Да сёлетняга прафесійнага свята — Дня работнікаў лесу — сярод узнагароджаных работнікаў Багушэўскага лясгаса найбольшую групу прадстаўляе Сенненскае лясніцтва.
— Аляксандр Ярохаў — наш трактарыст, за высокія вытворчыя паказчыкі, дасягнутыя на тралёўцы, узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі. Падзякай ад дырэктара лясгаса адзначана праца вальшчыка лесу Дзмітрыя Гаравога, грашовай прэміяй — лесніка Уладзіміра Гарбачова, — расказвае ляснічы першага класа Уладзімір Саржыцкі. Размова наша адбываецца на хаду, бо ён баіцца спазніцца — напярэдадні Дня работнікаў лесу ў Мінску пройдуць урачыстыя мерапрыемствы.
Прозвішча Уладзіміра Саржыцкага таксама сярод узнагароджаных. Напярэдадні прафесійнага свята яму ўручана Грамата лясгаса і нагрудны знак адзнакі Міністэрства «30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь». Сярод адзначаных такой жа ўзнагародай, але за 20 гадоў працы — Аляксей Кудласевіч, памочнік ляснічага, Мікалай Кашпар, майстар участка. Павышана класнасць яшчэ аднаму майстру лясніцтва Паўлу Панамарову.
На землях лясніцтва пераважаюць дрэвы лісцёвых парод, асабліва шмат бярозы. Гэтая асаблівасць адразу кідаецца ў вочы, калі глянуць на вытворчую карту — на ёй пераважае сіні колер. Сасновых парод няшмат – яны афарбаваны ў чырвоны колер.
— Дзякуючы такой нашай асаблівасці ў лясах рэдка адбываюцца пажары, у нас амаль не сустракаецца такі шкоднік як караед, — разважае Аляксей Кудласевіч. Ён з Паўлам Панамаровым наладзіў для журналіста раённай газеты экскурсію ў 55 квартал. Вясной 2013 года тут на плошчы 5 га былі высаджаны двухгадовыя сажанцы лістоўніцы. Дарэчы, садзілі іх у час рэспубліканскага суботніка супрацоўнікі райвыканкама пад прыглядам двух леснікоў. Каб правесці эксперымент па закладцы ўчастка рэдкай для Беларусі пароды дрэў, насенне куплялі ў Польшчы па досыць высокай цане, вырошчвалі ў пітомніку лясгаса. На думку Аляксея Кудласевіча эксперымент можна прызначыць удалым: амаль усе саджанцы прыжыліся і зараз уражваюць. Большасць ужо дасягнулі вышыні не менш як 3 метраў: гонкія, роўныя.
— Прамысловай спеласці яны дасягнуць нейдзе ў 100-гадовым узросце. Так што драўнінай гэтай каштоўнай пароды скарыстаюцца нашы ўнукі, — падсумоўвае Аляксей Кудласевіч.
У лясах Сенненскага лясніцтва ёсць маладыя пасадкі дуба, які таксама адносіцца да каштоўных парод. Паўсюдна ён высаджваўся разам з елкай. Работнікі лясніцтва, закладваючы пасадкі, арыентаваліся на народную мудрасць, якая раіць «Дуб любіць расці ў шубе, але з адкрытай галавой». Пры такой умове дрэва цягнецца да сонца, павышаюцца яго якасці, ён запатрабаваны вытворцамі, прамысловасцю, паслужыць на карысць нашчадкам. Такая работа ў леснікоў, працаваць дзеля будучых пакаленняў.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Фота аўтара.