Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Карэліцкага раёна і выкананне бюджэту за шэсць месяцаў 2019 года абмеркавалі на пасяджэнні райвыканкама.
— Па выніках работы за 6 месяцаў 2019 года тэмп росту экспарту тавараў склаў 70,4% пры прагнозе 103,4%, экспарту паслуг — 83% пры прагнозе 102,8%, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Лазарэвіч. — Аднак па выніках работы за год плануецца давесці гэтыя паказчыкі да 100%.
Так, на экспарт пастаўлена тавараў на суму 1563,4 тысячы долараў ЗША. Амаль 95% тавараў пастаўлялася на рынкі краін СНД. Больш за ўсё тавараў экспартавана ў Казахстан — на 1222,4 тыс. долараў, у Расію — на 241,3 тыс. долараў.
За першае паўгоддзе ў раён прыцягнута амаль 17 тысяч долараў прамых замежных інвестыцый. Як адзначыў Ігар Лазарэвіч, асноўная маса паступлення замежных інвестыцый плануецца ў другім паўгоддзі бягучага года. Пачнуцца работы па бетаніраванні аснавання для ветраўстаноўкі ў раёне аграгарадка Лукі.
Выкананы паказчык па колькасці працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы: працаўладкавана 16 чалавек пры прагнозе 15.
Падрабязна прааналізаваў Ігар Лазарэвіч становішча спраў у сельскай гаспадарцы раёна. Так, вытворчасць малака ў 2019 годзе склала 40162,4 тоны, або 103% да ўзроўню 2018 года. Сярэдні надой на карову склаў 3059 кг малака, плюс 69 кг да ўзроўню 2018 года. Гэта чацвёрты паказчык на Гродзеншчыне.
Вырашчана буйной рагатай жывёлы ў жывой вазе 3427,7 тоны, або 101,9% да ўзроўню 2018 года. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ склалі 740 грам. Па выніках працы за 2019 год гэты паказчык з’яўляецца другім вынікам у Гродзенскай вобласці.
У тройцы мацнейшых раёнаў вобласці Карэліччына знаходзіцца па такім паказчыку, як вытворчасць свініны. У 2019 годзе выраблена 4044,8 тон свініны, або 112,7% да ўзроўню 2018 года. Сярэднясутачныя прывагі склалі 701 грам.
Па выніках работы за пяць месяцаў 2019 года ў сельскай гаспадарцы атрымана 44341 тысяча рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі ці 109,1% да ўзроўню 2018 года. Прыбытак склаў 3895 тысяч руб.
За 6 месяцаў бягучага года асвоена рамонтна-будаўнічых работ на суму 3468 тыс. руб, што склала 114,2% да адпаведнага перыяду 2018 года. У чацвёртым квартале бягучага года пачнецца будаўніцтва 20-кватэрнага дома па вуліцы 8 Сакавіка ў райцэнтры. Вядзецца рамонт у сярэдняй школе №2 г.п. Карэлічы. Плануецца газіфікацыя 40 дамоў у вёсцы Міратычы.
На пасяджэнні райвыканкама заслуханы вынікі выканання бюджэту раёна за 2019 год, з якімі азнаёміў удзельнікаў пасяджэння начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Іван Дарашэнка.
— У кансалідаваны бюджэт Карэліцкага раёна паступіла 7377,5 тысяч рублёў уласных даходаў, што складае 48,5% да гадавога плану. У адносінах да 2018 года паступленні павялічыліся на 612 тыс. рублёў, або 109%. Найбольшую ўдзельную вагу ў даходах бюджэту раёна займаюць паступленні ад ТАА «Вікас», Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, СВК «Лукі-Агра», ААТ «Карэлічы-Лён». Бюджэт раёна выкананы з прафіцытам у памеры 66,3 тысячы рублёў.
Іна ЛЕЙКА