Прафсаюзы абмеркавалі болевыя кропкі
Летась у раёне былі наведаны 11 арганізацый. Работнікі атрымалі кансультацыі па пытаннях працоўнага заканадаўства, некаторым з іх была аказана дапамога ў вырашэнні той ці іншай праблемы. Паколькі ў прыёмах грамадзян удзельнічаў яшчэ і спецыяліст Федэрацыі прафсаюзаў, то найбольш складаныя пытанні ад людзей ён вырашаў у Мінску на рэспубліканскім узроўні.
Аб сумеснай рабоце адміністрацыі і прафсаюзнай арганізацыі расказала старшыня прафкама завода аптычнага станкабудавання Галіна Лайкоўская. У прыватнасці, яна адзначыла, што на заводзе адрамантаваны гардэробы, іншыя санітарныя памяшканні, вырашана пытанне патаннення харчавання работнікаў у кафэ “Купалінка”. Працоўнай моладзі на ЗАСе нямнога, але яна актыўная, удзельнічае ў розных раённых мерапрыемствах.
Вольга Глембоцкая, якая ўзначальвае прафкам РУП “ЖКГ”, у сваім выступленні адзначыла, што на прадпрыемстве пастаянна паляпшаюцца ўмовы працы, быту, закупляюцца спецадзенне, сродкі індывідуальнай і калектыўнай аховы. Аднак ёсць і болевыя кропкі. Хоць прадпрыемства і працуе стабільна, мае прыбытак, зарплата дастойная, аднак маладыя работнікі ў большасці шукаюць сабе чагосьці яшчэ лепшага (прычым часта варочаюцца назад). Узнікаюць цяжкасці з прадастаўленнем маладым работнікам жылля. Паколькі сваіх інтэрнатаў на прадпрыемстве няма, даводзіцца хадайнічаць перад іншымі прадпрыемствамі.
У прафсаюзе работнікаў АПК 22 пярвічныя арганізацыі. Летась былі створаны дзве і дзве пакінулі прафсаюз аграпрамысловага комплексу – райсельэнерга і райселькамунгаса. А ў цэлым на 119 чалавек стала менш членаў прафсаюза ў параўнанні з пазамінулым годам. “На гэта таксама ўплывае цякучасць кадраў”, - адзначыў старшыня райкама работнікаў АПК Віталь Івашка.
З інфармацыяй аб выкарыстанні прафсаюзных сродкаў і атрыманні членскіх узносаў выступіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Лела Шпак. Яна акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што ўзносы з членаў прафсаюза ўтрымліваюцца згодна з тыпавой інструкцыяй. Прычым па пісьмовай заяве работнікаў шляхам безнаяўнага пералічэння. Тыя, хто знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцем у адпаведнасці з пэўнымі артыкуламі статута галіновага прафсаюза, вызваляюцца ад выплаты ўзносаў па пісьмовай заяве.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.