Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці адбыліся 3 ліпеня ў Пінску

Источник материала:  
>

Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці адбыліся 3 ліпеня ў Пінску
Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці адбыліся 3 ліпеня і ў сталіцы Палесся. Традыцыйна яны пачаліся з мітынгу каля Мемарыяльнага комплекса вызваліцелям Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у парку культуры і адпачынку. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады горада і раёна, грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый, ветэраны, моладзь.

У гісторыі нашай Бацькаўшчыны 3 ліпеня з’яўляецца знамянальнай і свяшчэннай датай – мы адзначаем вызваленне рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падчас мітынгу вядучыя і выступоўцы адзначалі, што толькі разам мы захаваем у нашым грамадстве такія агульначалавечыя каштоўнасці, як мір і спакой, сумленная праца на карысць сям’і і Айчыны.

Старшыня Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта Іван Рэбкавец, звяртаючыся да прысутных, адзначыў:

– Беларусь урачыста адзначае Дзень Незалежнасці, галоўнае дзяржаўнае свята, у якім зліліся ў адзінае вялікія і святыя падзеі – вызваленне, перамога і незалежнасць. Яно сімвалізуе пераемнасць пакаленняў і ў чарговы раз нагадвае аб тым, што лёс краіны, яе сучаснае і будучыня залежаць перш за ўсё ад нашай вернасці ідэалам свабоды і незалежнасці, імкнення захаваць мір, спакой  і дабрабыт на роднай зямлі. 75 год беларускі народ жыве і працуе пад мірным небам. Паважаныя ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны! Вы заслужылі глыбокую павагу і пашану. Выказваем вам шчырыя словы падзякі за ваш бессмяротны подзвіг, які і зараз натхняе маладое пакаленне на эфектыўную стваральную працу, накіраваную на пабудову мірнай і незалежнай Беларусі!

Памяць загінулых вызваліцеляў ушанавалі хвілінай маўчання. Да Вечнага агню ў знак удзячнасці былі ўскла-дзены вянкі і кветкі. Прадаўжэннем святочнай праграмы ў гэты дзень сталі канцэрты творчых калектываў горада «Перамога ў сэрцы кожнага жыве», «Квітней і спявай, мой беларускі край», «Усе мы дзеці твае, Беларусь!», «Пад мірным небам Беларусі», а таксама патрыятычная акцыя «Спяваем гімн разам».

Адной з самых цікавых і яскравых падзей стаў арт-парад «Вышыванка», які  прайшоў у нашым горадзе ў другі раз. Мерапрыемства накіравана на папулярызацыю нацыянальных традыцый, пашырэнне духоўнай спадчыны беларусаў, захаванне злучнай ніткі пакаленняў. Прыняць удзел у арт-парадзе маглі ўсе жадаючыя. Для гэтага трэба было апрануць адзенне ці выкарыстаць аксесуары з нацыянальным беларускім каларытам – кашулі і сукенкі-вышыванкі, у тым ліку «з бабулінага куфра», цішоткі, матузы з нацыянальным арнаментам, паясы і іншае. Трэба адзначыць, што многія вельмі грунтоўна і крэатыўна падыйшлі да акцыі.

Так, напрыклад, Юлія Дымар, якая ўдзельнічала ў парадзе і ў мінулым годзе, у гэты раз прыйшла з маленькім сыночкам Міхаілам і мамай Аленай Сцяпанаўнай Лушчыцкай: «Гэта значнае і цікавае мерапрыемства, нам нельга забываць нашу мову, нашы традыцыі. Я апранула вышывынку, якую сваімі рукамі вышыла мая бабуля. Гэта гонар для мяне»,  – адзначыла Юлія.

Ганна Лукша ўпершыню прыйшла на арт-парад, і яе адзенне таксама аўтэнтычнае – з куфра прабабулі, што жыла ў Лемяшэвічах. А вось Святлана Германаўна Вайтовіч спецыяльна рыхтавалася да параду і вышыла сабе крыжыкам прыгожую сукенку, а таксама падрыхтавала ўбор для маленькай унучкі Вікторыі. Рамеснік Аляксей Наздрын удзельнічаў у парадзе з сынам Багданам. Ды і многія пінчукі прыйшлі на свята сем’ямі, з маленькімі дзеткамі. Выдзяляліся ў калоне прадстаўнікі Пінскага мясакамбіната – яны былі апрануты ў спартыўную форму з арнаментам. Падтрымалі акцыю маладзёжныя арганізацыі – БРСМ і гарадскі дзіцячы парламент. Вельмі прыемна, што неабыякавых да сваіх традыцый людзей у нашым горадзе шмат.

Удзельнікі арт-парада шэсцем прайшлі па вуліцах Леніна і Дняпроўскай флатыліі да гарадскога парку культуры і адпачынку. На святочнай сцэне былі адзначаны найбольш цікавыя вобразы ў намінацыях «этнаграфічны касцюм», «сучасны бытавы касцюм», «сучасны сцэнічны касцюм», «аўтарскі нацыянальны касцюм». Пераможцы атрымалі падарункі ад аргані-затараў, ад гарадской арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», гарадской арганізацыі ГА «Белая Русь», гарадскога камітэта ГА «БРСМ».

Узнагародзілі і ўдзельнікаў конкурса БРСМ «Сэлфі і фота з вышыванкай». Ганна Вярэніч стала пераможцам рэспубліканскага этапа конкурсу. Падарункі атрымалі ўдзельнікі гарадскога этапа конкурсу Аляксандра і Яўген Войтка (Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя Кляшчова), Уладзіслава Ганчар (Палескі дзяржаўны ўніверсітэт) і іншыя.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Понравилась статья? Поделитесь с друзьями!

Comments are closed.

Яндекс.Метрика