Нечаканыя павароты лёсу, ці Медыцынская гісторыя сям’і Ляшук
Мацвей ЛЯШУК.
На Смаргоншчыну ўрач трапіў услед за жонкай, таксама стаматолагам. Яна паступала па мэтаваму накіраванню, таму пасля вучобы павінна была вярнуцца ў Жодзішкі. Месца для яго знайшлося ў псіхіятрычнай бальніцы. Пазней ужо перайшоў артапедам у зубапратэзнае аддзяленне раённай паліклінікі, а пасля і ўзначаліў стаматалагічную паліклініку. Цяпер пад яго кіраўніцтвам працуе 60 чалавек. З іх толькі сем мужчын. Мацвей Стэфанавіч жартуе:
“Калі я спрабаваў паступіць у Гомель на зубнога тэхніка, адразу сказалі: нам патрэбны мужыкі, якія ўжо адслужылі ў арміі. А цяпер, бачыце, амаль адныя жанчыны працуюць. Праўда, дзяўчаты нашыя - сапраўдныя прафесіяналы, я імі ганаруся”.
Асаблівы гонар Мацвея Ляшука – дзеці. І дачка Карына, і сын Андрэй таксама медыкі. Карына – урач агульнай практыкі, працуе ў Гатаве. Мацвей Стэфанавіч прызнаецца, што вельмі шкадуе яе: цяжкая работа. Аднойчы ён прыехаў у камандзіроўку ў Мінск. Пакуль быў вольны час, вырашыў наведаць Карыну на працоўным месцы.
“Зайшоў я ў паліклініку, поўны калідор народу. Сеў і чакаю. Бачу, дачка выйшла з кабінета, акінула ўсіх позіркам стомлена і прайшла міма. Столькі народу праз яе кабінет за дзень прайшло, што бацьку роднага не пазнала”.
З Андрэем Ляшуком мы планавалі сустрэцца ў педыятрычным аддзяленні раённай бальніцы, але там яго не засталі. Нас накіравалі ў радзільнае – Андрэй Мацвеевіч сумяшчае пасаду дзіцячага ўрача з працай неанатолага. І неанаталогія, прызнаецца малады доктар, падабаецца больш. Падабаецца менавіта сваёй складанасцю. Нованароджаныя пацыенты не могуць расказаць, што ім баліць, што непакоіць. Затое як цікава і хвалююча паступова “разгадваць” дыягназ па падказках у выглядзе розных аналізаў і даследаванняў.
Андрэй ЛЯШУК з жонкай Марынай.
Успамінае доктар, як упершыню застаўся ў дзіцячым аддзяленні за галоўнага – часова выконваў абавязкі загадчыка. Дагэтуль, безумоўна, даводзілася прымаць важныя рашэнні, але дакладна ведаў – у надзвычайным выпадку ёсць з кім параіцца. А тут “хуткая” прывозіць дзіця з абвастрэннем бранхіяльнай астмы. Прызнаецца, што на імгненне разгубіўся, але ўзяў сябеў рукі і зрабіў усё правільна. Праз некалькі дзён хлопчык ужо быў дома. Такіх выпадкаў Андрэй Мацвеевіч не баіцца. Наадварот, былі нават думкі перайсці з педыятрыі ў рэаніматалогію.
А мог бы Андрэй Ляшук і не апрануць белы халат. Збіраўся звязаць жыццё з інфармацыйнымі тэхналогіямі, у гімназіі рабіў упор на фізіка-матэматычны профіль. За паўгода да паступлення змяніў рашэнне, пайшоў у медыцынскі каледж, а пасля – у Гродзенскі медуніверсітэт, дзе дзякуючы выкладчыкам зацікавіўся менавіта дзіцячымі хваробамі.
Маленькая пацыентка Амелія.
А калі б Андрэй Ляшук не паступіў у медыцынскі каледж, не пазнаёміўся б з жонкай Марынай. Яна – таксама медык, працуе медсястрой у неўралагічным аддзяленні. Яе праца не менш важная, цяжкая і адказная. Пацыенты неўралогіі часта ляжачыя, даводзіцца іх перамяшчаць, даглядаць, карміць. А медсёстры – усе дзяўчаты. Пакуль муж вучыўся ва ўніверсітэце, Марына выхоўвала сына: студэнту з Гродна не ўдавалася прыязджаць так часта, як хацелася б. Затое цяпер сын і бацька – лепшыя сябры. У іх свае сакрэты і інтарэсы. І хаця падтрымаць размову на медыцынскую тэму шасцігадовы хлопчык пакуль не можа, хто ведае, можа, менавіта ён працягне дынастыю медыкаў.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.