«У калготках на экзамен не прыходзіць!» Як Сан Саныч выкладае па-беларуску кітайцам і туркменам
Аляксандр Самадураў 45 год выкладае матэматыку ў БДУ. Яго запрашалі на працу ў Прыстанскі ўніверсітэт — адмовіўся і застаўся ў Беларусі. Аднойчы Сан Саныч, як ён сам сябе называе, перайшоў на беларускую мову — з таго часу толькі так чытае лекцыі і прымае іспыты. Ён перакананы, што беларуская найлепш пасуе для матэматыкі. І не пераходзіць на рускую, нават калі перад ім замежныя студэнты. На яго пісалі скаргі і ў дэканат, і нават у ААН. Але выкладчык не саступае: «У нас у краіне дзве дзяржаўныя мовы, я выкладаю на адной з іх. Большасць студэнтаў мяне падтрымлівае!»
Спадар Аляксандр выхоўваўся ў двухмоўным асяроддзі: бацька — рускі з Сібіры, маці - беларуска. Дзе нарадзіўся, ён сказаць дакладна не можа:
— Мама мая не памятала, бо мы жылі неяк, як цыгане: пераязджалі з месца на месца. Мой край раней называўся Крывіцкім раёнам. А потом, як у нас казалі, Танк і Прытыцкі прапілі раён Крывіцкі. І зрабілі яго Мядзельскім. Бацька нашу мову так і не вывучыў, дый я быў збольшага рускамоўным, ажно да канца 80-х.
У канцы 80-х маладога выкладчыка запрасілі на стажыроўку ў Нарвегію. Там ён прачытаў у навуковым часопісе пра такую з’яву як «памоўе», калі чалавек размаўляе на чужой мове, і гэта адкладае адбітак нават на ягоную псіхіку.
— І прыгадаў я такі выпадак са студэнцтва. Напярэдадні экзамена мы збіраліся і задавалі адзін аднаму пытанні накшталт: «А скажы мне тэарэму Хана — Банаха». Сярод нас быў найлепшы студэнт, Баляслаў з Капыльскага раёну. Мы здавалі на «выдатна», а яму ставілі «здавальняюча» («тройка» па старой сістэме адзнак — Заўв.Рэд.). У чым справа, думаў я. А пасля зразумеў: ён саромеўся сваёй мовы, бо гаварыў па-беларуску, а іспыт нібыта трэба ж па-руску здаваць, вось у яго і выходзіла такая мешаніна, трасянка. Але калі ён абараняў дыплом, старшыня дзяржкамісіі адзначыў у сваёй справаздачы асаблівую падрыхтоўку Баляслава. Калі я прачытаў навуковы артыкул па гэтай тэме, вырашыў змяніць сітуацыю — і стаў выкладаць па-беларуску.
Сан Саныч гаворыць пра сябе, што ён «мованезалежны» — гаворыць на чатырох мовах, але ў БДУ прынцыпова выкладае па-беларуску. Калі нехта кажа, што ў матэматыцы няма беларускай тэрміналогіі, ён спачатку смяецца, а пасля абргунтоўвае:
— Тэрміналогію ў нас яшчэ ў 30-я гады стварылі. Самая няздатная мова для матэматыкі - руская, руская тэрміналогія, дарэчы, пачала з’яўляцца толькі ў канцы XIX стагоддзя, раней работы выходзілі па-французску. Я ведаю тэрміналогію англійскую, нямецкую. Дык вось, руская найгоршая. Бо ёсць такія словы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Напрыклад, «предел», «предельная точка» — гучыць амаль як жаргон, крымінальнае нешта. Па-беларуску гэта будзе «ліміт», як і на замежных мовах. І не «предельная точка», а «лімітовы пункт» — і гэта правільна. Або возьмем «решаемая задача» — шматзначны тэрмін: гэта і «задача, якую рашаюць» і «задача, якая мае рашэнне». У беларускай мове такой двухсэнсоўнасці няма.
«Выкладаю па-беларуску — і кропка. І нават туркменам»
Калі нехта са студэнтаў кажа, што не разумее па-беларуску, Сан Саныч уключае харызму і камандны голас:
— Я кажу: у Беларусі - дзве дзяржаўныя мовы, на адной з іх я выкладаю. Непрыемнасці вельмі рэдка здараюцца. Нядаўна вось студэнт, масквіч, прыйшоў скандаліць на кафедру. Ну, бывае. Аднойчы студэнт напісаў на мяне скаргу ў Прадстаўніцтва ААН у Беларусі. Казаў, што я антысеміт, таму ён не здаў мне экзамен. Насамрэч ён не здаў, бо нічога не ведаў. Большасць студэнтаў стараюцца мне адказваць па-беларуску. Зараз я выкладаю на гістфаку, там увогуле большасць беларускамоўныя — ніякіх праблем.
Здараецца, у групе ёсць замежныя студэнты, але ніякіх выключэнняў для іх спадар Самадураў не робіць.
— У мяне адзіны падыход да ўсіх: выкладаю па-беларуску — і кропка. І нават туркменам. Быў у мяне на геафаку студэнт Джалілаў, які казаў: «Не разумею беларускую мову». Я сказаў: «Стараста! За кожны няправільны выраз стаўце яму палачку. Гэту палачку потым у рублі перавядзіце». І нейкі час студэнты елі торт, Джалілаў купляў за свае «палачкі». Потым ён сказаў: «Буду размаўляць па-беларуску, бо дорага выходзіць!» (смяеецца). Самыя цяжкія студэнты — кітайцы, з псіхалагічнага пункту гледжання. Кітайскаму студэнту я не магу па-сяброўску сказаць: «Прывітанне, Чунг!» Бо ў яго так: ці я гаспадар, ці ты, нароўных з ім быць немагчыма. Кітайцам я таксама па-беларуску выкладаў. Яны мне нават песні па-беларуску спявалі. Бывае, студэнты пішуць вершы. Вось, адзін запомніў:
«Вечар. БДУ. Залік. У мяне задача пра камплексны лік.
Колькі мне яшчэ задач рашаць?
Колькі будзе дзеўчына мяне яшчэ чакаць?
Усіх люблю на гэтым свеце я — вось вам заліковачка мая!»
«У Еўропе больш жорсткі падыход да экзаменаў»
Па словах нашага героя, студэнты, што ў ягоныя часы, што зараз — аднолькавыя. Прызнаецца, што і сам часам прапускаў заняткі - бегаў у кінатэатр «Цэнтральны». А вось метады спісвання змяняюцца.
— Цяпер ужо не спісваюць, як раней. Усё адсюль бяруць (Сан Саныч паказвае на тэлефон). У інтэрнэце не вельмі кампетэнтныя людзі, але энэргічныя. Такі бздур пішуць па матэматыцы, што страшна. Раней інакш спісвалі. У 1973 годзе ў Савецкім саюзе з’явіліся калготкі, раней дзяўчаты насілі панчохі. І вось у чэрвені прымаю я экзамен. Заўважыў, што чамусьці ўсе дзяўчаты прыйшлі у калготках. Дзіўна! Горача было, звычайна летам хадзілі з голымі нагамі. І толькі потым заўважыў: яны рабілі «бомбы» — загадзя напісалі адказ на кожнае пытанне. І калі дасталі білет, то проста выцягвалі гатовы адказ. Я не адразу зразумеў, толькі калі ўбачыў на аркушы след ад гумкі. Сказаў: «Дзяўчаты! У калготках на экзамен не прыходзіць!» (смяецца)
Спадар Аляксандр выкладаў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Кажа, еўрапейскія студэнты прынцыпова адрозніваюцца ад нашых.
— У Еўропе больш жорсткі падыход да экзаменаў. Мой сябра працуе ў Страсбургскім універсітэце, кажа: «У мяне не бывае, каб больш за палову студэнтаў здалі экзамен». Яны могуць пераздаць, але толькі праз год. Нашы студэнты падчас сэсіі могуць двойчы пераздаваць, а пасля яшчэ трэці раз — ужо камісіі. Памятаю, калі быў у Нарвегіі, пазнаёміўся са студэнткай Брыгіт, жылі па суседстве. Аднойчы гляджу — а ў яе пальцы перабінтаваныя. Пытаю, што здарылася. Яна кажа: «Да іспыту рыхтуюся, пісала шмат. Усяго тры тыдні засталося». Усяго! У нас жа ўсё робяць у апошнюю ноч.
Суразмоўца прызнаецца, што ніколі не хацеў стаць выкладчыкам, але вось ужо 45 год не расстаецца з універсітэтам. Ён таксама выступае як эксперт пры падрыхтоўцы кніг па матэматыцы для ВНУ.
— Баюся ехаць у Гродна, — сур’ёзна кажа ён і амаль адразу смяецца: — Заб’юць, напэўна. Я ж зарэзаў усе іхнія кніжкі! Напісаў: внельга выдаваць — і ніводная не выйшла.
Сан Саныч са шкадаваннем адзначае, што маладых выкладчыкаў зараз няшмат. Асноўная праблема — нізкі заробак. Выпускніку ўніверсітэта напачатку прапаноўваюць каля 300 рублёў. Таму амаль усе ідуць у IT, дзе лепшыя заробкі. Многія з’язджаюць за мяжу. Самадураву таксама прапаноўвалі з’ехаць з Беларусі - клікалі ў Прыстанскі ўніверсітэт.
— Гэта было ў канцы 80-х, на канферэнцыі ў Фінляндыі. Падыйшоў да мяне з прапановай прадстаўнік універсітэта, і я яму даволі рэзка адказаў, амаль што цытатай Маякоўскага: «У советских собственная гордость: на буржуев смотрим свысока». Не было ў мяне думкі з’ехаць.