Для братоў Аляксандра Мацюшка і Міхаіла Мугі з КСУП “Відзіборскі” сёлетняе жніво першае ў жыцці і даволі ўдалае.
У раённым спаборніцтве яны занялі трэцяе месца сярод 12 сямейных экіпажаў і на раённым фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019” узнагароджаны Падзячнымі лістамі райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грашовымі прэміямі.
На свяце маладыя працаўнікі вылучаліся і беласнежнымі кашулямі аднолькавага крою.
– Самы стары ў Дубаі камбайн КЗС-10 мы выстаўлялі на продаж, аднак ахвотніка на яго не знайшлося, – расказвае дырэктар КСУП “Відзіборскі” Сяргей Пашкевіч. – Тады я прапанаваў Аляксандру Мацюшку, які працуе ў нас трактарыстам, узяць сабе памочніка і рыхтавацца да жніва. І хлопцы дадзены шанц выкарысталі і ўсё ўдала атрымалася. Я імі задаволены.
Браты нарадзіліся ў Відзіборы. Аляксандр пасля школы закончыў Столінскае прафтэхвучылішча, дзе набыў спецыяльнасці электрагазазваршчыка, трактарыста-машыніста і вадзіцеля. Першыя крокі ў прафесію рабіў у мясцовай гаспадарцы ды так і застаўся тут. Ажаніўся, нарадзіліся дзеці. Іх у сям’і Мацюшкоў чацвёра. Старэйшай дачушцы дзевяць гадоў, з хлопчыкаў адзін сёлетні першакласнік, а двое малых хо-дзяць у дзіцячы садок. Дарэчы, жонка Аляксандра сёлета таксама была задзейнічана на жніве – працавала на збожжатоку.
Міхаіл толькі нядаўна ў “Відзіборскім”. Адразу пасля заканчэння школы ў Відзіборы жыў на Магілёўшчыне, дзе працаваў на зернесушыльным комплексе. Цяпер вярнуўся на радзіму, уладкаваўся на малочнатаварную ферму слесарам. А на час жніва з братам шчыраваў на ўборцы збажыны.
Камбайнерскі экіпаж братоў з Відзібора намалаціў крыху больш за 770 тон збожжа.
Ці складана было працаваць, з якім настроем выходзілі ў поле – на гэтыя пытанні браты адказалі:
– Канешне, даводзілася рана ўставаць, каб абслужыць тэхніку, позна класціся спаць. Здараліся і паломкі ў рабоце, таму крыху адставалі, замінала палегласць збажыны, аднак камбайн нас не падвёў і адпрацаваў на славу.
Такі працоўны вынік радуе і кіраўніцтва, і саміх камбайнераў. Таму і заслугоўвае пашаны. І бадай будзе справядліва за працавітасць і адданасць справе на зямлі маладым хлебаробам даць шанс для новых перамог ужо на новай тэхніцы.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара
Ураджай-2019. Першае жніво братоў
16.08.2019
—
Новости Общества