На роўных. Ці як? Паразважаем пра фемінізм

Источник материала:  
На роўных. Ці як?
У свеце не сціхае барацьба за гендарную роўнасць. Жанчыны выходзяць на вуліцы, пратэстуюць, ставяць умовы. У Беларусі ў гэтым сэнсе ўсё спакойна. Можа, і праблемы ніякай няма, можа, мы даўно перараслі ўсялякія гендарныя стэрэатыпы і сапраўды жывём у эпоху абсалютнай роўнасці? Паразважаем пра фемінізм?
На роўных. Ці як? Паразважаем пра фемінізм

Паводле нядаўніх статыстычных даследаванняў, феміністкамі сябе лічыць такі нікчэмны працэнт беларускіх жанчын, што быццам і гаварыць няма пра што. Толькі гэта не значыць, што праблем няма, проста традыцыйныя па-трыярхальныя нормы ў нашым грамадстве яшчэ настолькі трывалыя, што жанчынам, па-мойму, нават у галаву не прыходзіць, што іх у адкрытую прыгнятаюць. Вядома, я зараз не пра права на адукацыю і магчымасць мець пашпарт. Дзякуй богу, на гэта ўжо ніхто даўно не квапіцца. Але ёсць многа іншых не менш важных момантаў, дзе да роўнасці гэтак жа далёка, як да космасу.
Возьмем самы просты прыклад. Хто ідзе ў водпуск па доглядзе за дзіцём? Вядома, мама. Нягледзячы на тое, што заканадаўства татаў у гэтым праве не абмяжоўвае, рэдкая сям’я разглядае для сябе такую альтэрнатыўную магчымасць. Я разумею, што шмат у каго валасы дуба стануць, але ўсё ж спытаю: мужыкі, вы чаму “косіце” ад абавязкаў па догля-дзе за дзіцём? Ты нараджала, табе і ў “дэкрэце” сядзець? Ну можна яшчэ ўспомніць што-небудзь пра адсутнасць грудзей, а разам з імі і магчымасці выкарміць дзіця ў самым натуралістычным сэнсе слова “выкарміць”. Таварышы, ну Філіп Кіркораў неяк справіўся!
Толькі жанчына ведае, што ніякі, нават самы напружаны дзень на службе нельга параўнаць з так званым “сядзеннем дома з дзіцём”. Хаця і мужчыны пра гэта здагадваюцца. Але ж так зручна прыйсці ўвечары з  работы і скарыстацца “законным” правам ад яе, работы, адпачыць. Ён жа грошы на сям’ю зарабляе, пакуль ты ў “дэкрэце” гультуеш, ён карміцель, ды без яго ты прападзеш. І жанчына, выціраючы слёзы, пакорліва ўступае на “другую змену” – бо, і праўда, прападзе.
Нават калі дзеці падрастаюць, а мама выходзіць на працу, усе хатнія справы застаюцца за ёй. Муж, у крайнім выпадку, можа “дапамагаць” па гаспадарцы. Ну, да прыкладу, смецце выносіць. Нават калі зарабляюць яны аднолькава і дадому вяртаюцца ў адзін і той жа час.
І як бы не было цяжка, жанчына павінна падтрымліваць парадак, забяспечваць утульнасць і абед з трох страў, заўсёды быць прыгожай і жаданай – інакш муж пой-дзе да іншай. А каму ты патрэбна будзеш з дзецьмі? Пра гэта ў адзін голас гавораць мамы, бабулі і Ларыса Гузеева ў перадачы “Давай пажэнімся”. І дзе ж тут роўнасць?
Яны, дарэчы, і зарабляюць больш, калі статыстыка не хлусіць. А атрымаць вакансію маладой жанчыне рэпрадукцыйнага ўзросту – тое яшчэ выпрабаванне. Падыміце руку, дарагія дамы, хто не чуў класічнага: “Як жа мы вас возьмем, а раптам вы ў “дэкрэт” пойдзеце?». У вочы, вядома, такое кажуць не заўжды, але на ўвазе маюць. І нават калі мы будзем пераконваць, што тых двух атожылкаў, якія ўжо ёсць у наяўнасці, нам хапае і нараджаць больш мы не збіраемся, – не падзейнічае. Дзеці ж зараз так многа хварэюць, і само сабою зразумела, хто “не будзе вылазіць з “бальнічных”.
А калі ў жанчыны ўсё ж атрымліваецца зрабіць кар’еру, стаць паспяховай, то пра яе абавязкова скажуць – мужык у спадніцы. Самі жанчыны і скажуць, заадно паставіўшы пад сумненне і наяўнасць шчасця ў асабістым жыцці.
Жанчына – начальніца, за рулём, незамужняя, у форме – усё яшчэ выклікае некаторы скептыцызм. Мы прывыклі іграць другарадную ролю. Знакамітае “Жанчына – сябар чалавека” Аркадзя Райкіна, як гэта ні сумна, не губляе сваёй актуальнасці і ў наш прагрэсіўны час.
І ўсяму гэтаму нас вучаць з пялёнак. Самая ненавісная фраза, якую я чула ў дзяцінстве ад мамы па некалькі разоў на дзень: “Ты ж дзяўчынка!”. Меркавалася, што канстатацыя гэтага неаспрэчнага біялагічнага факта павінна станоўча ўплываць на мае паводзіны, паспяховасць, знешні выгляд – на ўсё на свеце. Раздражняла жудасна. І цяпер, калі я чую, што галоўнае для дзяўчыны – удала выйсці замуж і што шчаслівай і паўнацэннай можна быць, толькі маючы адпаведны штамп у пашпарце, мяне калоціць. А сама па сабе жанчына хоць якую каштоўнасць уяўляе? Ці толькі ў якасці дадатку да мужчыны? Толькі ж яны, то на рэвалюцыі, то ў гаражы, то ў камандзіроўцы (ва ўсякім разе, так кажуць). Яны ў любым выпадку на свабодзе. А мы?
Няма ў нас роўнасці палоў. І не прадбачыцца. І мужчыны ў гэтай сітуацыі ў неаспрэчнай перамозе. Можа, я феміністка?
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2019 г.
←«Ровный газон» и «футбольное поле». Река Пина в Пинске полностью позеленела

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика