Святое Пісанне кажа нам радавацца.
Прычынай сапраўднай радасці з’яўляецца вера ва Ўваскрасенне Хрыста. Падтрымліваючы сваіх вучняў, Хрыстос сказаў: “Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто ўжо не адбярэ ад вас”.
Смутак аб грахах павінен кіраваць нас да пакаяння, якое рассейваецца свядомасцю таго, што Бог прабачыць нам правіны і як Любячы Бацька жадае нам не гора і цярпення, але шчырага навяртання, каб нашае жыццё было сапраўды радасным.
Дарагія браты і сёстры!
Перажываючы вялікія таямніцы нашага збаўлення, прагну ад усяго сэрца пажадаць Вам, каб Уваскрослы Пан узмацняў нашу радасць, ажыўляў надзею, абуджаў штораз большую любоў да сябе і да бліжніх. Няхай святло, якое заззяла ў Велікодны паранак, асветліць нашу цемру, прынясе нам пакой і радасць, якія ніколі не скончацца.
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
а. Павел Падмышанін МІС