Дарыць цеплыню дзецям з цяжкім лёсам

Источник материала:  

Дарыць цеплыню дзецям з цяжкім лёсам

Цырымонія ўручэння прэміі “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльнай прэміі і прэміі “Беларускі спартыўны Алімп” адбылася 9 студзеня ў Палацы Рэспублікі.

Узнагароды ўручаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. З прывітальным словам да лаўрэатаў і ўсіх прысутных таксама звярнуўся Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Па выніках 2018 года прысуджаны чатыры прэміі “За духоўнае адраджэнне”, дзевяць спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва, тры спецыяльныя прэміі “Беларускі спартыўны Алімп”. Падчас уручэння ўзнагарод кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэты святочны калядны вечар у Палацы Рэспублікі ўшаноўваюць людзей з вялікім сэрцам, якія аддаюць сваю любоў, увагу і цеплыню дзецям з цяжкім лёсам, служыцеляў царквы, якія падарылі Новаму Запавету новае гучанне на беларускай мове, тых, хто праслаўляе нашу зямлю сваёй творчасцю і спартыўнымі дасягненнямі.

Адной з гэтых асаблівых узнагарод — прэміі “За духоўнае адраджэнне” — адзначаны калектыў Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адпаведны дыплом быў уручаны на сцэне Палаца Рэспублікі дырэктару дома-інтэрната Вячаславу Клімовічу і юрысту ўстановы Вользе Грамыка. Разам з імі ў Мінск на ўрачыстасць былі запрошаны іх калегі, а таксама намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Цімчанка і настаяцель Свята-Богаяўленскага храма Глуска протаіерэй Міхаіл. Рэпартаж аб гэтай адметнай падзеі трансліраваўся па беларускім тэлебачанні. Думаецца, многія з глушчан, хто глядзеў 9 студзеня навіны, і здзівіліся, і ўзрадаваліся, пачуўшы знаёмую назву, убачыўшы знаёмыя твары. Здзівіліся, бо такой высокай, асаблівай, адмысловай узнагароды ў Глускім раёне да гэтага яшчэ ніхто не быў удастоены. Узрадаваліся, бо, несумненна, чулі і ведаюць пра дом-інтэрнат і яго жыльцоў шмат добрага. Наша газета рэгулярна асвятляе жыццё ўстановы, найбольш важкія поспехі яе выхаванцаў, піша пра тыя ўмовы і магчымасці, якія для іх тут створаны і пастаянна паляпшаюцца. Гаворка ідзе пра спартыўныя перамогі на міжнародным узроўні, пра творчыя поспехі і працоўныя справы. Менавіта тут, у Веснаўскім доме-інтэрнаце, амаль дзесяць гадоў назад упершыню ў краіне была апрабіравана і наладжана сістэма суправаджаемага пражывання, каб выхаванцы інтэрната вучыліся самастойнасці, набывалі навыкі самаабслугоўвання, маглі інтэгравацца ў грамадства. Бачачы і чуючы пра такое, разумееш, што гэтыя дзеці насуперак усяму выходзяць за рамкі сваіх абмежаваных магчымасцяў і робяць часам немагчымае. 

Стаяць за ўсім гэтым іх выхавацелі, медработнікі, усе, хто дапамагае ўтрымліваць гэты вялікі дом ва ўзорным стане. І гэта заслуга не асобных спецыялістаў, а ўсяго калектыву, які дзейнічае як адно цэлае, як добра адладжаны дарагі механізм. Змог арганізаваць яго работу, згуртаваць усіх і павесці да агульнай мэты дырэктар Вячаслаў Уладзіміравіч Клімовіч. Ён узначальвае ўстанову больш за 13 гадоў. Яго работа, яго намаганні былі адзначаны ў 2017 годзе на дзяржаўным узроўні медалём “За працоўныя заслугі”. Тады, даючы інтэрв’ю для нашай газеты, дырэктар паклікаў дзяцей, каб сфатаграфавацца разам з імі. Пры нашай цяперашняй сустрэчы ён таксама прапанаваў зрабіць калектыўны здымак — таксама з выхаванцамі. Калі я спытала, чаму, ён адказаў так: “Калі б я быў токарам і вырабіў шмат дэталяў, я б разумеў, што гэта мая заслуга. А я працую з дзецьмі і для дзяцей, працую не адзін, а ў калектыве і з калектывам, таму атрыманая высокая ўзнагарода насамрэч агульная, яна ж і прысуджана ўсяму нашаму калектыву”. Што да ўражанняў ад урачыстасці, то яны, па словах Вячаслава Уладзіміравіча,  самыя лепшыя, гэта мерапрыемства на вышэйшым узроўні — як з боку свецкай, так і з боку духоўнай улады, і арганізавана яно было адпаведна — добра, урачыста, прыгожа — і пакінула аб сабе самыя светлыя і цёплыя ўражанні. Зрэшты, хто глядзеў канцэрт “Раство. Радзіма. Адраджэнне” па тэлевізары, мог у гэтым пераканацца.

Мы ж сфатаграфавалі Вячаслава Уладзіміравіча, як ён і прасіў, з дзецьмі, але дамовіліся, што абавязкова напішам (і пастараемся сфатаграфаваць) і пра калектыў работнікаў — першага і пакуль адзінага ў раёне лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара

←Золотые руки Осипковой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика