Усенароднае і сугучнае прадстаўнікам розных пакаленняў свята – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – Карэліччына адзначыла мітынгам на мемарыяльным комплексе «Зорка».
Як трапна адзначыў у прамове намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык, 23 лютага — асаблівы дзень для беларусаў: «Гэта свята непарыўна звязана з суровай гісторыяй станаўлення нашай дзяржаўнасці. За апошнія 100 гадоў Беларусь зведала шмат, але нязменным заставалася жаданне нашага народу жыць пад мірным небам. Стварэнне арміі якраз і стала гарантам спакою і стабільнасці. Таму сёння мы выражаем шчырую ўдзячнасць усім прадстаўнікам Узброеных Сіл за сумленную і самаадданую службу, жадаем ім здароўя і моцы духу на гэтым няпростым шляху. А таксама ўспамінаем тых герояў, якія паклалі жыццё дзеля нашай агульнай Айчыны».
Што значыць абараняць інтарэсы Радзімы, як ніхто іншы ведае начальнік адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін. У звароце да ўдзельнікаў мітынга ён падкрэсліў: «Мы ўсе маем вялікі абавязак перад роднай зямлёй і продкамі, таму мусім быць годнымі грамадзянамі і патрыётамі».
Такія шчырыя словы знайшлі глыбокі водклік у прысутных. Юныя і дарослыя карэліччане ўсклалі кветкі і вянкі да падножжа мемарыяла і ўшанавалі герояў былых часоў хвілінай маўчання. Таксама ў памяць аб подзвігах абаронцаў Айчыны ваенныя традыцыйна салютавалі стрэламі ў неба.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара