Профсоюз провёл мониторинг обеспечения горячим питанием шумилинских механизаторов на уборочной
29.08.2019
—
Новости Общества
А што ў вас сёння на абед?
Спецыялісты райкама прафсаюза работнікаў АПК правялі маніторынг забеспячэння гарачым харчаваннем механізатараў, вадзіцеляў, работнікаў зернесушылак і іншых катэгорый работнікаў, занятых на ўборачнай.
Кіраўніцтва і прафсаюзныя арганізацыі ўсіх дзесяці сельгаспрадпрыемстваў раёна паклапаціліся пра арганізацыю гарачага харчавання. Там, дзе ёсць уласныя сталовыя, іх падрамантавалі, закупілі неабходны посуд. Повараў знайшлі мясцовых – з імі зручней і лягчэй працаваць. Каб абеды былі таннейшымі, кіраўніцтва многіх гаспадарак забяспечвае сталовыя мясам. Многія напрамую працуюць з пастаўшчыкамі, напрыклад, з Віцебскім мясакамбінатам, які прывозіць прадукты без нацэнкі. У большасці гаспадарак у механізатараў вылічваюць па 20% за кошт абедаў (гэта прыкладна паўтара рубля). А вось у ААТ “АграБаравінка” і “Ляжні” зрабілі зніжкі да 10%.
Свае ўласныя сталовыя ёсць у ААТ “Ляжні”, “Прыдзвінскі”, КУСГП “Мішневічы”, СФГ “Раднік”.
– А што ў вас сёння на абед? – запыталася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова падчас наведвання сталовай у Мішневічах.
– Боршч, катлеты з макаронай і кампот, – усміхнулася повар са стажам Святлана Дашкевіч. – Гатую розныя стравы, але найбольш механізатары любяць мясныя блюды – яны ў меню абавязковыя штодзень.
Вялікая нагрузка падчас жніва на повараў сталовай сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”, якія гатуюць больш за паўсотню абедаў, бо кормяць не толькі сваіх механізатараў, але і УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”, і ААТ “АграБаравінка”. Падчас чарговай паездкі па гаспадарках раёна на палетках “АграБаравінкі” мы сустрэліся з раздатчыцай абедаў Святланай Кірыловіч. На першае яна прывезла механізатарам расольнік, на другое – рысавую кашу з мясам, на трэцяе – морс. Камбайнеры адзін за адным падыходзілі да раздатчыцы і атрымлівалі сваю порцыю.
– Смачны расольнік! – пахвалілі мужчыны.
– А мяса яшчэ смачней! – дадалі іншыя. – У сытага работніка і настрой добры.
КУСГП “Ульскі” і ААТ “Прыазёрны мір”, якія не маюць уласных сталовых, заказваюць абеды ў Мікіцісе ў міні-кафэ “У Алёны” індывідуальнага прадпрымальніка В. А. Мацуганава. Як расказалі кардонскія механізатары, да абедаў няма прэтэнзій – яны заўсёды смачныя.
Абеды на поле будуць падвозіцца механізатарам да кастрычніка, бо наперадзе яшчэ шмат работы: і ўборка яравых зерневых, і ворыва, і сяўба азімых. А яшчэ працягваюцца работы па нарыхтоўцы кармоў, наперадзе – уборка кукурузы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №68 ад 30.08.2019 г.
Святлана Дашкевіч.