Раённае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю БССР, адбылося ў чытальнай зале Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Янішчыц
У чытальнай зале Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Янішчыц адбылося раённае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Ганаровымі гасцямі свята сталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Л.В. Галавач, старшыня Пінскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў М.С. Заранка, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», галоўны рэдактар раённай газеты «Палеская праўда» В.М. Падлужная.
Вядучыя свята – супрацоўнікі бібліятэкі Кацярына Міхалевіч і Крысціна Шэлеговіч нагадалі прысутным, што са знамянальнай датай звязана цэлая эпоха ў гісторыі нашай дзяржавы, эпоха нацыянальнага адраджэння беларускага народа, усіх сфер жыцця беларускага грамадства. За гады свайго існавання рэспубліка прайшла складаны і драматычны шлях свайго развіцця, пераўтварылася з адсталай аграрнай ускраіны былой царскай Расіі ў высокаразвітую савецкую рэспубліку. Менавіта ў перыяд БССР быў закладзены трывалы грамадска-палітычны, эканамічны і культурны падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, які вытрымаў выпрабаванне часам, стварыў надзейны грунт будавання суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Свой погляд на жыццё ў час БССР і сувязь таго часу з часам сённяшнім выказаў Міхаіл Заранка і павіншаваў усіх са знакавым юбілеем.
Разам з вядучымі госці свята, большасці з якіх давялося жыць у БССР, успаміналі старонкі гісторыі Піншчыны, імёны выбітных яе прадстаўнікоў – Герояў Сацыялістычнай Працы, Ганаровых грамадзян Пінскага раёна.
Святочны настрой на мерапрыемстве стваралі музычныя нумары ў выкананні салістаў Мікалая Саўчанчыка, Ганны Рыжко, Таццяны Цімафеевай, народнага ансамбля народнай песні «Верас» Малоткавіцкага ЦСДК.
Увазе аўдыторыі былі прадстаўлены мультымедыйная прэзентацыя «100 год з дня ўтварэння БССР», а таксама тэматычная кніжная выстава.
Кацярына АБРАМЧУК.
Фота аўтара.