Людзі Смаргоншчыны: Чалавек, які любіць музыку, дзяцей і кветкі

Источник материала:  
Тое, што музыка займае ў жыцці майго субяседніка адно з вядучых месцаў, пацвярджаюць інструменты, якія надзейна асталяваліся ў яго рабочым кабінеце: дзве гітары, балалайка, домра, цымбалы і клавішы. Адразу зазначу: ён не музыкант па прафесіі. Хаця натура творчая – скульптар, графік, жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Напэўна, не памылюся, калі скажу, што музычнае мастацтва і фатаграфія  ўвайшлі ў жыццё Уладзіміра Церабуна адначасова з выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. І не пакідаюць.

Своеасаблівая спадчына

Напрыканцы 50-х мінулага стагоддзя Валодзя разам са старэйшым братам стаў удзельнікам цымбальнага аркестра, якім кіраваў Аляксандр Дзяруга. Аляксандр Анісімавіч дапамог хлопчыку асвоіць цымбалы, балалайку, гітару, фартэпіяна і акардэон. Аднойчы на аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Гродне падлетак добра сыграў сола на балалайцы і атрымаў прыз – невялікі фотаапарат. З таго часу для хлопца фатаграфаванне стала адным з самых любімых заняткаў.

Музыка і фатаграфаванне – два галоўных захаплення ў жыцці Аляксандра Дзяругі. Атрымліваецца, неназойліва ён перадаў іх свайму падапечнаму.

“Толькі з цягам часу даеш нейкую ацэнку падзеям, людзям, якія прайшлі праз тваё жыццё і пакінулі след, - кажа  Уладзімір Церабун. – Адзін з самых яскравых слядоў у маім жыцці пакінуў Аляксандр Дзяруга. Ён стаў для смаргонскіх дзяцей сапраўдным Макаранкам. Сёння я ўспамінаю гэтага чалавека як вялікага педагога-музыку, духоўнага настаўніка моладзі. Аляксандр Анісімавіч пакінуў кожнаму вучню своеасаблівую спадчыну – уменне радавацца жыццю, любіць прыроду, несці дабрыню і карысць людзям”.

Як вядома, Аляксандр Дзяруга арганізаваў не толькі цымбальны аркестр, яшчэ і аркестр народных інструментаў. Быў сярод стваральнікаў ансамбля імя Агінскага. Сам музыку пісаў, збіраў па вёсках фальклор, апрацоўваў мелодыі і ўводзіў іх у рэпертуар калектыву.

Людзі Смаргоншчыны: Чалавек, які любіць музыку, дзяцей і кветкі

Цымбальны аркестр, канец 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Уладзімір ЦЕРАБУН грае на кантрабасе (вялікая балалайка).

Мясцовы брэнд

У гэтай сувязі хочацца асобна расказаць яшчэ пра адзін накірунак работы маэстра. Агляды мастацкай самадзейнасці – раённыя, абласныя, рэспубліканскія – гэта цэлая галерэя паездак, у якіх дзеці ўдзельнічалі з вялікім задавальненнем. Нярэдка  выязджалі ў вёскі і там давалі канцэрты мясцовым жыхарам. Гумарэскі, вершы, спевы салістаў ці дуэтаў, танцавальныя нумары і, вядома, цымбалісты – смаргонскі каларыт. Цяпер бы сказалі: ”Брэнд”.

Па вёсках выступоўцы ездзілі ў кузаве грузавіка. Сучасны больш-менш вядомы артыст мае свой райдар – пералік умоў і патрабаванняў, якія прад’яўляе артыст ці творчы калектыў да арганізатараў выступлення. А дзяругінскія выхаванцы ніколі не скардзіліся на бытавыя нязручнасці. Усе з энтузіязмам неслі мастацтва ў людзі. Сапраўднае мастацтва, а не фальшывае.

“Дзяруга быў ініцыятарам многіх цікавых раённых мерапрыемстваў. Адно з іх – свята песні і працы, якое штогод ладзілася на беразе Віліі, - успамінае Уладзімір Васільевіч. - Там ушаноўвалі вяскоўцаў, выступалі творчыя калектывы. Мноства людзей ішлі пехатой амаль чатыры кіламетры, каб пабыць ва ўрачыстай атмасферы. Няблага было б адрадзіць гэта свята. 

…Мая памяць малюе Аляксандра Анісімавіча на ровары без верхняй гарызантальнай рамы, з мяккім шырокім сядлом на спружынах. На такім ровары, як на самакаце, можна было дабірацца ў розныя мясціны горада.

Кожны год Дзяруга аб’язджаў вуліцы Смаргоні, прыглядаўся, хто і як вырошчвае кветкі, запісваў адрасы. Крыху пазней, калі кветкі набіралі сваю прыгажосць, аб’язджаў зноў. Знаёміўся з гаспадыняй, фатаграфаваў яе сярод кветак, запісваў прозвішча. Потым рыхтаваў спісы канкурсантаў, якія перадаваў у райвыканкам. У вызначаны дзень і час удзельнікаў конкурсу запрашалі на свята, на якім былі арганізаваны выставы з кветак і фотаздымкаў гаспадынь. Пад гукі духавога аркестра лепшыя кветкаводы раёна атрымлівалі ўзнагароды – граматы і канверты з невялікімі грашыма.

У спісе лепшых кветкаводаў аднойчы аказалася мая маці. Яна хоць і любіла вырошчваць кветкі, але тое, што будзе пераможцам, для нас аказалася нечаканасцю… У канверце было пяць рублёў. Вядома, грошы невялікія. Затое колькі слоў падзякі гучала ў адрас гаспа дынь, колькі павагі аказвала ім кіраўніцтва раёна.

Такое свята мог арганізаваць толькі чалавек, які шануе сваю родную зямлю і любіць людзей, якія яе ўзбагачаюць”.

Людзі Смаргоншчыны: Чалавек, які любіць музыку, дзяцей і кветкі

Музыка для Уладзіміра ЦЕРАБУНА - адно з галоўных захапленняў у жыцці.

Заслужанаму ад заслужанага

Людзі Смаргоншчыны: Чалавек, які любіць музыку, дзяцей і кветкі
Любіць сваю родную зямлю – гэта яшчэ адно ўменне, якое перадаў Дзяруга свайму вядомаму вучню. А той палічыў абавязкам увекавечыць ганаровую памяць пра свайго педагога. Стварыў мемарыяльную дошку. У райвыканкам быў перададзены ліст-зварот з просьбай усталяваць яе на адным з дамоў Смаргоні. Ліст падпісалі 34 былыя ўдзельнікі ансамбля імя Агінскага. Свой подпіс паставіў і народны артыст СССР Віктар Роўда.

Адкрыццё дошкі адбылося вясной 2008 года. Яе размясцілі на будынку былога Дома піянераў. Партрэт мэтра, а побач – на нотным стане напісаны ўрывак з “Паэмы” Здэнека Фібіха. Апрацоўку твора да цымбалаў зрабіў менавіта Аляксандр Дзяруга. 

“Гэты твор заўсёды цёпла сустракаюць слухачы, шчыра і душэўна выконваюць музыкі. Тая мелодыя і цяпер нагадвае нам пра багатае і шчаслівае дзяцінства”, - удакладняе майстар, чаму менавіта ноты “Паэмы” ён размясціў на мемарыяльнай дошцы.

Не так даўно ў Смаргоні, у раёне новабудоўлі,  з’явілася вуліца, якую назвалі у гонар Аляксандра Дзяругі. Яшчэ адну дошку, прысвечаную памяці маэстра, размясцілі  мінулай восенню на жылым доме ў мікрараёне Усходнім. І зноў да гэтай справы прыклаў руку таленавіты вучань таленавітага настаўніка. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусі – у памяць заслужанаму дзеячу культуры БССР.

P.S. Памятную дошку на вуліцы Дзяругі ўсталявалі дзякуючы Пятру Южыку і Анатолю Янцу, якія зрабілі неабходны матэрыяльны ўнёсак.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Уладзіміра ЦЕРАБУНА.

←Владельцы казино в Витебской области почти полтора года поставляли «санкционку» в Россию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика