Патрыятычны праект “Я хачу гэта памятаць”: Ігнат Макей

Источник материала:  
Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў рэдакцыя газеты “Светлы шлях” рэалізуе патрыятычны праект “Я хачу гэта памятаць”. Кожны жыхар Смаргонскага раёна, чый продак ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны, можа ўшанаваць памяць свайго сваяка на старонках нашай газеты.

“Я хачу расказаць пра свайго бацьку Ігната Юльянавіча Макея. Нарадзіўся ён у 1914 годзе ў в. Балобаны. Калі пачалася Другая сусветная вайна, в. Балобаны, як і ўся Смаргоншчына, была пад уладай Польшчы. 1 верасня 1939 г. гітлераўская Германія напала на Польшчу. Палякі мужна абараняліся, але вытрымаць не змаглі - немцы акупіравалі ўсю Польшчу і ўступілі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую граніцу і вызваліла Заходнюю Беларусь.

У гэты час мой бацька з Варшавы вярнуўся ў сваю вёску Балобаны. На фронт яго разам з аднавяскоўцам Іосіфам Марцкевічам прызвалі ў кастрычніку 1944 года. Служыў бацька ў мотастралковай дывізіі. Разам з Іосіфам мой тата прайшоў з баямі Чэхію, Венгрыю, Польшчу. У красавіку 1945 г. удзельнічаў у фарсіраванні Одры і Нейсы. Тут атрымаў раненне: на правай руцэ асколкамі гранаты яму адарвала два пальцы.

Мне помніцца, калі бацька браў мяне на калені, я заўсёды лічыла пальцы на руцэ і пыталася, дзе ж астатнія? У той час з такім раненнем нават у бальніцу ніхто не накіроўваў. Ваенны фельчар дапамог пад кустом пазбавіцца ад двух пальцаў. Рану замазаў і абматаў шмаццём, даў з фляжкі выпіць спірту. Бацька казаў, што былі такія баі, што на дрэвах нават галінкаў не заставалася, а ён вось выжыў. Шмат хто з афіцэраў прасіў: “Макей, навучы нас сваім малітвам”. Заўсёды тата на шыі насіў крыжык. Малітвы ведаў на памяць. І калі я нарадзілася пасля вайны, гэтым малітвам вучыў нас: мяне, старэйшых братоў і сясцёр.

Памятаю бацькавы расказы аб узяцці Берліна. Тата казаў, што немцы нават у Берліне, калі перавага была на баку савецкіх войкаў, не здаваліся. Стралялі з-за вуглоў, падвалаў.

Вайну тата прайшоў у званні радавога. Быў узнагароджаны медалямі “За ўзяцце Берліна”, “За Одру, Нейсу, Балтыку” і іншымі пасляваеннымі медалямі, юбілейнымі ўзнагародамі. Вярнуўся на Радзіму у 1947 годзе.

Пасля вайны бацька часта выступаў у Вярэбушкаўскай васьмігодцы перад дзецьмі. Гаварыў аб тым, што Чырвоная Армія ставіла рашучыя задачы: адстойваць кожную пядзю зямлі, змагацца да апошняй кроплі крыві, знясільваць і граміць нямецкафашысцкія войскі. Дарэчы, у яго мотастралковай дывізіі не было дэзерціраў. У сваёй вёсцы працаваў у калгасе брыгадзірам. На вуглу нашай хаты была прымацавана чырвоная зорка - знак таго, што тут жыве ветэран.

Памёр бацька 16 красавіка 1980 года. Пахаваны на балобанскіх могілках. Там, амаль побач, пахаваны і яго баявы таварыш Іосіф Марцкевіч”.

Алена СТРАХ.

*  * *

Фотаздымкі сваякоў-ветэранаў можна прыносіць або дасылаць у рэдакцыю з кароткай біяграфічнай даведкай пра іх.

Кантактныя дадзеныя: г. Смаргонь, вул. Савецкая, 29, каб. 2, электронная пошта newspaper@smorgon.gov.by (з пазнакай “Я хачу гэта памятаць”).

←Легкий: главными игроками на белорусском рынке пиара должны быть отечественные компании

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика