Святлана Падляшчук. Работа неспакойная, ды я яе люблю
Начальнік аўтавакзала Святланя ПАДЛЯШЧУК гутарыць з білетным касірам Людмілай ХАМІЦКАЙ.
Вядома ж, цяпер праз аўтавакзал праходзіць не столькі людзей, колькі раней. Калісьці ў зале было мнагалюдна, аўтобусы запаўняліся асажырамі да адказу, у тым ліку на прыгарадных маршрутах. Але, на жаль, у вёсках жыхароў не большае. Ды і гараджане апошнім часам едуць у сельскую мясцовасць да родных і блізкіх часцей на ўласных легкавых аўтамабілях. Мала ў каго няма гэтага транспартнага сродку.
“Таму цяпер, калі на вакзале збярэцца 10 чалавек, то гэта ўжо многа”, - заўважае Святлана Іванаўна.
У начальніка аўтавакзала таксама бывае ненарміраваны працоўны дзень. Святлана Іванаўна прыходзіла на працу ў 4 гадзіны раніцы, каб выдаць касы па прыёме выручкі вадзіцелям, якія адпраўляюцца ў рэйс зацемна, бо без касавых апаратаў забаронены выезд на лінію. Гэтак жа рана прыходзяць на працу касіры і дапазна прымаюць выручку. Святлана Тыртышная адпрацавала касірам 35 гадоў, столькі ж - дыспетчарам Галіна Мішута. Ёсць маладыя работніцы.
Начальнік аўтавакзала Святлана Падляшчук любіць сваю неспакойную работу, якая звязана з людзьмі – пасажырамі, вадзіцелямі аўтобусаў, касірамі, дыспетчарамі. Працоўны калектыў падабраўся добры, кожны чалавек адказна ставіцца да сваёй справы. А калі ўзнікаюць якія пытанні, то іх лягчэй вырашаць разам.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.