Сергей Мелешкин: Беспечность приводит к чрезвычайным ситуациям
29.04.2019
—
Новости Общества
Дастукацца да кожнага
На мінулым тыдні наш раён наведаў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Сяргей Мялешкін. Кіраўнік абласнога ведамства разам з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэем Сасновічам адправіўся на сустрэчу з насельніцтвам Дабейскага сельсавета. Мерапрыемства прайшло ў будынку сельвыканкама.
Трэба адзначыць, што вельмі эмацыянальнай атрымалася гутарка. Такім чынам Сяргей Мялешкін спрабаваў дастукацца да кожнага, уздзейнічаць на свядомасць прысутных, каб кожны задумаўся над сваімі паводзінамі і паводзінамі родных і знаёмых. Размова ішла не толькі пра тое, што кожны з нас павінен дакладна ведаць і выконваць нескладаныя правілы бяспекі, пра высокі кошт за элементарную няўважлівасць і наша нежаданне развітацца са шкоднымі звычкамі, якія практычна ў кожнай надзвычайнай сітуацыі становяцца галоўнай прычынай здарэння. Гаварыў і пра нераўнадушнасць да таго, што вакол нас адбываецца. Пра тое, што ніколі нельга праходзіць міма адрасоў магчымай бяды, біць трывогу, пакуль яшчэ можна папярэдзіць непапраўнае.
Сяргей Мялешкін падзяліўся перажываннямі наконт сітуацый, заложнікамі якіх становяцца дзеці. Не без засмучэння адзначыў, што на працягу службы на Гомельшчыне яму давялося стаць нявольным сведкам здарэнняў, на якіх загінула 75 маленькіх дзетак. І ў чарговы раз пераканаўча папрасіў дарослых удзяляць як мага больш часу сваім сынам, дачкам і ўнукам, быць прыкладам і вучыць іх бяспечным паводзінам, знайсці магчымасці ўстанавіць пажарныя апавяшчальнікі ў сваіх дамах.
Напрыканцы сустрэчы С. М. Мялешкін адказаў на пытанні прысутных, даў кансультацыю па пытаннях рэалізацыі праграмы пажарнай бяспекі на падведамаснай тэрыторыі старшыні сельвыканкама А. В. Аляксеенку.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №34 ад 30.04.2019 г.