Мітрапаліт Кандрусевіч пра трагедыю ў Стоўбцах: Моладзь адарвалася ад каранёў духоўнага жыцця
Трагедыя ў Стоўбцах здарылася ў тым ліку і таму, што чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцця. Аб гэтым піша мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у сваім адмысловым звароце, які змешчаны на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла Беларусі.
— Мы пытаемся ў сябе: як такое магло здарыцца ў спакойнай і памяркоўнай Беларусі? Як хлопец, якога характарызуюць як неканфліктнага, мог здзейсніць такое жудаснае злачынства? Хто ў гэтым вінаваты?
Па меркаванні Кандрусевіча, «шукачы прычыны падобных трагедый, недастаткова засяроджвацца толькі на сацыяльных ці сямейных абставінах».
— На наш погляд, прычына больш глыбокая. Тры пакаленні атэізацыі не прайшлі дарма. У выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцця — Евангелля і вучэння касцёла.
Найбольшы ўплыў сёння на моладзь маюць не сям’я і школа, а інтэрнэт і СМІ, указвае Кандрусевіч. Але там начасцей дзеці бачаць гвалт, забойствы, алкаголь, наркотыкі, амаральны стыль жыцця і т.п. Грамадству і дзяржаве неабходна звярнуць увагу на праблему духоўнага выхавання маладога чалавека.
— Гэта той падмурак, на якім павінна будавацца будучыня моладзі, як будучыня нашай Бацькаўшчыны, — упэўнены мітрапаліт.