София Бахар из Жуховичей делится самым дорогим — воспоминаниями о матери

Источник материала:  

София Бахар из Жуховичей делится самым дорогим — воспоминаниями о матери

Сакавік, першы месяц вясны, называюць парой абуджэння. Ад доўгага зімовага сну прачынаецца прырода. Абмыўшыся веснавою вадою, на лясных праталінах з’яўляюцца першыя веснавыя кветкі. Надзея вярталася з лесу. Вельмі любіла яна гэты месяц, які называюць раніцай года. П’яніць паветра, напоўненае смалістым водарам, і нейкая сіла радасці захоплівае сэрца.

Раптам у блакітнай вясенняй прасторы неба прагучала жураўлінае курлыканне. «Добры дзень, мілыя!» — прашаптала яна. Цяпло, пяшчота, радасць і лёгкі смутак напоўніў усю яе істоту. Гэты жураўліны кліч напомніў ёй нядаўняе. Яна ціха сядзела каля акна. Дзесяцігадовая Ніна і шасцігадовая Лілька прыбеглі ў хату і паклікалі: «Мамачка, пайшлі хуценька на двор сустракаць журавушкаў». Ці патрэбна гаварыць, якой музыкай звінела гэтае самае пяшчотнае і ласкавае слова. Яны выйшлі на вуліцу. Жураўліны клін аддаліўся, а ў вясновай цішыні далёка-далёка разносілася іх курлыканне. І яна разам з дзецьмі радавалася прыляцеўшым птушкам, вясне і гэтаму яснаму блакітнаму небу.

Тры месяцы назад яна ўвайшла ў гэты дом, і дзве пары засмучаных дзіцячых вачэй па-чужому глядзелі на яе. За кожным словам, кожным рухам сачылі яны. Патрэбна было сагрэць засумаваўшыя па мацярынскай ласцы сэрцы, прыгарнуць да сябе гэтыя чорнавалосыя галоўкі. І вось яны назвалі яе самым дарагім словам. I не скупілася Надзя на ласку, пяшчоту. Яна падбірала ім самыя пяшчотныя словы, калі хварэлі, шмат бяссонных начэй праводзіла каля дачок. Шыла ім сукеначкі, вязала панчошкі, а доўгімі зімовымі вечарамі чытала ім кнігі. I не мачахай, а пяшчотнай матуляй стала для дзяцей Надзя. І ў вёсцы палюбілі яе. Неаднойчы гаварылі мужу Паўлу Васільевічу Балабановічу: «Добрая ў цябе жонка, вельмі чулая». А калі з’явілася на свет маленькая Аленка, ішла вайна. I гэтай прыгожай зусім маладой 25-гадовай жанчыне з траімі дзецьмі прыйшлося перажыць цяжкія дні блакады.

У лясах, якія акружалі вёску, дзейнічаў партызанскі атрад пад камандаваннем Дзенісенкі (Міцькі). Вораг быў бязлітасны, не шкадаваў ні жанчын, ні дзяцей. Як і другія сем’і, аказалася ў лесе і сям’я Паўла Васільевіча. На руках у Надзі было маленькае дзіцятка, і ўсе баяліся быць разам, бо дзіцячы плач мог выдаць у любую хвіліну. Бацькі вымушаны былі застацца адны з дзецьмі. Змучаныя доўгаю хадою і голадам, дзеці прасілі хлеба. Самі бацькі ўжо трое сутак, акрамя ягад, нічога не елі. Дзяцей кармілі ягадамі, а для маленькай Аленкі рвалі з поля, якое знаходзілася каля лесу, каласкі жыта. Маці жавала зярняты і карміла дзіця.

Аднойчы ў поўдзень, прыгрэтыя цёплым жнівеньскім сонцам, знясіленыя, яны леглі на палянцы і заснулі. I маленькая Аленка, прытуліўшыся да мацярынскіх грудзей, прыціхла. А ў гэты час вялікая група нямецкіх карнікаў прачэсвала лес. Ціха, не чуючы небяспекі, сям’я спала. Як раз у гэты час бег мужчына з суседняй вёскі і разбудзіў іх, крыкнуўшы: «Бяжыце, немцы зусім блізка, заб’юць вас!»

Ужо зусім блізка былі чутныя стрэлы, было бачна, як галінкі сыплюцца з дрэў ад трансіруючых куль. Моцна заплакала растрывожанае дзіця. Тады Надзя зняла з галава хустку, заткнула рот дачушцы і, моцна прыціснуўшы да сваіх грудзей, пабегла ад небяспекі.

Многа было перажыта цяжкіх дней акупацыі. Калі жыхары вярнуліся ў вёску, большасць хат было спалена. Доўга стаялі людзі над сваімі папялішчамі, і толькі адзінокія буслы кружыліся ў паветры. Вораг спаліў хаты з буслінымі гнёздамі на дрэвах. Вяскоўцы выкапалі зямлянкі і жылі ў іх.

А потым Надзя, як і тысячы другіх жанчын, праводзіла на фронт мужа. Цяжкія дарогі вайны прайшоў Павел Васільевіч. Бітва нa Курскай дузе, дзе ён атрымаў медаль «За адвагу», і сотні кіламетраў франтавых дарог. Да канца свайго жыцця Надзея берагла пісьмо, у якім было напісана: «Дарагая жонка! Пішы мне часцей, прашу цябе. Палажы мне ў канверт паперу, наякіх адбіты контуры ручак маіх дачушак. Надзейка! У скорым часе наш Чырвоны сцяг заззяе над Берлінам, і тады будзе канец вайне. Я пакуль што яшчэ жывы, але сама ведаеш, франтавое жыццё: цяпер пішу пісьмо, а праз хвіліну мяне можа і не быць». А пасля пісьмы не сталі прыходзіць. На запыт ваенкамата прыйшоў адказ: без вестак прапаўшы. Што магло быць у сэрцы жанчыны? Чорнае гора, боль… Надзя страціла ўсякую надзею, што муж жывы. Амаль год не прыходзілі пісьмы. Як цяжка было ёй, зусім маладзенькай жанчыне, амаль дзяўчынцы, з траімі дзецьмі. Але ў сэрцы жыла надзея, што муж павінен вярнуцца. Яна ж так чакала яго, кожную хвіліну думала, што ён жывы. Доўга-доўга чакала, калі другія не чакалі ўжо. I вось нарэшце з далёкага нямецкага краю прыйшло пісьмо. Аказалася, што ў баях пад Курскам муж быў цяжка паранены. Сваю вясну Перамогі ён сустрэў у Берліне. 3 Перамогай, з баявымі ўзнагародамі вярнуўся дадому. На месцы зямлянкі пабудавалі хату і зажылі мірным жыццём. Падымалі палі, сеялі, збіралі ўраджай.

Падрасталі дзеці. Старэйшыя пайшлі вучыцца ў школу. Здавалася, што ўсё ёсць для шчасця. Але нядоўгае было гэта шчасце. Пасля цяжкай хваробы на руках у маці памерла яе любімая весялушка Лілька. Як цяжка яна перажывала гэтую страту, які невыносны боль агортваў яе мацярынскае сэрца…

Надзея лічылася добрай працаўніцай у калгасе. Была звеннявой, разам са сваімі сяброўкамі вырошчвала лён. Шмат падзяк і грамат атрымлівала ад праўлення калгаса.

Ужо роўна трыццаць пяць гадоў няма самага дарагога, самага пяшчотнага для мяне чалавека — маёй матулі Надзеі. У мяне ласкавыя дарослыя дочкі, якімі я ганаруся, яны таксама абралі маю прафесію — прафесію настаўніка. Старэйшая Таццяна жыве ў Мінску і працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў школе № 204. Малодшая Наташа жыве ў Баранавічах і таксама працуе настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў школе №15. А вяршыня майго жаночага шчасця – мае ўнукі, якіх у мяне чацвёра. Мы прыязджаем часта ў родную вёску, каб пакланіцца дарагім магілам. Аднойчы я пазірала на сваю старэйшую ўнучку Надзейку, якую дачка назвала ў гонар бабулі. Дзяўчынка са стараннем прыбірала магілкі дарагіх маіх бацькоў. А потым маё сэрца кранула тое, што малодшанькі ўнучак Валянцінчык палажыў на магілку сваёй прабабулі букецік блакітных валошак, якія яна вельмі любіла. Я адчувала боль і гонар: боль, што ніколі не змагу ўбачыць дарагіх маіх бацькоў, не пачую ласкавы голас маёй матулі, а гонар, што жыццё прадаўжаецца ў дзецях і ўнуках. Магілкі бацькоў знаходзяцца побач з партызанскімі могілкамі ў вёсцы Сіняўская Слабада. I зусім побач нясе ўдалячынь свае вечныя чыстыя воды Нёман. Чуецца ўсплеск хваль, шум лістоты беластвольнай бярозкі над магіламі бацькоў. I мне здаецца, што гэта гучыць матуліна песня, якая вечна будзе жыць і гучаць у маім сэрцы.

Соф’я Бахар,
былая настаўніца Жухавіцкай СШ

←99 мам и популярные имена среди малышей. Отдел ЗАГС Кореличского района предоставил праздничную статистику

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика