Дзве сям’і, дзве шчаслівыя гісторыі: Сем’і Кот і Ведзень

Источник материала:  
Адзінаццаць гадоў таму на Смаргоншчыне быў створаны першы дзіцячы дом сямейнага тыпу. Тады пад сваю апеку дзетак узяла сям’я Рэшкевіч з Асінаўшчызны. А праз год яшчэ дзве сям’і Кот і Ведзень вырашылі падзяліцца цяплом з асірацелымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Дзесяць гадоў у маштабе сям’і – гэта і многа, і мала. Старэйшыя дзеці падрастаюць і ствараюць свае сем’і, робяць жыццёвыя памылкі і святкуюць дасягненні. А з мамінай кухні гэтак жа апетытна пахне аладкамі, і на пах гэты збіраюцца і дарослыя, і малышы. Ды і госці не супраць зазірнуць. Вось і мы з калегамі з тэлебачання і радыё націскаем кнопку званка і хвалюемся: ці не перашкодзім штодзённым заняткам, ці чакаюць нас?

Алена Ведзень: “Усё трымаецца на любві!”

З другога паверха чуецца тупат ног – цікаўныя малодшыя дзеці пазіраюць на нас і прыветна ўсміхаюцца, старэйшых мама кліча – як многія падлеткі, яны не любяць увагі і крыху саромеюцца. Да сям’і далучаецца тата, у якога сёння выхадны, тут жа з абодвух бакоў на яго ўзбіраюцца дзеці і прывычна ўладкоўваюцца на каленях. Пакуль бацькі з намі размаўляюць, хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухаюць, хоць гісторыю сям’і чулі не аднойчы, раз-пораз устаўляюць свае заўвагі і ўзрываюцца дружным смехам. Алена Гіпалітаўна расказвае, што з самага пачатку яны пяць гадоў былі гасцявой сям’ёй. Гэта атрымалася выпадкова. Яе муж Валерый Раманавіч паехаў, каб прывезці са школы-інтэрната суседскіх дзяцей, і вярнуўся з хлопчыкамі, якіх папрасілі ўзяць на летнія канікулы. Жонка не тое што здзівілася – ледзь прытомнасць не страціла. Тры месяцы чужыя людзі ў доме. А ў наступныя канікулы хлопчыкі прыехалі зноў. Родныя дзеці Ве­дзеняў ужо чакалі іх. Пасля бацькі прынялі рашэнне стаць прыёмнай сям’ёй, каб пасля канікул не развітвацца з “гасцямі”, якія даўно ўжо сталі сваімі. А ў 2008 годзе атрымалі статус дзіцячага дома сямейнага тыпу. І цяпер Алена і Валерый – бацькі дзевяці вельмі розных па ўзростах і характарах дзяцей. Ды што там дзевяці! Яшчэ ж ёсць родныя дзеці і сем выпускнікоў, як іх называюць афіцыйна. Але ж якія яны выпускнікі, проста дарослыя дачушкі і сыночкі, якім таксама патрэбна мама. Хаця б для таго, каб мімаходам сказаць у тэлефон: “Мама, я еду!” - і ведаць, што сям’я іх чакае.

Дзве сям’і, дзве шчаслівыя гісторыі: Сем’і Кот і Ведзень

Акрамя дзяцей часта гасцяць у доме Ведзеняў унукі. Ім адсюль з’язджаць не хочацца, надта ўжо дружная і вясёлая кампанія падабралася. І фільмы разам цікавей глядзець, а потым абмяркоўваць, і з канструктараў такая брыгада цэлыя гарады будуе. Старэйшы сын Сяргей расказвае, што больш за ўсё яму падабаецца гуляць у футбол. Дзяўчаты тут жа абураюцца: “А што ты не кажаш, што і мы гуляем?!”

Дзве сям’і, дзве шчаслівыя гісторыі: Сем’і Кот і Ведзень

Працуе сям’я таксама разам. Без дапамогі і падтрымкі бацькам не справіцца. Адчуваюцца арганізатарскія здольнасці Алены Гіпалітаўны: на кухні нават графік дзяжурстваў маецца. Напісалі ў ім, што ты дзяжурны, – усё, мусіш сачыць за парадкам, каб не забываліся за сабой тую ж талерку памыць. Нават дашкольнік Дзяніс стараецца, ніякай палёгкі для сябе не патрабуе.

“Усё трымаецца на любві”, - падсумоўвае размову мама Алена.

“Выправіш усіх раніцай па школах і садках, пакуль работу пераробіш, толькі прысядзеш – ужо дзверы адчыняюцца. І з парога ўсе пачынаюць дзяліцца навінамі”.

“На любві”, - пацвярджае тата Валерый, якому, можа, і хочацца часцей заставацца з жонкай сам-насам, ды ўявіць свой дом без дзяцей ніяк не атрымліваецца.

“Худзенькая? Адкормім!”

“Прычашыся!” – чуем мы, уваходзячы ў дом сям’і Кот

“Толькі не рукой!” – дадае Ірына Казіміраўна некаму на другім паверсе. Як любая мама, яна мае надзвычайную здольнасць бачыць спінай. У сям’і Ірыны Казіміраўны і Пятра Арсеньевіча адразу адчуваеш сябе на дзіва ўтульна. Маленькі Саня праводзіць нас у пакой, куды адразу зазіраюць астатнія цікаўныя носікі. Крыху стрымана, як і належыць амаль дарослым людзям, вітаюцца старэйшыя.

Дзве сям’і, дзве шчаслівыя гісторыі: Сем’і Кот і Ведзень

Рашэнне стаць прыёмнай сям’ёй прымалі разам: мама, тата і дзве дачушкі. Разам прайшлі навучанне, а першых дзетак чакалі паўтара года. А тут патэлефанавалі: 

“Вы хацелі хлопчыка? Ёсць на прыкмеце адзін, але такая справа, да яго ў нагрузку сястрычка ідзе. Ёй паўгода толькі”. Ірына Казіміраўна паабяцала падумаць і параіцца з мужам. У глыбіні душы чакала, што муж адгаворыць. Ну куды такую малечу браць? А муж адразу згадзіўся. І дочкі падтрымалі: 

“Худзенькая? Адкормім!” Так у сям’і трынаццаць гадоў таму з’явіліся Дзяніс і Віка. Дзяўчынка сапраўды была зусім слабая і хваравітая. Але ў сям’і хутка пайшла на папраўку. Мама Ірына расказвае, што з Вікторыяй мацярынства зусім па-іншаму адчувалася, чым са старэйшымі дочкамі. Тут і ўзрост, і жыццёвы вопыт. Як трошкі падгадавалі першых прыёмных, вырашылі даць сям’ю і іншым. Цяпер з мамай і татай жывуць дзесяць дзетак. А ўжо як старэйшыя збяруцца – толькі паспявай сталы састаўляць, каб усе памясціліся.

“Мы шумныя і вясёлыя,” – дзеляцца ў адзін голас і наперабой расказваюць, чым любяць займацца. Тут і шашкі, і твістэр, і маляванне. Хлопчыкі крычаць: “Футбол!” Дзяўчаты паглядаюць скосу: іх у футбалісты не бяруць. Маленькі Саша падчас размовы абдымае Ірыну Казіміраўну абедзвюма ручкамі. Яму ўсё роўна, чым займацца, абы з мамаю.

Пытаемся ў Ірыны Казіміраўны, як спраўляецца з хатнімі справамі. Яна ўсміхаецца: бачыце, колькі памочнікаў? 

“Дзеці, што мы робім, калі я прапаную гуляць у мазаіку?” Дзеці заліваюцца смехам: “Шкарпэткі!” Мама тлумачыць: 

“Уяўляеце, колькі шкарпэтак патрэбна нашай сям’і? Здаецца, дробязь. А калі ў доме дванаццаць чалавек? Купляю шкарпэткі па колерах. Калі ў Вовы чорныя, то ў Дзяніса, напрыклад, сінія. І з аднолькавым узорам. Знімаем з сушылкі – і ў некалькі рук хутка разбіраем па парах. Гэтак жа і з вокладкамі для падручнікаў. Бачу, што ляжыць кніга не на сваім месцы, адразу разумею, чыя гэта. І з такіх дробязей складаецца ўсё. Наладжваць штодзённы быт вучышся з часам”. 

Цяжкасцей, безумоўна, хапае. Але ўсе яны, упэўнена мама Ірына, кампенсуюцца адчуваннем неверагоднай пяшчоты, калі бачыш, як спалоханае, сцятае дзіця праз некалькі месяцаў раскрываецца, становіцца сваім.

Дзве сям’і, дзве шчаслівыя гісторыі: Сем’і Кот і Ведзень

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара. 

←Людзі Смаргоншчыны: Марыя Грывіцкая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика