У пачатку жніўня на свае першыя рабочыя месцы ў краіне заступілі 5573 маладых спецыяліста, якія знайшлі сваё прызванне ў выратаванні людскіх жыццяў. Дваццаць медыцынскіх работнікаў, сярод якіх дванаццаць з вышэйшай адукацыяй і сем – з сярэдняй спецыяльнай, папоўнілі і рады Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. У выніку наш край стаў багацейшы на псіхолага – выпускніка ГрДУ імя Янкі Купалы, урача-неўролага, двух урачоў-анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, двух хірургаў, педыятра, двух тэрапеўтаў, двух акушэраў-гінеколагаў, а таксама двух урачоў агульнай практыкі. Персанал сярэдняга медыцынскага звяна добразычліва вітаў чатырох медсясцёр і трох фельчараў выязной брыгады аддзялення хуткай дапамогі.
Гісторыя ўрача-педыятра Аляксандра Мажэйкі пачалася яшчэ ў школе, калі ён зразумеў, што яму даспадобы біялогія. Паступіўшы ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, будучы медык абраў для сябе педыятрыю, бо хацеў лячыць менавіта маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Магчыма, гэтая любоў перадалася яму ад маці, якая на працягу некалькіх год працуе настаўніцай у гарадскім пасёлку Бярозаўка.
Нягледзячы на тое, што ў Карэлічах жыве яго родная цётка і хросны бацька, Аляксандр вырашыў не турбаваць сваякоў сваёй прысутнасцю, а ездзіць на працу з дому, тым больш, што ў маладога ўрача маецца свой аўтамабіль.
Вялікіх планаў учарашні выпускнік не будуе, але па сакрэту расказвае, што ў далейшым марыць працаваць з немаўлятамі. Але гэта будзе заўтра. Сёння ж дапамогі і ўсмешкі ад добрага доктара чакаюць нашы карэліцкія рабяты.
Ганна Каўбаска на Карэліччыне не госць, а паўнавартасны яе жыхар. Будучы ўраджэнкай агр. Краснае, дзяўчына паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, дзе на выбар спецыялізацыі анестэзіёлага-рэаніматолага паўплываў адзін з яе выкладчыкаў.
– Для мяне Канстанцін Міхайлавіч Дарохін быў не толькі аўтарытэтам у працы, але і проста чалавекам, за якім хацелася ісці, – расказвае Ганна Каўбаска. – І ведаеце, я зразумела, што мне ўвогуле шанцуе на людзей, а загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Сяргей Міхайлавіч Пляскач – яшчэ адзін таму доказ. Заўсёды дапаможа, параіць – адным словам, настаўнік з вялікай літары.
Не забывае нагадаць малады ўрач і пра тое, як доўга і мэтанакіравана ішла да паступлення ў медыцынскую ВНУ.
– Ужо з дзявятага класа я дакладна ведала, што буду ўрачом. Рэпетытары, дадатковыя заняткі – рабіла ўсё, каб добра здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і пазней стаць студэнтам-медыкам, – працягвае малады спецыяліст. – Нават калі б у мяне не хапіла балаў, то я б засталася дома, працягвала рыхтавацца і праз год зноў спрабавала паступіць. Калі ёсць мэта, перашкод быць не можа.
Ураджэнец Навагрудка Віталій Фальтэнберг – яшчэ адзін урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг, а разам з тым і старэйшае дзіця ў шматдзетнай сям’і. Не класічнае для беларуса прозвішча ён атрымаў у спадчыну ад дзядулі, які быў немцам.
Па словах маладога спецыяліста, абраць прафесію ўрача дапамагло пачуццё павышанай адказнасці, якое, дзякуючы пяці малодшым братам і сястрычкам, у яго развівалася з самага дзяцінства. Ды і ў іншай сферы малады чалавек увогуле сябе не бачыў.
Падчас вучобы ў Гродзенскім медуніверсітэце ён паспяваў адначасова і вучыцца, і працаваць: добрую практыку дало аддзяленне рэанімацыі ў адной з гродзенскіх бальніц.
– Быў выпадак, калі ў трохмесячнага дзіцяці пры мне спынілася сэрца… На шчасце, усё абышлося, але гэтую рэанімацыю я запомню надоўга, – узгадвае Віталій. – Вядома, вельмі перажываеш у такія моманты, бо што ні гавары, а дзеці – наша ўсё.
Жыве малады спецыяліст у здымнай кватэры, за якую амаль цалкам плаціць Карэліцкая раённая бальніца. Акрамя выплаты ў тры базавыя велічыні (на сённяшні дзень гэта сума складае 76 рублёў 50 капеек), усім маладым медыкам ідзе надбаўка ў памеры 20% ад тарыфнай стаўкі.
Урач-хірург Андрэй Шут спачатку хацеў звязаць жыццё з перакладчыцкай дзейнасцю, але, мабыць, лёс вырашыў, што таленавіты хірург для краіны ў цэлым і для Карэліччыны ў прыватнасці будзе больш патрэбны.
Будучы ўрачом у трэцім пакаленні, малады чалавек ужо з юнацтва валодаў неабходнай і вельмі важнай для хірурга якасцю – вытрымкай. Па яго словах, калі ў жыцці здараецца бяда, ёсць два варыянты развіцця падзеі: або перажываць, заганяючы сябе ў дэпрэсію, або адключыць эмоцыі і пачаць дзейнічаць. Мабыць, менавіта з гэтай нагоды на шостым курсе медуніверсітэта Андрэй зрабіў выбар на карысць хірургіі.
– Безумоўна, усе спецыялізацыі ў медыцынскай сферы важныя, але асабіста для мяне хірургія – гэта дапамога тут і зараз. Так сказаць, у прамым сэнсе слова “ўласнымі рукамі”.
Пасля заканчэння ўніверсітэта маладога ўрача накіравалі па размеркаванні на малую радзіму, дзе на працягу двух гадоў ён будзе ратаваць чужыя жыцці.
Давід Карапецян прыехаў на Карэліччыну з горада Баранавічы. З першага жніўня малады спецыяліст уступіў на пасаду памочніка ўрача, фельчара выязной брыгады аддзялення хуткай дапамогі.
– Ведаеце, у маім жыцці быў шэраг момантаў, якія накіравалі мяне ў бок медыцыны, – расказвае Давід Грантавіч. – Спачатку я марыў стаць ветэрынарным урачом, але атрымалася так, што маёй альма-матар стаў Слонімскі медыцынскі каледж. Ці шкадую я? Ні на грам.
Малады спецыяліст прызнаецца, што пра такі пасёлак як Карэлічы ён нават не чуў. Але сярод прапанаваных яму Навагрудка, Ліды і іншых гарадоў юнак абраў усё ж такі наш гасцінны край.
– Мне прадаставілі асабісты пакой у студэнцкім інтэрнаце Карэліцкага будаўнічага ліцэя, – працягвае гутарку Давід Карапецян. – Умовы выдатныя: і камендант добры, і ад працы блізка. Карацей гаворачы, першыя дні на новым месцы праходзяць цікава і вельмі пазнавальна.
Валерыя Бялецкая калісьці марыла аб прафесіі псіхолага, але атрымала дыплом фельчара-акушэра. Дзяўчына скончыла той жа Слонімскі каледж, што і Давід Карапецян.
– Калі я паступіла на першы курс Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, праз нейкі час зразумела, што псіхалогія ўсё ж такі не настолькі запатрабаваная ў нашай краіне, як медыцына. Таму забрала дакументы і вырашыла пайсці ў каледж, – дзеліцца сваёй гісторыяй Валерыя.
Цікава, што нарадзілася будучы фельчар у сям’і музыкантаў і бухгалтараў – з медыцынай была звязана толькі бабуля. Але, як бачым, дынастыя медработнікаў хоць і прыпынілася на час, але працягнулася ў маладой і працавітай дзяўчыне.
– Усведамленне таго, што я хачу стаць урачом, прыйшло да мяне яшчэ ў дзіцячым садку, – расказвае акушэр-гінеколаг Кацярына Сярко. – Усё дзяцінства я гуляла толькі ў бальніцу, іншых забаў для меня быццам бы не існавала. Да таго ж я заўсёды цікавілася, як працуе чалавечы арганізм, што ў яго ўнутры. Менавіта таму і стала ўрачом, каб знайсці адказы на гэтыя і іншыя пытанні.
Змяніць абласны цэнтр на невялікі пасёлак было няпроста, але знайсці кватэру і ўладкавацца дапамагло кіраўніцтва раёна, якому жаночы доктар бязмерна ўдзячная.
– Чаму менавіта акушэр-гінеколаг? Таму, што я вельмі люблю жанчын. У маім жыцці была праца ў пульманалагічным аддзяленні, пасля чаго я зразумела, што ўсё ж такі мне больш камфортна працаваць з жаночым полам, – расказвае Кацярына.
Быў у маладога спецыяліста і вопыт працы ў аперацыйным аддзяленні дзіцячай бальніцы. Праз год Кацярына зразумела, што эмоцыі ўсё-такі бяруць верх: назіраць за хворымі дзецьмі было вельмі цяжка.
Яе калега Ірына Кіслая спачатку хацела звязаць жыццё з фармацыяй, але ў выніку таксама стала акушэрам-гінеколагам. Нягледзячы на тое, што выбар спецыялізацыі мог стаць пад пагрозу падчас практыкі ў аддзяленні кардыялогіі (усё ж такі не тэорыя, а праца дапамагае зразумець, што табе бліжэй), дзяўчына свайму намеру не здрадзіла і зараз працуе з задавальненнем.
Дваццаць медыкаў. Дваццаць маладых і поўных энергіі людзей, якія ўсёй душой любяць сваю справу. Дваццаць чалавечых лёсаў, у якія, будзем спадзявацца, яскравым фрагментам увойдзе і наша Карэліччына.