Урачыстая лінейка, прысвечаная пачатку навучальнага года ў Церабяжоўскай сярэдняй школе адрознівалася ад мінулагодніх.
Сёлета кіраўніцтва школай прыняў самы малады дырэктар з усіх навучальных устаноў раёна Вадзім Шпакевіч. Але гэта не азначае, што чалавек ён малавопытны. У сферы адукацыі Вадзім Мікалаевіч не першы год. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што гэтая пасада яму па-плячы і з пастаўленымі задачамі калектыў на чале з новым кіраўніком справіцца на выдатна.
Гэтае меркаванне падтрымаў у сваіх вітальных словах і наш зямляк, старшыня Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Іван Наскевіч. Іван Данілавіч часта наведвае Століншчыну ў рамках разнастайных мерапрыемстваў. Візіт у Церабяжоўскую школу высокі госць падмацаваў падарункамі ў выглядзе разнастайнага спартыўнага інвентару – пачынаючы ад шашак-шахмат і завяршаючы турыстычнымі палаткамі.
- Візіты на роднае Палессе – гэта накштал нейкай перазагрузкі, — падзяліўся з журналістам Іван Наскевіч. – Сустрэчы з землякамі, вось такія цёплыя і шчымлівыя ўрачыстасці нібы даюць глыток свежага паветра і дадаюць сілы для працоўных будняў.
І на наступны год старшыня Следчага камітэта плануе візіт на Століншчыну ў адну з навучальных устаноў. Гэта будзе ўжо своеасаблівай традыцыяй.
З першым днём навучальнага года настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў віншаваў таксама старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі. Кіраўнік раёна падзякаваў і калектыву, і бацькам за дапамогу ў падрыхтоўцы школы. А яшчэ заўважыў, што падтрымка дарослых абавязкова патрэбна іх дзеткам, і не толькі штодзённа, а нават штогадзінна.
З рук рабят выпускога класа першакласнікі атрымалі сваю першую кнігу – буквар. Госці ў сваю чаргу ўручылі малым падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнка – кнігу “Беларусь – наша Радзіма”. Ва ўнісон гучала сёлета назва і першага ўрока — “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”
Тэкст і фота Алены КЛІМУШКА