«Iмёны Курапацкіх катаў гучаць у назвах вуліц». У Курапатах прайшла «Ноч расстраляных паэтаў»
82 гады таму у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС расстралялі больш за 130 прадстаўнікоў нашай інтэлектуальнай эліты — навукоўцаў, літаратараў, дзяржаўных дзеячаў. 29 кастрычніка лічыцца нефармальным днём ушанавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, афіцыйнай даты, у адрозненні ад суседніх краін, у нас па-ранейшаму няма. Некалькі сотняў беларусаў прыйшлі ўчора ў Курапаты, каб ушанаваць памяць расстраляных паэтаў: Алеся Дудара, Міхася Чарота, Тодара Кляшторнага, Ізі Харыка, Міхася Зарэцкага, Юлія Таўбіна і іншых — з 238 літаратараў эпоху Сталіна перажылі толькі 20.
Даследчык сталінскіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў пісаў, што 90% супрацоўнікаў першай Акадэміі Навук былі забітыя.
— Расстрэльвалі амаль усіх, хто меў дачыненне да беларускага нацыянальнага руху, асветы. З 12 тысяч настаўнікаў 4 тысячы былі расстраляныя. Стралялі пераважна выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі. Настаўнікаў дакладных навук чамусьці не чапалі, — адзначаў даследчык.
— Мы ведаем, чаму не чапалі, — адзначыў падчас жалобнага мерапрыемства актывіст Зміцер Дашкевіч. — Камуністы думалі, што яны знішчылі нас у гэтых Курапацкіх ямах. Але мы тут і размаўляем на сваёй мове.
На жалобным мерапрыемстве, дзе прысутнічалі літаратары, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі розных канфесіяў, пастар пратэстанцкай царквы Антоні Бокун звярнуў увагу, што сталінскі рэжым не пашкадаваў нават тых, хто непасрэдна будаваў «новую дзяржаву»:
— Тут ляжаць мужчыны і жанчыны; беларусы, рускія, габрэі, палякі; ляжаць веруючыя і бязможнікі, ляжаць камуністы і тыя, хто на дух не пераносіў камуністаў. Большасць людзей, якія тут ляжаць — простыя людзі, якіх забралі па разнарадцы ў межах змагання супраць «варожых класавых элементаў» або «варожых нацыянальнасцяў». Сярод тых, хто быў закатаваны, былі нават тыя, хто будаваў той самы камуністычны рэжым, але смерць усіх ураўняла.
«Мы павінны асудзіць прычыну, па якой косткі ляжаць на Курапацкім пагорку»
Пісьменнік Аляксей Шэйн, продкі якога былі расстраляныя на Каляды ў 1937 годзе, адзначыў, што «ўсведамленне бяды, якая прыйшла, яе прычын даганяе нас і сёння»:
— Гэтая жудасць, якая прыйшла на беларускую зямлю, не ўзялася з неадкуль. Сталінізм не ўзнік у адно імгненне, ён не ўзяўся з паветра. Тое, што перажывалі беларусы, у падобным сэнсе перажывалі іншыя народы: Кітай пры Мао Цзэдуне, Паўночная Карэя нават зараз…
Як немцы калісьці асудзілі нацыянал-сацыялізм, так і мы павінны асудзіць тую прычыну, па якой косткі ляжаць на гэтым Курапацкім пагорку. Гэта не толькі сталінізм, гэта штосьці больш глабальнае, што пранікла і паказала свой звярыны воблік. Імёны Курапацкіх ахвяраў мала каму вядомыя, імёны Курапацкіх катаў гучаць у назвах вуліц і плошчаў. Мы мусім рабіць ўсё, што ад нас залежыць, каб сітуацыя змянілася. Хтосьці некалі сказаў, найлепшы помнік ахвярам — гэта адсутнасць помнікаў іх катам. Няхай так станецца ў Беларусі ў хуткім часе.
Музыкант Аляксандр Памідораў распавёў, на вуліцы, дзе знаходзіцца ягоны дом, стаіць будынак, дзе ў 30-я адбываліся расстрэлы. Сталыя суседзі, па ягоных словах, прыгадвалі, як чулі крыкі людзей і стрэлы.
— Можа быць, сярод гэтых крыкаў яны чулі галасы Майсея Кульбака, Ізі Харыка ды іншых герояў, якіх мы ўзгадваем сёння.
Пра тое, як пакутаваў пасля затрымання Ізі Харык, ва ўспамінах прыгадвала Іна Бранштэйн, дачка літаратурнага крытыка Якава Бранштэйна, які таксама быў расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка. Сем'і Харыка і Бранштэйна сябравалі.
— Неўзабаве пасля затрымання таты прыйшлі за ягоным сябрам, паэтам Ізі Харыкам. Пасля катаванняў ён звар’яцеў, кідаўся па камеры і крычаў: «Far vos?» Гэта значыць, «за што?» Ва ўсіх быў толькі адно пытанне: за што? Яны жыццё аддалі за гэтую ўладу, а іх абвінавацілі ў здрадзе. Прычым выйшла так, што аддалі жыццё ў прамым сэнсе. Занадта вялікая ахвяра. І самае страшнае — маштабы. Ніхто і нідзе не адважыўся так знішчыць уласны народ.
Летась Іна Бранштэйн памерла. Пакуль жыла, перажывала, што ў Курапатах няма мемарыялу, і са сваёй пенсіі пералічвала грошы на ягонае стварэнне. Помнік з’явіўся ў канцы 2018 году.
«Яны хацелі закапаць не толькі трупы, але і нашу мову, гісторыю, памяць»
— Сёння ў нашым календары чорны дзень. Я веру, што калі-небудзь ён будзе і календары дзяржаўным, — адзначыў на жалобным мерапрыемстве пісьменнік Уладзімір Арлоў. — Мне ўяўляецца, што пасля гэтага дня ў тым будучым календары мог бы быць зусім чорны жалобны лісток са словамі «Ноч расстраляных паэтаў». Такой ночы ў сваёй гісторыі не меў ніводны еўрапейскі народ.
— З геаграфіі мы ведаем пра чатыры накірункі свету. Насамрэч іх больш. Апроч поўначы, поўдня, захаду і усходу ёсць яшчэ накірунак уверх, у неба — да сонца і зорак, да свабоды і творчасці. Акурат гэты накірунак абралі нашыя сённяшнія героі. Яны сталіся ахвярамі тых, хто служыў іншаму накірунку — уніз, удол, у няпамяць і забыццё, у зямлю. Нашы героі, нашы пакутнікі пісалі вершы, раманы, п’есы. Іхнія каты пасля расстрэлу складалі бадзёрыя рапарты пра свае злачынствы.
Аднойчы мне ў рукі трапіў такі рапарт. Там было напісана: «Перечисленные осужденные, всего в числе 40 человек, из места содержания под стражей были взяты в 14 часов 45 минут, а решение заседания „тройки“ приведено в исполнение путем расстрела в 15 часов того же дня. Трупы зарыты на установленную глубину». Гэты дакумент датычыцца апошняга дня жыцця нашага класіка Максіма Гарэцкага (быў расстраляны 10 лютага 1938 году ў Вязьме — Заўв. TUT.BY). Але такія самыя рапарты складаліся пасля расстрэлаў тут, у Курапатах.
— Яны хацелі закапаць на «ўстаноўленую глыбіню» не толькі трупы, яны хацелі закапаць нашу мову, гісторыю і памяць. Нялюдская ўлада цудоўна ведала, што мова і гістарычная памяць бароніць нацыю лепей за любую армію. Яны хацелі закапаць — не ўдалося. Мы гаворым на нашай мове, мы пішам і чытаем на ёй кнігі, мы снім на ёй сны і мы не забылі.
Я веру, што жыццёвыя дарогі не абрываюцца ўнікуды. І сёння тут з намі тыя, хто роўна 82 гады таму ў гэту ноч апошні раз бачылі беларускае неба. Яны з намі, яны звяртаюцца да нас: «Памятайце. Памятайце, каб гэта не паўтарылася».