Больш за тры дзясяткі жыхароў Віцебшчыны звярнуліся на “прамую лінію” да Мікалая Шарснёва

Источник материала:  
Трэба будаваць сістэму работы ЖКГ
Больш за тры дзясяткі жыхароў Віцебшчыны звярнуліся ў мінулую суботу на “прамую лінію” да кіраўніка вобласці Мікалая Шарснёва. Амаль палова ўсіх званкоў была з Віцебска, яшчэ дзясятак – з Оршы і Аршанскага раёнаў, тэлефанавалі таксама з Сянно і Талачына, Пастаў і Чашнік, нават з Мінска.
Больш за тры дзясяткі жыхароў Віцебшчыны звярнуліся  на “прамую лінію” да  Мікалая Шарснёва
Трэць усіх зваротаў тычылася тых ці іншых праблем жыллёва-камунальнай гаспадаркі: капітальны і бягучы рамонт жылых дамоў, знос аварыйных дрэў і стан двароў, уборка дваравых тэрыторый і пад’ездаў жылых дамоў. Жыхары абласнога цэнтра і некаторых раёнаў скардзіліся на стан дарог і вуліц, а таксама на скарачэнне ці ліквідацыю аўтобусных маршрутаў.  Былі скаргі на нявыплату зарплаты ў камерцыйнай арганізацыі і затрымку разлікаў  за здадзенае малако.
Некалькі пытанняў тычыліся медыцынскага абслугоўвання. Так, жыхар Віцебска паскардзіўся на немагчымасць прайсці абследаванне на магнітна-рэзанансным тамографе. Начальнік абласнога ўпраўлення аховы здароўя Юрый Дзеркач патлумачыў, што ў вобласці працуе дзве МРТ-устаноўкі, у наступным годзе запланавана набыццё яшчэ аднаго МРТ-апарата, але гэтае абследаванне праводзіцца строга па медыцынскіх паказаннях. Для жадаючых абследавацца самастойна ёсць  камп’ютарная тамаграфія, іншыя метады. Мікалай Шарснёў даручыў высветліць сітуацыю ў канкрэтным выпадку і, калі неабходна, дапамагчы з абследаваннем і лячэннем.
Жыхары мікрараёна Білева ў Віцебску незадаволены тым, што прыходзіцца далёка вазіць дзяцей у дзіцячы сад. Старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін пацвердзіў наяўнасць праблемы – больш за 650 дзяцей у Білеве стаяць у чарзе на дзіцячы сад. Праблема будзе вырашана, калі пабудуюць новы вялікі дзіцячы комплекс. Праектаванне будучай дашкольнай установы ўжо вядзецца.
З г. п. Коханава Талачынскага раёна запыталі, калі ў пасёлку бу-дзе магчымасць глядзець абласныя тэлеканалы, а з Барані, што на Аршаншчыне, паскардзіліся на тое, што ў кіёску знікла газета “СБ. Беларусь сёння”.
Па ўсіх зваротах дадзены даручэнні адпаведным структурам, яны ўзяты на кантроль. Дарэчы, з 22 пытанняў, зададзеных на папярэдняй “прамой лініі”, вырашаны 20. Два пытанні знаходзяцца на кантролі. За 6 месяцаў бягучага года на “прамыя лініі” аблвыканкама паступіла 395 зваротаў грамадзян.
Падсумоўваючы вынікі “прамой лініі”, Мікалай Шарснёў адзначыў, што практычна ўсе пытанні нязначныя і маглі быць вырашаны на мясцовым узроўні. А тое, што большасць іх – пытанні і праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сведчыць пра адно: трэба будаваць сістэму работы галіны на ўсіх узроўнях.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2019 г.
←Руководители госорганов проведут в июле приемы граждан в регионах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика