Віцяблянін стварыў інтэрактыўную карту з месцамі сталінскіх расстрэлаў у рэгіёне
Жыхар Віцебска Андрэй Кешанюк зрабіў першую ў рэгіёне інтэрактыўную карту месцаў сталінскіх расстрэлаў, паведамляе «Радыё Рацыя».
Аўтар пазначыў на карце вёскі Паляі Віцебскага раёна і Хайсы Гарадоцкага раёна, а таксама ўмоўнае азначэнне «25-ты кіламетр па Гарадоцкай шашы»: паводле ўспамінаў старажылаў і даследванняў гісторыкаў, тут у 1930-я гады расстрэльвалі мірных жыхароў.
Андрэй Кешанюк таксама размясціў на карце геаграфічныя каардынаты і кароткія звесткі пра трагічную гісторыю гэтых мясцін. Стваральнік гатовы працягваць гэтую працу. У бліжэйшы час на мапе з’явяцца звесткі пра так званы «Цёплы лес» — яшчэ адно месца сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам.
На думку Андрэя Кешэнюка, патрэба зрабіць гэтую мапу наспела, бо ў апошнія гады ўзрасла цікаўнасць да гэтага перыяду гісторыі, але не ўсе ведаюць, як знайсці жалобныя месцы:
— Нельга забываць страшныя злачынствы, якія былі ў тыя гады. Гэтая мапа дасць магчымасць ведаць, дзе знаходяцца месцы расстрэлаў, каб на дні памяці занесці туды кветкі.