Чайлдфры. Гэта, наогул, нармальна?
17.06.2019
—
Новости Общества
Чайлдфры.
Гэта, наогул, нармальна?
Калі яшчэ зусім нядаўна сям’я без дзяцей лічылася ледзьве непаўнацэннай, то ў апошні час усё гучней пачынаюць заяўляць пра сябе людзі, якія свядома не хочуць абцяжарваць сваё жыццё прадаўжэннем роду. Яны завуць сябе чайлдфры і перакананы, што дзеці – калі і не абсалютнае зло, то, ва ўсялякім разе, нешта непрыемнае, ну і ўжо дакладна не абавязковае. Гаворка зараз не пра тых, хто не можа стаць бацькамі па аб’ектыўных прычынах, а пра свядомае нежаданне заводзіць дзяцей. На Захадзе рух чайлдфры ўжо прымае небяспечныя для дэмаграфіі маштабы. Што гэта – сацыяльны парадокс ці ўсё ж – норма?
Нараджаць – балюча, а дзеці крычаць. А яшчэ хварэюць, размалёўваюць шпалеры і татаў пашпарт. Іх трэба карміць, лячыць і выхоўваць. Заўсёды. Без выхадных і святаў… І, ведаеце, няма нічога больш цудоўнага ў свеце, чым вось гэта вось усё.
У дзяцінстве, яшчэ вельмі прыблізна ўсведамляючы сваю прыналежнасць да жаночага полу, мы ўжо рэпеціравалі самую галоўную ў жыцці ролю. Помню, як у самай папулярнай дзіцячай гульні ўсім нам, дзяўчынкам, абавязкова хацелася быць мамамі, а не дочкамі. Прызначаныя на ролі дзяцей, былі старанна “апранутыя” і “накормленыя”, а “мамы” пры гэтым – шчаслівыя. І нікому неяк не прыходзіла ў галаву гуляць у дарослага без дзяцей. Думаю, мы нават не падазравалі, што такое бывае.
Дзеці беспамылкова транслююць мадэль паводзін бацькоў, скажаце вы. Можна нават адзначыць, што і выбару ў іх ніякага няма. Так. Толькі што ў гэтым дрэннага?.. Наўрад жа нехта там наверсе памыліўся, менавіта такім чынам арганізаваўшы наш свет. Значыць, менавіта такі ён гарманічны.
Не ведаю, я ніколі вось так канкрэтна не марыла пра дзіця. Я проста ведала, што рана ці позна яно з’явіцца. І прызнаюся, што большага шчасця са мной у жыцці не здаралася. Гэта шчасце расце, павялічваецца ў кілаграмах і сантыметрах. Напаўняе існаванне тым самым асаблівым сэнсам, без якога асабіста мне цяжка ўявіць сваё жыццё. Нараджаючы, мы неяк не задумваемся пра дэмаграфічныя праблемы краіны, пра суадносіны людзей пенсійнага і працаздольнага ўзросту, патрэбнае для нармальнага функцыянавання эканомікі. Чаго ўжо там, нават пра славутую шклянку вады і прадаўжэнне роду мы не ўспамінаем. Не ведаю, напэўна, усё ж з’яўленне новага жыцця – гэта цуд. Вось спытайце вы, да прыкладу, навошта мне сын, я ж нічога выразнага, а тым больш разважлівага і рацыянальнага адказаць не змагу. Патрэбен, і ўсё тут. Каб быць шчаслівай, смяяцца, дыхаць. Занадта эгаістычна, так? Але ж і ўзамен я гатова аддаць усю сябе. Мне не шкада.
Сярод маіх знаёмых няма чайлдфры. Некаторыя чакаюць штампа ў пашпарце як афіцыйнага дазволу да нараджэння. Іншыя маюць пэўныя праблемы са здароўем, якія перашкаджаюць бацькоўству. Але чайлдфры няма. Нават сярод мужчын. Напэўна. Але гэта не дакладна. З прадстаўнікамі моцнай паловы чалавецтва сапраўды ўсё не так зразумела, як з намі. Але ж не сакрэт, што жанчына, якую вядзе мацярынскі інстынкт, можа ўзяць і нарадзіць самастойна. Не тое каб зусім без удзелу мужчыны, хоць, здаецца, і гэта ўжо магчыма. А вось мужчынам без нас у гэтай справе ўжо ніяк не абысціся. Ну, калі ты, вядома, не Філіп Кіркораў.
Вывучаючы тэму ў інтэрнэце, даведалася, што апроч чайлдфры – людзей, якія проста не хочуць дзяцей, ёсць яшчэ і чайлдхейт – тыя, хто дзяцей ненавідзіць. І матуль таксама. Застаецца толькі меркаваць, што ж такое страшнае перажылі гэтыя людзі ў дзяцінстве, каб вось так азлобіцца. Я, наіўная, заўсёды думала, што дзіцё, нават калі плача ў грамадскім месцы, нязменна выклікае замілаванне (за гэтую пазіцыю, дарэчы, там асабліва дастаецца). І нават не магла ўявіць, што безабароннасць, нязграбнасць малых у некага можа выклікаць непадробную лютасць!
Хоць, калі шчыра, мне здаецца, людзей, якія сапраўды і катэгарычна не хочуць дзяцей, не так ужо і шмат. Ва ўсякім разе, у нашай краіне, дзе яшчэ досыць моцныя традыцыйныя асновы. Калі адкінуць анамаліі, клінічныя выпадкі, уплыў моды і юнацкі нігілізм, акажацца, што да пэўнага ўзросту пра дзяцей задумваюцца практычна ўсе. Толькі некаторым ужо даводзіцца шкадаваць пра страчанае шчасце.
Таварышы, дзеці – гэта па меншай меры весела. Калі камусьці здаецца, што іх наяўнасць будзе перашкаджаць развіццю, асабістаму росту і нечаму накшталт гэтага, то марна. Гляньце на Мадонну, Сару Джэсіку Паркер ці хоць бы Івана Ахлабысціна. І потым, а што калі і дзяцей не заведзяце, і Нобелеўскую прэмію так і не атрымаеце? На каго тады наракаць?
І, дарэчы, пра развіццё. Ведалі б вы, колькі новага пра ўладкаванне гэтага свету я даведалася ўсяго толькі гледзячы на пару з сынам “Смяшарыкаў” і “Фіксікаў”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2019 г.