Яніна Апанасовіч. Калі ў жанчыны шчасце…
Яніну АПАНАСОВІЧ ( у цэнтры) віншуе Вікторыя ГРУДЗІНА.
Яніна Апанасовіч родам з суседняга Ашмянскага раёна, з вёскі Гінеўцы, якая знаходзіцца непадалёку ад Барунаў. У дзяцінстве жыццё не песціла дзяўчынку, рана засталася сіратой. Сваякі хацелі аформіць яе ў дзіцячы дом, але жонка дзядзькі сказала: “Калі яна для вас лішняя, то для мяне – не, будзе жыць са мною”. Яніна Іванаўна і цяпер добра памятае, як дзіцем моцна плакала, калі памерла маці.
Прыёмныя бацькі акружылі дзяўчынку клопатам. У іх было двое сваіх дзяцей. А Яню называлі “наша малая”. Яна і сапраўды была малым дзіцянём, хадзіла ў пачатковую школу. Для роднага дзядзькі і яго жонкі стала дачкою.
Разам з іншымі дзецьмі Яніна выконвала работу па хатняй гаспадарцы, бо дарослыя працавалі ў жывёлагадоўлі, у іх не хапала на гэта часу.
У старэйшых класах дзяўчына пачала задумвацца аб прафесіі. Ёй хацелася стаць медыцынскай сястрою, але да Жалудка, дзе рыхтавалі сярэдні медперсанал, было далекавата, а непадалёку, у Ашмянах, знаходзіўся тэхнікум. Там вывучылася на бухгалтара і па размеркаванні трапіла ў Смаргонскі раён, у калгас імя Калініна. Гэта быў 1982 год.
Яніна Іванаўна памятае, што гаспадаркай тады кіраваў Зыгмунд Друцель. А галоўным бухгалтарам была Яніна Дурэйка. Яна дапамагала на першым часе маладому спецыялісту, якая сама імкнулася хутчэй авалодаць тонкасцямі бухгалтарскай прафесіі. А праз гадоў дзесяць, калі была вакантнай пасада галоўнага бухгалтара, на праўленні гаспадаркі Яніне Апанасовіч прапанавалі на тры месяцы ўзначаліць фінансавую службу. З таго часу і працуе галоўным бухгалтарам. У працоўнай кніжцы толькі адзін запіс аб прыёме на работу.
На Смаргоншчыне Яніна Апанасовіч выйшла замуж. Спачатку сям’я жыла ў горадзе, у кааператыўнай кватэры, але потым пераехала ў Асінаўшчызну. Муж працаваў у будаўніцтве, цяпер – на заслужаным адпачынку. “Пашанцавала з ім, - кажа Яніна Іванаўна. – Аляксандр Міхайлавіч добры чалавек, гаспадарлівы. Адным словам, я шчаслівая жанчына”.
Апанасовічы выгадавалі двое дзяцей. Дачка скончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і пайшла па шляху маці, працуе бухгалтарам у Смаргонскім раёне. Сын вывучыўся на юрыста, папрацаваў крыху, а потым памяняў прафесію. Цяпер ён – вадзіцель на малаказаводзе.
Чацвёра ўнукаў жывуць у горадзе, але на выхадныя прыязджаюць да бабулі на бліны. Яны ў Яніны Іванаўны атрымліваюцца смачнымі, духмянымі. А падчас летніх канікулаў дзеці бавяць час у Асінаўшчызне. Тут раздолле, прырода.
Яніна Апанасовіч, як вопытны бухгалтар, цяпер навучае маладых гэтай прафесіі, якой аддала ўсё сваё жыццё, палюбіла бухгалтарскую справу і ніколькі не шкадуе, што не стала медсястрой.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.