Анатолий Кубреков подарил музею картину-коллаж
02.07.2019
—
Новости Общества
Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі РАУС Юрый Арлоў трымае цесную сувязь з першым намеснікам старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў унутраных спраў і ўнутраных войск, членам Віцебскага гарадскога савета ветэранаў Анатолем Кубраковым.
У час Вялікай Айчыннай вайны сям’я Кубракова з Віцебска была эвакуіравана ў Каўлякоўскі сельсавет. Выжылі, дзякуючы добрым людзям. Анатоль Кубракоў помніць, як разам з маці і старэйшым братам жыў у Полцеве ў сям’і Захаранкаў, а потым у Слабадзе ў сям’і Ядройцавых.
У гонар 75-годдзя вызвалення Шуміліншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў А. М. Кубракоў вырашыў зрабіць праект пад назвай “Віцебска-Аршанская аперацыя “Баграціён”. Праект у выглядзе карціны-калажу з некалькіх эпізодаў, якія Анатоль Мікалаевіч намаляваў сам. У праекце – і дзіцячыя ўспаміны пра вайну (рэчка з пераправай, камандуючыя 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў І. Х. Баргармян і І. М. Чарняхоўскі), і сённяшні дзень (помнікі вызваліцелям у Бокішаве і Будзілаве). Калі Анатоль Мікалаевіч звярнуўся да ветэранаў РАУС з просьбай дапамагчы зрабіць рамку да праекта, за справу ўзяўся сакратар савета ветэранаў Віктар Казлоўскі.
На жаль, А. Кубракоў па хваробе сам не змог прыехаць у Шуміліна, каб уручыць свой падарунак гісторыка-краязнаўчаму музею, таму яго, а таксама шэраг замалёвак па ўспамінах пра Перамогу перадаў праз Ю. А. Арлова.
Зараз праект “Віцебска-Аршанская аперацыя “Баграціён” знаходзіцца ў шумілінскім музеі, з ім можа азнаёміцца кожны. Анатоль Мікалаевіч абяцаў наведаць гісторыка-краязнаўчы музей і падзяліцца сваімі дзіцячымі ўспамінамі пра вайну і пра тых людзей, якія ратавалі яго сям’ю.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №51 ад 02.07. 2019 г.