Кажуць, усе дарогі вядуць у Рым. А ў аграгарадку Аюцавічы яны рана ці позна абавязкова накіруюць вас у магазін “Родны кут” Карэліцкага філіяла Гроднааблспажыўтаварыства, дзе ўжо багата год прыязнымі ўсмешкамі, добразычлівымі адносінамі і шырокім асартыментам тавараў сустракаюць пакупнікоў прадаўцы Наталля Бунчук і Таіса Бухавец.
Камандзіроўка ў Аюцавічы выйшла асаблівая, бо гераіняў матэрыяла я ведаю з дзяцінства. Менавіта ў гэты магазін я так часта бегала падчас канікулаў у хросных за марозівам ды іншымі прысмакамі. З той пары тут змянілася шмат, прагрэс не стаіць на месцы. Зараз у “Родным куце” усё зроблена па сучасных стандартах, вытрымана ў прыемным воку стылі, ды і асартымент тавараў не ўступае гарадскім магазінам. Але асабіста мяне парадаваў той факт, што вось ужо якое дзесяцігоддзе гаспадыні тут не змяняюцца. Бо файны рэбрэндынг – вельмі добра, ды толькі галоўнае – прафесійныя кадры.
Наталля Бунчук прыехала ў Аюцавічы ў 1982 годзе пасля Гродзенскага кааператыўнага вучылішча (зараз – гандлёвы каледж Белкаапсаюза). З таго часу карэліцкая зямля стала для ўраджэнкі навагрудскага мястэчка Уселюб другой малой радзімай. Тут яна спаткала асабістае шчасце, выхавала траіх дзяцей, зараз мае аж васьмёра ўнукаў. Шчаслівая Наталля Бунчук і ў прафесіі. Расказвае, як яшчэ ў дзяцінстве гуляла ў магазін, а пасля школы разам з сяброўкай вырашыла пайсці вучыцца на прадаўца. З усмешкай успамінае першыя гады працы і адразу раіць маладым спецыялістам быць самастойнымі, уважлівымі, працаваць без недастачаў і для людзей. Заходзіць гаворка і пра нядаўнюю мадэрнізацыю магазіна. Вопытны прадавец ухваляе змены. Справа ў тым, што ў Аюцавічах зараз ёсць некалькі крамаў, а тым ліку і прыватных. Але “Родны кут” ужо шмат год трымае свае лідарскія пазіцыі і радуе пакупнікоў акцыямі. Ды і прадаўцы выдатна ведаюць густы землякоў і заўжды параяць патрэбны тавар. Адным словам, свае людзі.
Крыху пазней, у 1985 годзе, у Аюцавічах таксама па размеркаванні пасля Гродзенскага кааператыўнага вучылішча апынулася ўраджэнка карэліцкай вёскі Некрашэвічы Таіса Бухавец. Успамінае, як яшчэ ў восьмым класе планавала паступаць на прадаўца ў Навагрудак, але вырашыла падумаць над выбарам прафесіі да дзясятага. І, у рэшце рэшт, усё роўна аддала перавагу сферы гандлю. У Аюцавічах маладога спецыяліста прынялі з душой, таму тут яна і засталася. Патрэбная людзям праца, сям’я, муж, сын, любы гародчык з кветкамі для душы – сёння Таісія Бухавец мае на вёсцы ўсё неабходнае для спакойнага жыцця. А самым галоўным у прафесіі прадаўца лічыць цярпенне і пазітыўны настрой, бо кожнаму пакупніку варта ўсміхнуцца, прыслухацца да яго патрэб, сказаць “дзякуй” за пакупкі і пажадаць добрага дня. З такім індывідуальным падыходам, упэўнена гераіня, і ў век драўляных лічыльнікаў, і ў сучасную эпоху касавых апаратаў паказчыкі разам з тавараабаротам заўжды будуць расці, а магазін – трымаць марку і быць для аднавяскоўцаў сапраўдным “Родным кутом”.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара