыны — 46723 чалавекі, у іх ліку 24700 працаздольных і 9289 дзяцей. Такім чынам, на 5 дарослых прыпадае толькі адно дзіця.
Але варта разумець, што зніжэнне долі працаздольнага насельніцтва і старэнне насельніцтва — ключавыя тэндэнцыі практычна ва ўсіх развітых і сярэдняразвітых дзяржавах і структурныя дэмаграфічныя змены непазбежны. Напрыклад, Кітай, які доўгі час праводзіў палітыку “1 сям’я — 1 дзіця”, у 2016 годзе рэзка памяняў устаноўку, але нават там бэбі-буму не адбылося. Таму важны доўгатэрміновыя трэнды, і яны ўлічваюцца ў дэмаграфічнай палітыцы нашай краіны. Прыняты дзейсныя меры, накіраваныя на стымуляванне нараджальнасці: забеспячэнне жыллём, трохгадовы аплачваемы адпачынак па догляду за дзіцём, сямейны капітал, розныя віды дапамог для сем’яў з дзецьмі і г.д. Асаблівасць апошняй дзяржпраграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” — інтэграваны падыход: калі раней упор рабіўся толькі на паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці, а праграмы падтрымкі здароўя рыхтаваліся асобна, то зараз гаворка пра дэмаграфію ідзе з прывязкай да здароўя нацыі. Бо ўсё ўзаемазвязана: наша мэта — захаваць і ў ідэале прымножыць насельніцтва. І тут патрэбны клопат не толькі пра сям’ю, але і пра здароўе кожнага з яе членаў.
Соф’я САВАЙТАН.
s.savaytan@gzt-akray.by