На повестке дня семинара-учёбы местного актива — медицинское обслуживание

Источник материала:  

Саветы за работай. З увагай да здароўя

Прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага самакіравання сабраліся 30 верасня на сустрэчу. А абмеркаваць дэпутатам, старшыням сельвыканкамаў, старастам вёсак і гарадскім актывістам заўсёды ёсць што.

На гэты раз на парадку дня стаяла медыцынскае абслугоўванне насельніцтва Асіповіччыны. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Сувееў адзначыў, што пытанням аховы здароўя мясцовая ўлада надзяляе шмат увагі, разглядалі іх і на апошняй вераснёўскай сесіі.

На повестке дня семинара-учёбы местного актива — медицинское обслуживание

З вялікай увагай слухалі ўдзельнікі намесніка галоўнага ўрача ЦРБ па амбулаторна-паліклінічным лячэнні Вольгу Мікановіч, якая расказала пра арганізацыю прафілактычных мерапрыемстваў і дыспансерызацыі насельніцтва. А ўсё таму, што гэта тэма тычыцца без перабольшванняў кожнага; пытанні ж уводу ў эксплуатацыю новага корпуса бальніцы і даступнасці талонаў да ўрачоў усіх спецыяльнасцей застаюцца на працягу многіх гадоў самымі абмяркоўваемымі ў асяроддзі жыхароў Асіповіччыны.

Вольга Пятроўна паведаміла, што робіць адміністрацыя ЦРБ для павышэння якасці медабслугоўвання, аб тэрытарыяльнай арганізацыі медыцынскай службы, колькасці дактароў і іх размеркаванні па медустановах, рабоце з найбольш уразлівымі групамі пацыентаў.

У раёне праходзіць усеагульная дыспансерызацыя з мэтай выяўлення магчымых рызык і хранічных захворванняў на ранніх стадыях. Яна ўключае флюараграфію, аналізы крыві агульны і на глюкозу, мачы, кардыяграму, вымярэнне ціску і некаторыя іншыя даследванні, якія павінен праходзіць раз у год кожны дарослы чалавек.

Актыўнае абмеркаванне выступлення ў чарговы раз даказала яго актуальнасць. Паступіла шмат пытанняў. Напрыклад, аб тым, што на 13 участку адсутнічае тэрапеўт. Намеснік галоўнага ўрача растлумачыла, што з 17 участкаў сёння толькі 10 забяспечаны дактарамі, на астатніх прымаюць па чарзе іншыя ўрачы. “Выбываюць са строю” тэрапеўты па розных прычынах, якія не залежаць ад кіраўніцтва. Напрыклад, аднаго маладога спецыяліста прызвалі ў армію, а некалькі пайшлі ў дэкрэтны водпуск. Нядаўна стала мамай і эндакрынолаг, а на яе месца малады спецыяліст запрошаны быць не можа, бо яно часовае. Таму хворыя павінны ісці на прыём да ўрача агульнай практыкі, які назначыць адпаведнае лячэнне: яго кваліфікацыя гэта дазваляе. Калі ж пацыент звяртаецца ўпершыню, то для выстаўлення дыягназу яго накіруюць да эндакрынолага ў Бабруйск ці Мінск. Наогул жа ў сувязі з дэфіцытам урачоў вузкіх спецыяльнасцей пашырыліся абавязкі ўрача агульнай практыкі. Робіцца гэта для таго, каб папярэдне атрымаць накіраванні на аналізы і абследаванні.

Удзельнікі сустрэчы наракалі і на адсутнасць магчымасці заказаць талон праз інтэрнэт. Колькасць талонаў, якія будуць пакідацца ў рэгістратуры для вясковых жыхароў, абяцана павялічыць.

Новы корпус бальніцы гатовы амаль на 90%, падрыхтаваны і спецыялісты, якія будуць займацца камп’ютарнай тамаграфіяй і гемадыялізам. А на запыт жыхаркі Карытнага Мікановіч адказала, што фельчар прыступае да выканання сваіх абавязкаў на ФАПе ўзгаданай вёскі 2 кастрычніка.

З шырокім спектрам стаматалагічных паслуг і прыёмам зубнымі ўрачамі вясковага насельніцтва пазнаёміла галоўны ўрач стаматалагічнай паліклінікі Анастасія Усенка. А таксама адказала,: што рабіць, калі зуб не дае спакою ў выхадныя дні, якія паслугі прадастаўляюцца на платнай аснове, як арганізаваны папярэдні запіс і інш.

Праблеме шаленства прысвяціла сваё выступленне загадчык аддзела эпідэміялогіі райЦГЭ Тэрэза Гулік, а заадно і нагадала пра пачатак імунізацыі супраць грыпу.

Падсумоўваючы вынікі, старшыня райсавета дэпутатаў адзначыў, што ў медабслугоўванні жыхароў Асіповіччыны, безумоўна, шмат нявырашаных пытанняў, але ўсе яны знаходзяцца на кантролі ўлады. І калі ў насельніцтва ўзнікаюць пэўныя праблемы, трэба звяртацца да адміністрацыі ЦРБ, якая заўсёды адкрыта для зносін і ўважліва ставіцца да паступіўшых заўваг.

Іна Заскевіч.

i.zaskevich@gzt-akray.by

←Из сквера в центре Минска исчезла скульптура «Девочка с зонтиком». Узнали, что с ней произошло

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика