Раённае свята, прысвечанае Дню Незалежнасці Беларусі, адбылося ў гарадскім пасёлку Лагішын
3 ліпеня жыхары Беларусі адзначылі галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх куточках нашай Радзімы.
Раённае свята, прысвечанае Дню Незалежнасці і 75-годдзю вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбылося ў гарадскім пасёлку Лагішын. Сюды з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх сельсаветаў Піншчыны, прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных у раёне, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны вайны і працы, ганаровыя грамадзяне Пінскага раёна, перадавікі вытворчасці, лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў Піншчыны і, канешне, кі-раўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Ігарам Брылевічам. Таксама на свяце прысутнічалі Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Ігар Канякін, калегі і сябры з Пінска на чале са старшынёй Пінскага гарвыканкама Іванам Рэбкаўцом, дэлегацыі з польскіх Сандаміра і Беластока пад кіраўніцтвам Марціна Лукаша Піўніка, Гжегажа Якуча, а таксама Астрожскага раёна Украіны на чале з Людмілай Казак.
Шматлікая святочная калона, у складзе якой і ўдзельнікі акцыі «Беларусь памятае», пад гукі ўзорнага духавога аркестра Парахонскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Пятра Саламянюка рушыла да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, дзе адбыўся мітынг, а да помніка ляглі вянкі ад кіраўніцтва раёна, мясцовай улады, ААТ «Лагішын» і іншых. Далей калона накіравалася да стадыёна, дзе ладзіліся ўсе святочныя мерапрыемствы. Паступова да маштабнага шэсця далучаліся мясцовыя жыхары – і старыя, і малыя, і цэлыя сем’і з дзецьмі. Трэба адзначыць, што сёлета, як, мабыць, ніколі, свята было надзвычай шматлікім. Паспрыяла гэтаму і сонечнае, але не спякотнае надвор’е, і, канешне, жаданне людзей далучыцца да святкавання галоўнага свята нашай краіны.
Свята пачалося з тэатралізаванага канцэрта «Славім цябе, Беларусь незалежная!», які адкрыўся марш-парадам мажарэтак у суправаджэнні духавога аркестра. Урачысты момант – унос на галоўную сцэну раёна дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і сцяга Пінскага раёна, а затым – акцыя «Спяваем гімн разам!». Да выканаўцаў на сцэне далучыліся амаль усе, хто прысутнічаў на свяце.
З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь землякоў павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Брылевіч, вітаючы ўсіх, хто сабраўся тут у гэты дзень.
– Кожная суверэнная дзяржава ў сваёй гісторыі мае падзею, дату, якая вызначыла яе далейшае развіццё, гісторыю, сэнс існавання. Для беларусаў такой кропкай адліку стала 3 ліпеня 1944 года, – падкрэсліў ён. – Роўна 75 год назад Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Глыбока сімвалічна і бясспрэчна, што менавіта гэты дзень стаў Днём Незалежнасці суверэннай беларускай дзяржавы. Адзначаючы галоўнае дзяржаўнае свята, мы аддаём даніну глыбокай павагі пакаленню пераможцаў. У гэты святочны дзень на ўсе брацкія магілы і абеліскі Піншчыны пакладзены жалобныя вянкі, перад подзвігам продкаў схілілі галовы ўдзячныя патомкі. Мы жывём у свабоднай, мірнай і суверэннай дзяржаве. Гэта стала магчымым дзякуючы кіраўніцтву краіны, стабільнаму палітычнаму курсу нашай Радзімы.
Таксама Ігар Брылевіч адзначыў, што рашэннем Пінскага раённага Савета дэпутатаў за асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Піншчыны былому старшыні Пінскага райвыканкама, а зараз першаму намесніку старшыні аблвыканкама В.В. Рэбкаўцу прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Пінскага раёна. Прынятае рашэнне ўдзельнікі свята падтрымалі апладысментамі. Па традыцыі, урачыстае ўзнагароджанне праводзіцца ў Дзень Незалежнасці. Але, на вялікі жаль, Валерый Васільевіч не змог прысутнічаць на раённым свяце, таму ганаровая ўзнагарода будзе ўручана яму пазней у святочных абставінах.
Са словамі віншаванняў са святочнай сцэны выступілі таксама ганаровыя госці Піншчыны – генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Ігар Канякін, прадстаўнік праўлення Саюза сельскіх гмін Падляскага ваяводства Гжегаж Якуч, стараста Сандамірскага павета Марцін Лукаш Півнік, кіраўнік апарата Астрожскай раённай рады Людміла Казак. Усе яны ўручылі кіраўніку раёна падарункі з нагоды свята.
Афіцыйная частка прадоўжылася цудоўным канцэртам, падрыхтаваным удзель-нікамі калектываў мастацкай самадзейнасці раёна. Дарэчы, сёлета ўсе нумары ладзіліся на новай сцэне, на набыццё якой былі выдаткаваны сродкі з раённага бюджэту. Цяпер артыстам не страшныя амаль ніякія прыродныя з’явы.
Кожны, хто прыйшоў на свята, змог знайсці сабе занятак па душы. Акрамя канцэрту, тут працавалі шматлікія гандлёвыя аб’екты, дзейнічалі выставы народных рамёстваў, праводзіліся майстар-класы па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – роспіс па шклу, ганчарства. Для дзяцей ладзіліся спартыўна-гульнёвыя і тэатралізаваныя праграмы. Напрыклад, дзеці з задавальненнем гулялі ў беларускія забаўлялкі і атрымлівалі за перамогу салодкія прызы. Прадстаўнікі Дзіцячага раённага парламента прапанавалі ўсім жадаючым паўдзельнічаць у конкурсе «Сэлфі-гісторыя».
Таксама працавалі тэматычныя фотазоны. Напрыклад, на пляцоўцы раённага Дома рамёстваў можна было пераапрануцца ў беларускі нацыянальны касцюм і зрабіць фота на памяць у такім вобразе. Дарэчы, члены польскіх дэлегацый скарысталіся такой магчымасцю – атрымаліся вельмі прыгожыя фотаздымкі, а яшчэ многа станоўчых эмоцый.
Карысталася папулярнасцю ў дзяцей і дарослых пляцоўка, на якой размясціліся выстава зброі і электронны цір Пінскага пагранічнага атрада. Таксама з захапленнем разглядалі малыя «жалезный коней» удзельнікаў байк-клуба «OverHead» і фатаграфаваліся ў спецыяльнай амуніцыі.
Шмат чаго яшчэ цікавага было прапанавана гасцям – можна было патанчыць падчас канцэрта народных калектываў Пінскага раёна «Спявай, душа палеская!», схадзіць у бібліятэку пад адкрытым небам, а таксама смачна паесці, сустрэцца з сябрамі, абмяняцца з іншымі сваім добрым настроем.
Свята ў Лагішыне скончылася далёка пасля апоўначы. Толькі прыемныя ўражанні і вясёлыя ўсмешкі на тварах можна было назіраць падчас святкавання такой значнай даты ў гісторыі нашай краіны.
Іна УРБАНОВІЧ.
Фота аўтара.