Вучоба і служба: як сумясціць? Адказвае начальнік адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін

Источник материала:  

9 жніўня ў Беларусі ўступіў у сілу Закон “Аб змяненні законаў па пытаннях функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы”. Згодна яму ўжо ўвосень дадаткова прызавуць каля 3 тысяч чалавек, а ўвесну – прыкладна паўтары. На што варта звярнуць увагу ў новым Законе, расказаў начальнік адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін.

Вучоба і служба: як сумясціць? Адказвае начальнік адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін

Сяргей Шалін, Яўгеній Хвастоў.

✏ – Сяргей Аляксандравіч, акрэсліце асноўныя пункты ў Законе.

– Галоўнае тое, што ні адну з законных падстаў быць вызваленым ад службы ў арміі ў новым дакуменце не прыбралі, гаворка ідзе пра стан здароўя і сямейныя абставіны. Акрамя таго, адтэрміноўкі, дадзеныя грамадзянам да ўступлення ў сілу Закона, будуць дзейнічаць да страты падстаў для іх прадастаўлення.

Змены найперш закранаюць сферу адукацыі. Цяпер адтэрміноўку ад прызыву па прычыне вучобы можна будзе атрымаць толькі адзін раз. Асабліва новаўвядзенні адчуюць сёлетнія магістранты і студэнты, якія пасля сканчэння каледжа паступілі ва ўніверсітэт. У выпадку прызыву яны могуць узяць у ВНУ адпачынак з захаваннем месца, прайсці службу і вярнуцца на вучобу. Да таго ж, магістранты маюць права падаць заяву з просьбай аб службе ў рэзерве. Для такой катэгорыі проста будзе распрацаваны індывідуальны план заняткаў, дзякуючы якому яны завершаць навучанне своечасова.

Адносна маладых вучоных, занятых у даследаваннях, то яны могуць атрымаць адтэрміноўку толькі па ўказе Прэзідэнта.

Юнакі, якія скончылі ў гэтым годзе сярэднія школы і гімназіі і паступілі вучыцца далей, змогуць скарыстацца сваім правам на адтэрміноўку для атрымання адукацыі.

Варта памятаць і пра тое, што новы Закон захоўвае ранейшыя адтэрміноўкі, напрыклад, калі маладыя людзі паступілі ў мінулыя гады.

Яшчэ адзін цікавы момант варта ведаць тым, хто абраў вучобу за мяжой. Яны павінны падаць у ваенкамат натарыяльна завераную даведку з універсітэта. Калі малады чалавек знаходзіцца на першай ступені адукацыі – бакалаўрыяце, то адтэрміноўка будзе дадзена, у выпадку з магістратурай і аспірантурай – не. Пад гэта правіла не трапляюць толькія тыя студэнты, якія вучацца за мяжой па дзяржзамове.

І, нарэшце, выпадак, калі студэнт па ўласнай ініцыятыве пакідае ўстанову адукацыі. Раней за ім захоўвалася права на адтэрміноўку, цяпер, згодна Закону, малады чалавек яго страчвае.

✏ – Наконт замежжа. Ці могуць выехаць у іншую краіну тыя, хто пасля атрымання павесткі не з’явіўся на прызыўныя мерапрыемствы?

– Ужо больш за 10 гадоў адказ на гэта пытанне адзін – выезд для такіх грамадзян часова абмежаваны.

Дадам, што прызыўнікам варта памятаць і пра наступны момант. У выпадку змены жыхарства, каб не быць прыраўнаванымі да ўхілістаў, яны абавязаны ў тыднёвы тэрмін паведамляць пра гэта ў ваенкамат. Таксама неабходна прадастаўляць звесткі пра змену сямейнага стану, адукацыі, месца працы ці вучобы.

Акрэслю і яшчэ адно пытанне. Зараз у Міністэрства абароны звяртаюцца нашы грамадзяне з розных краін. Іх цікавіць, ці будзе распаўсюджвацца абмежаванне на выезд на дзяцей з беларускімі пашпартамі, якія нарадзіліся за мяжой або выехалі туды разам з бацькамі. Ім не варта хвалявацца, ніякіх перашкод пры выездзе не будзе.

✏ – Ці змянілася працэдура абскарджвання рашэння прызыўной камісіі?

– Так, калі раней давалася трыццаць дзён, то цяпер – сем з моманту вынясення прызыўной камісіяй рашэння. Тэрмін скарацілі па аб’ектыўнай прычыне. Справа ў тым, што ў мінулыя гады часта судовае рашэнне па іску выносілася пазней, чым заканчвалася адпраўка ў войска.

✏ – А колькі, дарэчы, маладыя людзі зараз служаць?

– Пасля агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі – 1,5 гады, пасля вышэйшай адукацыі І і ІІ ступеняў – 1 год, калі была падчас вучобы пройдзена падрыхтоўка на ваенных кафедрах – паўгода.

✏ – Якая сітуацыя сёння з асеннім прызывам на Карэліччыне?

– У нашым раёне падлягае выкліку на прызыўныя каміссіі прыкладна 150 чалавек. Каля 80 прызыўнікоў будуць накіраваны на медыцынскія камісіі для вызначэння годнасці для праходжання тэрміновай воінскай службы і службы ў рэзерве. Астатнія, хутчэй за ўсё, атрымаюць адтэрміноўкі згодна з устаноўленымі ў заканадаўстве падставамі.

Дзесьці 15 чалавек сёлета былі залічаны ва ўстановы адукацыі да 10 жніўня, але неабходных даведак для адтэрміноўкі пакуль нам не прадаставілі. У далейшым, калі яны прынясуць да нас гэтыя дакументы, то атрымаюць адтэрміноўку. Але, яшчэ раз падкрэслю, у тым выпадку, калі маладых людзей залічылі да 10 жніўня.

✏ – Якія бонусы чакаюць тых, хто абірае службу?

– Пачнем з таго, што будзе, калі мужчына без законных падстаў не адслужыў да 27 гадоў. Яны не змогуць пайсці працаваць у сілавыя структуры і ў органы дзяржаўнага кіравання.

Наконт маладых людзей, якія пасля вучобы пойдуць у армію па кантракце, то яны вызваляюцца ад размеркавання без кампенсацыі дзяржаве сродкаў за адукацыю.

Таксама ёсць прапановы Міністэрства адукацыі даваць былым вайскоўцам інтэрнат у ВНУ у ільготным парадку і запусціць механізм ільготнага паступлення на першую ступень вышэйшай адукацыі, а на некаторыя спецыяльнасці ўвесці пазаконкурснае залічэнне. Праўда, пры ўмове атэстата аб сярэдняй адукацыі з высокім балам і рэкамендацыі ад кіраўніцтва воінскай часці.

Як бачыце, плюсы ёсць. Але не яны галоўныя. Службу ў армію абіраюць па іншых прычынах. Як адзначыў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, калі каментаваў Закон: “Мы заўжды гаварылі, і я гэта прайшоў спаўна і маю права сказаць: Радзіму, Айчыну павінны абараняць усе”.

Па ўсіх пытаннях звяртацца ў адасобленую групу (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў па адрасе: г.п. Карэлічы, пл. 17 Верасня, 7. Тэлефон: 8(01596)70310.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

←«Васiльковы вянок - 2019» собирает друзей!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика