Як абараніць свой акаўнт у сацсетках...

Источник материала:  
Як абараніць свой акаўнт у сацсетках...

 Усё больш і больш злачынстваў адбываецца ў інтэрнэце. Самае распаўсюджанае: да чалавека звяртаецца быццам бы яго сябар, родны чалавек, добры знаёмы і просіць пад рознай падставай альбо “перакінуць” яму грошай на картку, альбо паказаць сваю (пры гэтым – з двух бакоў). Чалавек згаджаецца – грошы прападаюць. Прычым, у апошнім выпадку, могуць і ўсе адразу, бо зламыснік даведваецца пра плацёжны код з трох лічбаў на адваротным баку карткі, які дазваляе праводзіць інтэрнэт-плацяжы. Такім чынам, карткай ахвяры аплачваюцца пакупкі недзе ў іншай краіне.

Варта помніць вось што: калі ўзламваюць нечыя акаўнты, ваш не можа стаць выключэннем. Сёння існуе нямала спосабаў узлому. Пра некаторыя мы і раскажам. Скарыстайцеся гэтымі зусім не складанымі парадамі.

Падбор пароля
 Тут усё вельмі проста: прыдумляйце пароль як мага складаней, з лічбаў і літар. Пажадана яшчэ, каб хоць адна літара была прапісной. Ёсць нямала спосабаў стварэння і складаных, і адначасова простых для вашага асабістага запамінання пароляў. Напрыклад, у вас ёсць дачка Алена, яна нарадзілася ў 2016 годзе, вы – Валянцін, самі 1990 года нараджэння. Пароль можа быць такім: valen2016Alenachka1990tiN
Ваш смартфон
Сёння ці не ў кожнага ёсць смартфон, і ці не кожны ўладальнік мае ўстаноўлены Вайбер, акаўнт у сацсетках “Вконтакте”, “Аднакласнікі” ці “Фейсбук”. Дык вось, калі вы пакінеце свой тэлефон на пяць хвілін зламысніку – лічыце, што ён завалодаў вашымі ўсімі дадзенымі. Апроч іншых непрыемнасцей, якія з вамі могуць цяпер здарыцца, гэта і тыя самыя просьбы да сяброў аб дапамозе грашыма, і “пасты” ад вашага імя. Таму абавязкова ўстанавіце графічны пароль на уключэнне смартфона. Сёння існуе абарона ад несанкцыяванага доступу з дапамогай сканіравання тэлефонам твару уладальніка. Канешне, быццам добрая мера, але, аказалася, зламыснікі могуць скарыстацца… фотакарткай уладальніка – і тэлефон “прапусціць” такое як свайго гаспадара.
Вельмі важна: устанаўлівайце ў ваш смартфон дадаткі толькі з надзейных крыніц!

Прыватныя паведамленні
Самы распаўсюджаны спосаб атрымаць пароль ад вашага акаўнта – праз прыват. Напрыклад, вам прыходзіць паведамленне ад малавядомага карыстальніка – гэта спасылка на відэа, якое – тут увага! – мае назву з вашым імем. Напрыклад: “Як Ядвіга Т. танчыць на стале”. А вы і ёсць тая Ядвіга. А на стале вы ніколі не танчылі! Ці танчылі??? Тэкст назвы відэа можа быць яшчэ больш інтрыгуючым, нават хаваць пагрозу для вашай рэпутацыі. Вам захацелася паглядзець: што ж там насамрэч? Шчоўкнулі мышкай – атрымалі вірус, які хуценька перадасць зламысніку вашы паролі, мэйлы і лагіны. 
Такім чынам, не вядзіцеся на падман. Вельмі пільна стаўцеся да розных паведамленняў, якія утрымліваюць у сабе файлы відэа ці фота, маюць спасылкі. Нават калі гэта быццам ад сябра, але калі ў вас з’явілася хоць зярнятка сумнення – не спрабуйце адкрыць файл. Лепш перапытайце двойчы. Бо, як правіла, рассылка ідзе аўтаматам, адрасат звычайна не адказвае. Калі не адказвае, то навошта дасылаў? Канешне ж, толькі ў разліку на вашу цікаўнасць.

Якія файлы небяспечныя
Вірус – гэта нейкі праграмны код, які можна “зашыць” у файл. Вельмі лёгка тое робіцца ў відэа-файлы, яны найбольш небяспечныя. Другі тып файла, дзе можа хавацца вірус – так званая “гіфка” – гэта карцінка, якая мігаціць (от зараз шквал такіх быў – з ялінкамі навагоднімі), у ёй нешта змяняецца па цыклу. Сам файл будзе запісвацца як імя.gif. Калі вам даслалі такое, калі ў некага на “сцяне” пабачылі падобную карцінку – не спяшайцеся шчоўкаць мышкай! Гэтаксама вірус можа хавацца ў тэкставым файле, які мае расшырэнне (літары пасля кропкі) .doc ці .docx. Падобныя файлы гэтаксама адкрывайце тады, калі упэўненыя ў крыніцы, з якой атрымліваеце.  І нават просты здымак з расшырэннем .jpg .jpeg можа быць небяспечным. Няхай ён і не ўкрадзе адразу вашы паролі, але “расчысціць дарогу” больш небяспечнаму вірусу. 
Куды вядуць спасылкі?
Статыстыка: амаль трэць спасылак, якія распаўсюджваюцца ў сеціве, вядуць на сайты, які ствараліся менавіта для крадзяжу вашых дадзеных.  Адзін з самых распаўсюджаных спосабаў: вам дасылаецца паведамленне, што вы нешта раптам выйгралі. Вы заходзіце і пачынаеце запаўняць быццам сапраўдную анкету, каб атрымаць прыз. І атрымліваеце вірус. Спасылкі з інтрыгуючымі, скандальнымі загалоўкамі – любімы прыём хакераў-зламыснікаў.

А вось “тэрміновая аб’ява”: дапамажыце ўратаваць шчанюкоў (коцікаў, сабак дарослых, іншых звяркоў)! І тэлефон там яшчэ. Пазваніце – спішуцца грошы, лайкніце – магчыма, схопіце вірус.
Увогуле, тэхналогіі сёння такія, што адно толькі адкрыванне нейкай старонкі можа стаць небяспечным. І шчоўкаць нічога не трэба: адкрылі старонку – атрымалі вірус. Абарона тут – надзейная антывірусная праграма. Увогуле, без антывірусніка ў сеціва нельга выходзіць.

Дзе бывае бясплатны Wi-fi?
Вазьміце для сябе за правіла наступнае: у вашым смартфоне функцыя пошуку вай-фая павінна быць заўсёды выключаная. І толькі калі вы прыйшлі ў месца, якому давяраеце, тады пытайцеся назву і пароль, падключайцеся менавіта да гэтай сеткі.
Ні ў якім разе нельга карыстацца нечаканым бясплатным беспарольным вай-фаем, які ваш смартфон раптоўна знайшоў у кафэ – гэта можа быць не бяспечная сетка ўладальнікаў кафэ, а сетка зламысніка, які сядзіць за столікам побач.
Узломы смартфонаў праз вай-фай – справа на сёння зусім не рэдкая.

Толькі палова – праўда 
Гэта павінна замацавацца ў вашай свядомасці раз і назаўсёды: любая інфармацыя, якая тычыцца вашых грошай, складаных жыццёвых сітуацый, атрыманая праз сацсеткі, электронную пошту павінна быць абавязкова вамі праверана праз тэлефонны званок. Калі адрасат знаходзіцца па-за межамі дзеяння сеткі – ёсць Вайбер, Скайп. 

Трэба прывыкаць да таго, што ўсё, напісанае сёння ў інтэрнэце, з’яўляецца праўдай толькі напалову. І тое тычыцца абсалютна ўсяго – і інфармацыі асабістай, і грамадскіх навін. Таму – пераправярайце, перш чым даверыцца. Ёсць адна прымаўка: калі праблемы вырашаюцца грашыма, то гэта не праблемы, а фінансавыя траты. Украдуць грошы – гэта яшчэ не праблема сапраўды. Куды горш, калі зламыснікі маюць на мэце нанесці удар па вашай рэпутацыі, выкрасці асабістае, каб скарыстаць у сваіх злачынных мэтах.
Будзьце менш даверлівымі. А больш размаўляйце з жывымі людзьмі. У гэтым ёсць свая прыгажосць і прываблівасць – жывых чалавечых зносін…
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
 
←На неделе в Гродно будет снег и метели, а к выходным начнутся дожди

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика