Нягледзячы на тое, што сёння самую маштабную спартыўную падзею года чакае цырымонія закрыцця, жыхары Карэліцкага раёна не перастаюць дзяліцца сваімі ўражаннямі ад гэтага неверагоднага свята. Тысячы балельшчыкаў, дзясяткі інтэрактыўных гульняў і безліч шчаслівых ўсмешак – вось што такое Еўрагульні ў Мінску. А чым жа яны запомняцца нашым землякам?..
Мікалай ЛЕЙКА,
майстар па вадзе і каналізацыі Карэліцкага РУП “ЖКГ”:
– Мы з калегамі трапілі дваццаць пятага чэрвеня на спаборніцтвы па дынамічнай лёгкай атлетыцы, якія адбываліся на галоўнай пляцоўцы свята – абноўленым стадыёне “Дынама”. Сярод шасці каманд мы хварэлі за мацнейшых і атрымалі вельмі моцныя ўражанні. Трэба сказаць, што спартыўная тэматыка мне блізкая: раней, калі працаваў Гродне, я прымаў удзел у спаборніцтвах па футболе… Увогуле, свята атрымалася: было відаць, што рыхтаваліся доўга і якасна. Калі б была магчымасць, то з задавальненнем яшчэ б паглядзеў на пляжны футбол і баскетбол.
Алена ХІЛІМОН,
лабарант хімічнага аналізу Карэліцкага РУП “ЖКГ”:
– Вельмі хочацца адзначыць узровень падрыхтоўкі валанцёраў, якія ветліва і абыходліва растлумачвалі, што і дзе знаходзіцца. Без іх дапамогі, вядома, было б значна цяжэй. Не расчаравалі і балельшчыкі, якія гучна і шчыра падтрымлівалі спартсменаў. Дарэчы, падчас спаборніцтваў я амаль не выпускала з рук тэлефон: хацелася зрабіць як мага больш фотаздымкаў, каб потым было, што ўспомніць. Па дарозе дамоў мы сышліся ў меркаванні, што з вялікай ахвотай з’ездзілі б на Еўрапейскія гульні яшчэ раз: усё ж такі гэта свята, якое ўражвае сваім маштабам.
Уладзімір РАДЗІВІНОВІЧ,
аператар ачышчальных збудаванняў Карэліцкага РУП “ЖКГ”:
– Нам пашанцавала: у нас былі добрыя месцы, таму назіраць за тым, што адбывалася на манежы, было вельмі зручна. Па ўсёй тэрыторыі стадыёна адчувалася проста неверагодная падтрымка балельшчыкаў. Памятаю, як нейкі спартсмен не адолеў чарговую перашкоду і ўпаў, і ўся зала пачала яго падтрымліваць… Ды і мы склаўшы рукі не сядзелі: крычалі, апладзіравалі – рабілі ўсё, каб маральна дапамагчы героям на манежы. Прыемна парадавала і колькасць сувенірнай прадукцыі: там і кубкі, і падушкі, і кепкі – на любы густ! Я таксама не прайшоў міма і набыў сёе-тое сабе і родным.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота ўдзельнікаў апытання