У беларускамоўнай гімназіі Дзяржынска з'явіліся рускамоўныя першыя класы
Ад 1 верасня ў гімназію горада Дзяржынска набралі чатыры рускамоўныя класы пры адным беларускамоўным. У аддзеле адукацыі райвыканкама праблем не бачаць.
Гімназія горада Дзяржынска ўваходзіць у лік найлепшых сярэдніх установаў не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны. Выпускнікі гімназіі стабільна паказваюць добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэставанні, пастуюць на спецыяльнасці з найбольшымі прахаднымі баламі, бяруць прызавыя месцы на алімпіядах. Пры гэтым установа ўвесь час была беларускамоўнай.
Ад 1 верасня сітуацыя змянілася. Цяпер у гімназію набіраюць не толькі класы з беларускай мовай навучання, але і з рускай.
«У нас асноўная мова навучання будзе па заявах прадстаўнікоў, — сказала нам дырэктарка гімназіі Людміла Станіславаўна Паўхлеб. — Хтосьці хоча навучацца па-руску, хтосьці — па-беларуску. На сёння гімназія беларускамоўная, але некаторыя першыя класы вывучаюць рускую мову як асноўную».
Усё ж гаворкі пра поўны перавод навучальнай установы на рускую мову навучэння пакуль не вядзецца. «Пачакайце, а гэта хіба нейкае парушэнне, руская мова навучання, ці што?» — запытваецца дырэктарка.
На гэтым Людміла Станіславаўна перайшла на рускую мову. «У статут нашай гімназіі ўнесеныя змены. Цяпер асноўнай мовай навучання будзе руская ці беларуская. Па жаданні законных прадстаўнікоў, па наяўнасці адпаведных заяваў. Мы пыталіся ў бацькоў першакласнікаў сёлета, на якой мове яны хочуць навучанне, будзем пытацца і налета. Астатнія класы вучацца выключна па-беларуску».
Раней гімназія набірала толькі беларускамоўныя класы. Цяпер жа ім прадстаўляецца «выбар».
Ужо першы год такога эксперыменту даў паказальныя вынікі: у 2019 годзе гімназія набірала пяць першых класаў, дык з іх толькі адзін сфармаваны з беларускай мовай навучання. Чатыры астатнія — з рускай.
Начальнік упраўлення адукацыі Дзяржынскага райвыканкама Галіна Гапанькова тлумачыць гэта тым, што сёлета пайшлі заявы ад бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці навучаліся па-руску.
У Дзяржынску бачыцца актыўны прырост насельніцтва. Калі летась у нас было 7461 навучэнец, то сёлета — 7841. Да нас прыязджаюць з усёй краіны. Мабыць, таму і з’явілася жаданне, каб навучэнне вялося на рускай мове", — сказала Гапанькова.
Аргумент пра тое, што літаральна праз дарогу знаходзіцца рускамоўная гімназія № 1, таксама адна з найлепшых у Мінскай вобласці, Гапанькова парыруе тым, што школы цалкам укамплектаваныя.
«Мы выключна выконвае запыт бацькоў», — гаворыць яна. Гапанькова падкрэслівае, што ў гімназіі застанецца выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове.
«Мы шмат робім для захавання беларускай мовы. У лютым у нас адбываецца адзначэнне Дня роднай мовы, ставяцца пастаноўкі на беларускай мове, дзеці выконваюць беларускія танцы», — гаворыць яна.
«Запыты бацькоў абсалютна законныя, і мы не можам іх не задаволіць», — расказала чыноўніца. Яшчэ адным аспектам яна падкрэсліла тое, што многія выпускнікі беларускамоўнай гімназіі пасля паступлення ў тэхнічныя ВНУ сутыкаюцца з праблемай тэрміналогіі, бо ва ўніверсітэтах навучанне вядзецца выключна на рускай мове.
«Бацькам турбавацца не варта, гэта ніяк не адаб’ецца на якасці навучання», — пры канцы размовы параіла дзяржынская чыноўніца.
На сайце гімназіі горада Дзяржынска ўжо сёння абсалютная большасць навін на рускай мове. Часткова пераведзенае і справаводства ўстановы на рускую мову. Калі справа будзе ісці такім жа тэмпам, то дастаткова хутка ў гімназіі застанецца зусім мала беларускага.