Караеў выказаўся аб празмерным ужыванні сілы міліцыянерамі і расказаў пра цытату ў кабінеце Шуневіча
У кулуарах «Мінскага дыялогу» карэспандэнт «Нашай Нівы» задаў пару пытанняў міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву.
«Наша Ніва»: МУС дэкларуе большую адкрытасць — у прыватнасці, інфармацыйную, а таксама «ачалавечванне» стаўлення да грамадзян. А ці ёсць ужо нейкія станоўчыя эфекты ад гэтага?
Юрый Караеў: Паняцце чысціні мундзіра не азначае ўтойвання нейкіх здарэнняў. Так, мы пачалі шчыра казаць пра свае недахопы: не заўсёды добрыя паводзіны супрацоўнікаў, можа быць, нават злачынствы. І калі казаць адкрыта, то адразу адчуваецца, як тым, хто хацеў бы стварыць на негатыве вострую палеміку, становіцца няма пра што гаварыць.
А далей ужо чакаюць нашых дзеянняў: як і што будзем рабіць, як рэагаваць, як выпраўляць. Выпраўляем! І ў гэтым той маральна-псіхалагічны плюс, пра які вы пытаецеся.
«Наша Ніва»: А ці праўду кажуць, што на адной з нарадаў МУС вы разбіралі скаргі на празмернае ўжыванне сілы і рэзюмавалі, што калі супрацоўнік міліцыі не можа пацвердзіць сваю пазіцыю відэазапісам, то ён, найхутчэй, і вінаваты?
Юрый Караеў: Я б не сказаў, што адназначна вінаваты. Проста калі паступае такая скарга, то трэба спачатку сыходзіць з таго, што грамадзяне ўзводзіць паклёп проста так не стануць. Словам, не адмятаць адразу магчымасць, не закрывацца: «Міліцыянер заўсёды правы!» Як кажуць, міліцыя ў нас рабоча-сялянская, асабовага складу шмат, не заўсёды ўсё будзе ідэальным.
З майго асабістага досведу: калі паскардзіліся на вайскоўца ўнутраных войскаў, на міліцыянера, то нешта там было. Што не зусім так — гэта 100%, што згусцілі фарбы — хутчэй за ўсё. Але бяры і шукай. І дай бог, каб нічога не спраўдзілася, каб былі максімум некарэктныя паводзіны, а не нешта незаконнае.
І, канечне, мы стараемся звесці такія праяўленні да нейкай ніжняй кропкі, відэа тут — як інструмент.
Разумееце, у міліцыянера найцяжэйшая работа. Узяць ДАІ — ён на вуліцы, ён стомлены, ён выгарае, ён працуе з парушальнікамі, якія да яго амаль заўсёды па змоўчанні ставяцца негатыўна і ў нейкай форме гэта выказваюць. Ён сам нервуецца.
Але ён павінен трымацца! Быць стрыманым, памятаць, што працуе ў імя людзей, для людзей. І так усе.
У майго папярэдніка, дарэчы, Ігара Анатольевіча Шуневіча, у кабінеце да рамонту вельмі добрае выказванне вісела. Ён яго трымаўся, хаця СМІ, канечне, стварылі яму яшчэ той імідж!
Дык вось, гэта выказванне кіраўніка Скотланд-Ярда аб тым, што «доўг супрацоўніка паліцыі перадусім не ў тым, каб раскрыць злачынства, а ў тым, каб абараніць грамадзяніна».