Сёння мы сустракаем кожную раніцу пад мірным небам. Вайна для большасці беларусаў – гісторыя страшная, балючая, але ўсё ж па-закантэкстам нашага жыцця. Але для Аркадзя Уладзіміравіча Казакевіча і яго жонкі Ганны Якаўлеўны з вёскі Працяневічы рэха 1941-1945 гадоў не сціхае ў сэрцы, у памяці і ў наш спакойны час.
Аркадзю Уладзіміравічу – 93 гады, Ганне Якаўлеўне – 91, разам яны ўжо больш чым паўвека. Ён нарадзіўся і вырас ў вёсцы Асташын, яна — на хутары ля Рамейкаў. Іх сямейная гісторыя захоўвае шмат успамінаў. Тут ёсць месца радасці і горычы, набыткам і стратам, але найперш – любові. Праз дзесяцігоддзі яны пранеслі цёплыя пачуцці адзін да аднаго, да іншых людзей і да роднай зямлі. Так Аркадзь Уладзіміравіч трымае ў сваіх далонях руку жонкі і ў вершах расказвае пра любую вёску маленства:
Деревенька моя, деревянная, дальняя,
Ты вблизи возле речки
Сервечь стоишь,
Твои хаты набок наклонились,
Комины уже давно не дымят.
И позарастали стежки- дорожки,
Где бегали мои босые ножки,
Часто бываю я в мыслях с тобою,
Хотел бы приехать, но тяжело с ногою.
Багата вершаў можа расказаць Аркадзь Уладзіміравіч. Гады не размылі ў яго памяці мінулае. Але дар гэта ці праклён? Бо і сёння жывуць і апальваюць сэрца карэліччаніна, нібы гэта здарылася ўчора, успаміны пра вайну. Сустрэў Аркадзь Уладзіміравіч яе 16-гадовым хлопцам:
– Прыйшоў я дахаты са школы з Цырына, сеў за ўрокі, а во раптам чую – гул, шум, трэск, вой самалётаў. Аказалася, гэта ўжо ў баку Баранавіч немцы бамбілі.
Добра памятае першы дзень вайны на хутары і Ганна Якаўлеўна:
– Мы з дзецьмі гулялі, калі раптам пад’ехала да нашай хаты машына з людзьмі ў форме. У кузаве сядзела чалавек дваццаць нашых салдат, ехалі пад Брэст. Сказалі: “Не бойцеся, усё наладзіцца, але пачалася вайна, немец перайшоў граніцу”. Тады ж у нас ні радзіва, нічога не было, пустэча. Так мы і дазналіся пра тое, што скончылася мірнае жыццё.
Хутар сям’і Ганны Якаўлеўны стаяў ля самай дарогі на Стоўбцы. І вайна літаральна прайшла праз жыццё жанчыны і яе родных. Заходзілі ў іх хату і нашы салдаты, і нямецкія. Брат Ганны Якаўлеўны быў у партызанах, таму і яны наведваліся на хутар. Пачаліся расстрэлы. І брат забраў родных з сабой за Нёман, у Налібоцкую пушчу. Там і пражылі да той пары, пакуль не вярнуліся савецкія салдаты.
– Часта нічога не было ў хаце з ежы, адна бульба. Ёй і частавалі нашых салдацікаў і партызанаў, – дадае Аркадзь Уладзіміравіч.
Мужчына сам спазнаў у вайну, што такое голад і нястача, калі трапіў да немцаў у лагер. Здарылася гэта падчас адной з аблаў на партызанаў і іх блізкіх. А ў тыя часы рэдка якая наша сям’я не была з імі звязаная. У першую такую аблаву Аркадзь Уладзіміравіч цудам выжыў. Памятае, як адправіўся разам з сябрамі ў Лукі, дзе дзейнічала “партызанка”. Хлопцаў карнікі дагналі ў полі, дваіх адразу расстралялі, а для астатніх падрыхтавалі публічнае пакаранне на вачах усёй вёскі. Выратавала прыгавораных да смерці любоў немцаў да мясцовага самагону. А вось другая аблава ў 1943 годзе скончылася для Аркадзя Уладзіміравіча трагічна. Фашысты не знайшлі ў вёсцы партызанаў і схапілі першых сустрэчных. Сярод іх аказаўся і наш герой. Спачатку яго прывезлі ў Гарадзішчанскае гета, затым у Баранавіцкае. Пасля ўсіх згрузілі ў цягнік і адправілі ў Аўстрыю. Там мужчына трапіў у лагер ля горада Грац, а адтуль – да фермераў Фуксаў, гаспадарка якіх знаходзілася ля падножжа Альпаў.
– Бауэры адносіліся няблага да нас, але і працаваць прыходзілася да сёмага поту. Араў, сеяў, касіў, прыбіраўся, карміў хатнюю скаціну, карацей кажучы, што накажуць, тое і рабіў. У шэсць ранку пад’ём, у адзінаццаць – адбой, – успамінае Аркадзь Уладзіміравіч.
Так пражыў мужчына два гады, да мая 1945 года. Пакуль адным днём, працуючы ў полі, не сустрэў рускага салдата. Той і расказаў мужчыне, што ўсё – няволя скончылася, час вяртацца дахаты. Ды толькі дарога на родную зямлю ў Аркадзя Уладзіміравіча выдалася доўгай і цяжкай. Праходзіла яна праз зборны пункт у Белградзе, балгарскую Варну, украінскія Белакаровічы і Адэсу. Давялося здабываць і ўран у шахтах Сярэдняй Азіі ў гарах Цянь-Шань. І толькі ў 1947 годзе Аркадзю Уладзіміравічу дазволілі вярнуцца ў родны Асташын. Праўда, прыйшлося яшчэ паслужыць у стройбаце ў Мінску.
Пасля дэмабілізацыі мужчына ўладкаваўся ў Карэлічах на маслазавод. Там і спаткаў сваю будучую жонку. Жылі напачатку ў Шчонаве, затым пераехалі ў Працяневічы. Тут Аркадзь Уладзіміравіч сваімі рукамі збудаваў хату. Абодва шмат працавалі, трымалі вялікую гаспадарку, жылі, як у народзе кажуць, “з работы на работу”. У сям’і нарадзілісяч ацвёрадзяцей, усіх выправілі у людзі, праўда, адна з дачок памерла зусім маладой. Зараз ў пары чацвёра ўнукаў і шэсць праўнукаў, якія не забываюць любімых дзядулю і бабулю. Таму на пытанне, што хочаце пажадаць маладому пакаленню, Аркадзь Уладзіміравіч разам з Ганнай Якаўлеўнай адказваюць:
– Каб мелі душу, асабліва да старых людзей.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара