Сям’я Кузняцовых з Шуміліна – самая звычайная
13.05.2019
—
Новости Общества
Сям’я Кузняцовых з Шуміліна – самая звычайная, але, знаёмячыся з імі бліжэй, здзіўляешся, з якой пяшчотай яны ставяцца адзін да аднаго.
Вікторыя родам з Башнёў, Дзмітрый – шумілінскі. Разам яны ўжо 13 год, 11 з якіх – у шлюбе. У любові і клопаце растуць дзве дачушкі. Цікава, што старэйшая, Карына, нарадзілася 23 лютага як самы галоўны падарунак бацьку да Дня абаронцаў Айчыны. Яна добра вучыцца, шмат часу праводзіць з пэндзлем або алоўкам у руках, займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў па класе фартэпіяна, любіць катацца на роліках і каньках. Малодшая Дар’я – балбатуха і непаседа – таксама малюе, але больш за ўсё любіць спяваць і танцаваць. Расце разумнай і дапытлівай дзяўчынкай.
Як клапатлівая маці Вікторыя вучыць сваіх дачок шыць, гатаваць, прыбіраць у хаце. Бацькі мараць, каб іх дзяўчынкі атрымалі добрую адукацыю і каб у жыцці ўсё ў іх склалася ўдала.
– Добраўпарадкаванне стала для нас сямейным хобі, – прызнаецца гаспадыня, якая захапляецца вырошчваннем кветак.
Дом, у якім ужо другі год жывуць Кузняцовы, яны пабудавалі самі, а цяпер уласнымі сіламі абсталёўваюць. Дзмітрый самастойна выконвае ўсе будаўніча-рамонтныя работы. Вікторыя аздабляе інтэр’ер, напаўняе яго зместам. Дзякуючы яе намаганням, іх хатні ачаг становіцца ўсё больш цёплым і камфортным.
Кожны вечар сям’я традыцыйна збіраецца разам, каб падзяліцца, як прайшоў дзень. Яны ўпэўнены, што сям’я – гэта не толькі што-дзённыя клопаты, але і велізарнае шчасце, якое дае ім сілы, абарону і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Разам яны з задавальненнем ходзяць у паходы, ладзяць пікнікі, адпачываюць на прыродзе. Любяць сустракаць і частаваць гасцей. Бацькі з задавальненнем радуюць дзяцей падарункамі. Не так даўно доўгачаканым жывым падарункам для дзяўчынак стаў дэкаратыўны трус Гаўруша.
Кажуць, што шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома. Кузняцовы заўсёды з радасцю спяшаюцца да свайго дома па вуліцы Ленінскай, бо там жыве каханне, шчасце і ўзаемаразуменне.
Вольга КОЦКАВА, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №37 ад 14.01.2019 г.