Родныя, калегі, сябры Анатоля Шушко сабраліся на вечар памяці, каб успомніць паэта і яго творчасць

Источник материала:  
>

Родныя, калегі, сябры Анатоля Шушко сабраліся на вечар памяці, каб успомніць паэта і яго творчасць
«Мой ліпень, медазбор гадоў маіх» – менавіта так называўся вечар памяці, прысвечаны 65-годдзю з дня нараджэння паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоля Шушко, які адбыўся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц.

На жаль, аўтара ўжо няма побач з намі – ў лістападзе мінулага года Анатоль Іванавіч пайшоў з жыцця ў росквіце сілы, 19 ліпеня 2019-га яму споўнілася б 65 год. Менавіта ў гэты дзень у бібліятэцы сабраліся родныя, сябры, знаёмыя, калегі Анатоля Іванавіча, каб успомніць яго, каб пачытаць цудоўныя вершы паэта.


Родныя, калегі, сябры Анатоля Шушко сабраліся на вечар памяці, каб успомніць паэта і яго творчасць
Анатоль Іванавіч вельмі любіў сваю малую радзіму – вёску Сташаны, дзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, дзе ён скончыў дзесяцігодку. Менавіта там ён аднойчы адчуў тое святое пачуццё, калі думка і словы зліваюцца ў паэтычным вобразе. Родная вёска была тым месцам, дзе засталася часцінка яго душы, натхняла яго, давала сілы жыць і складаць вершы.

Першы паэтычны зборнік Анатоля Шушко «Выток і прычасце» выйшаў у 1994 годзе ў Мінску ў бібліятэцы часопіса «Маладосць». Другая кніга «Шаны» ўбачыла свет толькі праз 17 год пасля выдання першай кнігі. Менавіта ў ёй быў вызначаны галоўны арыенцір у творчасці паэта. Пра гэта вельмі пераканаўча сведчыць верш «Сто шан для Сташан». Трэцяя кніга «Сэрцу соладка, ясна, трывожна», на жаль, выйшла ўжо пасля смерці Анатоля Іванавіча. Ён падрыхтаваў яе, ведаючы, што наўрад ці ўжо ўбачыць выданне. У асноўным вершы прысвечаны каханай жонцы, роднай вёсцы Сташаны, Пінску, блізкім і дарагім сэрцу людзям.

Вядома, сыход чалавека з жыцця – падзея надзвычай сумная, але ў той дзень ніхто не плакаў, і не таму, што не шкада рана пакінуўшага гэты свет чалавека, наадварот, а таму, што Анатоль Іванавіч быў вельмі светлым і пазітыўным чалавекам, заўсёды з усмешкай на вуснах, з добрымі словамі прывітання пры сустрэчы са знаёмымі і сябрамі. Менавіта такім ён запомніўся ўсім, хто ведаў яго, з кім жыў і працаваў.

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Таццяна Дземідовіч адзначыла, што Анатоля Шушко можна назваць чалавекам з шырокай душой і вялікім сэрцам. З ім заўсёды было вельмі проста, ад яго сыходзіў пазітыў, менавіта ім прасякнута творчасць паэта. «Яго паэзія – гэта сапраўды лета жыцця», – падкрэсліла Т.А. Дземідовіч. Яна паведаміла, што нядаўна выйшла кніга «Літаратурная прастора Брэстчыны», дзе змешчаны і творы Анатоля Шушко. Зараз да друку гатуецца кніга «Берасцейская скарбніца», дзе таксама будуць змешчаны вершы Анатоля Іванавіча. «Таму ён заўсёды з намі, у нашых сэрцах. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб творчасць Анатоля Шушко, яго здабыткі дапамагалі пазнаваць свет, нашу родную Беларусь», – рэзюміравала Т.А. Дземідовіч. Таксама Таццяна Анатольеўна перадала жонцы Анатоля Шушко Любові Міхайлаўне артыкулы аб ім, якія выйшлі ўжо пасля яго смерці.


Родныя, калегі, сябры Анатоля Шушко сабраліся на вечар памяці, каб успомніць паэта і яго творчасць

Родныя, калегі, сябры Анатоля Шушко сабраліся на вечар памяці, каб успомніць паэта і яго творчасць

Родныя, калегі, сябры Анатоля Шушко сабраліся на вечар памяці, каб успомніць паэта і яго творчасць

Любоў Міхайлаўна ў сваю чаргу падзякавала супрацоўнікам цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Янішчыц начале з дырэктарам А.І. Анташук за арганізацыю мерапрыемства да юбілея Анатоля Шушко. Яна расказала, як з’явілася на свет трэцяя кніга Анатоля Іванавіча. За месяц-паўтара да сыходу з жыцця ён выказаў жаданне выдаць хоць невялічкую кнігу любоўнай лірыкі. Але жонка настаяла на паўнацэннай кніжцы, дарэчы, і назву з двух прапанаваных выбрала менавіта яна. Так з’явіўся зборнік «Сэрцу соладка, ясна, трывожна». І ўвогуле, Любоў Міхайлаўна была першым чытачом вершаў мужа, яго крытыкам, многа што падказвала як звычайны чытач. Дзякуючы такой іх сумеснай працы многія вершы Анатоль Іванавіч перарабляў, і адбываўся той твор, якім былі задаволены яны абое, а ў выніку – і ўсе прыхільнікі паэзіі Анатоля Шушко. Любоў Міхайлаўна расказала, што ўсе сябры называлі Анатоля Іванавіча «сонейкам», бо ён заўсёды ўсміхаўся, быццам свяціўся радасцю, быў на пазітыве, так ён і сыходзіў з жыцця – без суму, без тугі. «Анатоль Іванавіч – той чалавек, які варты памяці», – упэўнена Любоў Міхайлаўна.

Шмат добрых слоў прагучала ў адрас Анатоля Шушко і ад яго сябра, паэта, пісьменніка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі Валерыя Грышкаўца. Ён адзначыў, што сярод усіх знаёмых паэтаў і пісьменнікаў Анатоль Іванавіч быў яму самым блізкім. Упершыню яны пазнаёміліся ў вёсцы Ласіцк у 1978 годзе, але потым доўгі час іх жыццёвыя шляхі не перасякаліся, хоць і жылі абодва ў Пінску. Сапраўднае знаёмства, якое потым перарасло ў сяброўства, адбылося ў 1991 годзе ў рэдакцыі газеты «Палеская праўда», дзе працаваў Валерый Фёдаравіч. Анатоль Шушко прынёс верш, яго знакаміты ўжо «Сто шан для Сташан». Вельмі ўразіў гэты твор рускамоўнага паэта Грышкаўца і захапіў, а потым вызначальны ў творчасці Анатоля Іванавіча верш з’явіўся ў раёнцы. «Шушко – один из самых ярких и самобытных белорусских поэтов последнего времени и, как это ни обидно, один из самых недооцененных, – падкрэслівае Валерый Грышкавец. – Он не мог лезть напролом. Он, как настоящий большой талант, знал себе цену. Но не столь важно, сколько издано книг, самое главное – что написано. Много думаю об Анатолии Ивановиче, и кажется, будто он с тобой все время, идет с тобой по жизни до сих пор, потому что оставил в твоей жизни очень яркий след. Уверен, придет время, именем Шушко назовут улицу, школу или библиотеку, но самое главное – останутся его стихи, они будут включены в антологию, школьную хрестоматию. Пока мы живы, мы будем его помнить, а поэт жив до тех пор, пока живо написанное им».


Родныя, калегі, сябры Анатоля Шушко сабраліся на вечар памяці, каб успомніць паэта і яго творчасць

Родныя, калегі, сябры Анатоля Шушко сабраліся на вечар памяці, каб успомніць паэта і яго творчасць

Родныя, калегі, сябры Анатоля Шушко сабраліся на вечар памяці, каб успомніць паэта і яго творчасць
Пра сціпласць Анатоля Іванавіча таксама гаварыла і яго аднакурсніца па Белдзяржуніверсітэце, вядомы экскурсавод, аўтар кніг пра Палессе і Пінск Таццяна Хвагіна. Яшчэ калі ён вучыўся на філфаку, знаўцы беларускай паэзіі адзначалі, што ў маладога паэта са Сташан «цудоўныя вершы, але ў яго «не хапае лакцей», таму невядома, ці ён праб’ецца, бо за гэта ён не будзе біцца». Сустрэліся Таццяна Аркадзьеўна з Анатолем Іванавічам ужо ў Пінску праз многа год, а адчуванне было, як успамінае Т.А. Хвагіна, нібыта сябравалі ўсё жыццё. «З ім было лёгка, тым больш што нас аб’ядноўвала многа агульных сяброў. Сустракаючыся, заўсёды разважалі пра паэзію, літаратуру. Ён настолькі тонка адчуваў мелодыку беларускай мовы, мабыць, як ніхто іншы. Заўсёды падбіраў «слоўцы», так ён казаў. І гэта была вялікая праца са словам, бо, ён быў упэўнены, менавіта так яно застанецца, данясе думку да чытача». Нядаўна з друку выйшла восьмая кніга Таццяны Хвагінай «Пинск. Полесская легенда», і там на здымку мы пабачым Анатоля Іванавіча. «Ён застанецца ў кніжцы, застанецца ў маёй памяці», – гаворыць Таццяна Аркадзьеўна.

Падчас вечара памяці выступілі таксама намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Любоў Красеўская, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар уступнай часткі апошняга зборніка Анатоля Шушко Марыя Ляшук, мастак, скульптар і паэт Сяргей Жылевіч, члены клуба літаратараў «Пінчукі» Алена Ігнацюк, Людміла Шклёда, Тамара Кейта-Станкевіч, Анатоль Козіч, Віктар Мяцельскі, які выканаў некалькі песень на вершы Анатоля Шушко.

Тужліва, што ўжо не папоўніцца паэтычная скарбонка Анатоля Іванавіча новымі творамі-знаходкамі, але і пакінутае самабытным аўтарам у спадчыну па-ранейшаму хвалюе і захапляе, і будзе захапляць і далей.

Іна УРБАНОВІЧ.
Фота аўтара.

Понравилась статья? Поделитесь с друзьями!

Comments are closed.

Яндекс.Метрика