12 снежня 2018 года нашаму вядомаму беларускаму паэту, перакладчыку, журналісту Канстанціну Ціханавічу Кірэенку споўнілася сто гадоў. На жаль, ён не дажыў да нашых дзён, калі адзначаюцца юбілеі з Дня Перамогі, вызвалення нашай мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён, Канстанцін Кірэенка, разам са сваімі сябрамі-карэспандэнтамі прымалі актыўны ўдзел у вызваленні нашай мясцовасці, у прыватнасці, мястэчка Турэц.
У чэрвені 1944 года на суткі ў Турцы прыпынілася шмат ваенных. Яны частавалі нас хлебам, кансервамі. Мы толькі што вярнуліся з-пад Лыкавіч, дзе хаваліся ад ворага. З дапамогай карэспандэнтаў мы перасяліліся на Паштовую вуліцу ў палову яўрэйскага дома. Тут адбылося знаёмства Канстанціна Кірэенкі з маёй стрыечнай сястрой Лідай. Быў вечар, зацішша ад стрэлаў. Цёмныя хмары зацягнулі неба. Карэспандэнты збіраліся наведаць кіно ў памяшканні сінагогі, на Ярэміцкай вуліцы, нават мяне запрашалі. На той час мне было амаль дзевяць гадоў, брату — два.
Назаўтра ваенныя пакінулі Турэц, але знаёмства Канстанціна Ціханавіча Кірэенкі з маёй сястрой прадаўжалася. Ён часта прысылаў пісьмы, у якіх былі вершы, франтавыя падзеі. А калі скончылася вайна, папрасіў рукі сястры і забраў Лідачку ў Мінск.
Нават ужо будучы вядомым беларускім паэтам, ён часта наведваўся ў нашы мясціны. Любіў парыбачыць на Нёмане, які яму нагадваў раку дзяцінства Сож. Для нас, дзяцей вайны, якія вучыліся ў сталіцы ці працавалі, яго кватэра па вуліцы Пуліхава была роднай.
Вершы, паэмы паэта вывучаліся ў школе. Многія пакладзены на музыку, і гучаць як сапраўдныя мелодыі. «Пах чабаровы…» не толькі лёгка пяецца, але кожны радок радуе душу, прыдае бадзёрасць.
Радзіма для яго — родная маці, якую ён горача любіў. Сваёй маці прысвяціў шматлікія вершы і паэмы.
Прайшоўшы цяжкія вёрсты вайны, адчуваючы вялікую адказнасць за выхаванне будучага пакалення і звяртаючыся да моладзі, піша:
Ці ведаеш ты, ад каго і
для каго,
Пастаўлены помнік ля
дома твайго?..
Якімі шляхамі прыйшлі
ў твае дні
Лагоднае сонца і спеў
цішыні?
Абараняць свой край і паважаць яго людзей — найвышэйшы абавязак чалавека-грамадзяніна. Мы, сучаснікі вялікіх гістарычных падзей, якія закранулі наша сэрца і назаўсёды засталіся ў нашай памяці, ганарымся абаронцамі нашай Радзімы і ўдзячны, што ў вызваленні нашай мясцовасці прымаў удзел Канстанцін Ціханавіч Кірэенка, паэт-воін, грамадзянін, сапраўдны чалавек.
Даведка “Полымя”
Кастусь Кірэенка (Канстанцін Ціханавіч) — беларускі паэт, перакладчык, журналіст і рэдактар.
Скончыў Гомельскі педагагічны інстытут у 1940 годзе. Пасля некалькіх месяцаў працы ў школе быў прызваны ў Савецкую Армію. Падчас Вялікай Айчыннай вайны — вежавы стралок танка, потым карэспандэнт армейскай газеты на Заходнім і 2-м Беларускім франтах. Пасля дэмабілізацыі працаваў у часопісах «Беларусь» (1945-1962), галоўным рэдактарам часопісаў «Бярозка» (1962-1972) і «Полымя» (1972-1986). У 1980-1984 гадах з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Друкаваўся з 1939 года. Аўтар зборнікаў паэзіі «Ранак ідзе» (1945), «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі» (1952), «Родны свет» (1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959), «Антонавы грахі» (вершаваныя фельетоны, 1960), «Слаўся, юнацтва» і многіх іншых.
Таісія САБАЛЕЎСКАЯ (БАЛАБАНОВІЧ),
агр. Турэц