Напрыканцы мінулага года ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў пятага рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых работ «Тут родныя трымаюць карані».
Арганізатарам конкурсу выступіла рэдакцыя вядомага беларускага часопіса «Роднае слова». Сярод удзельнікаў — студэнты ВНУ, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, вучні агульнаадукацыйных школ, выкладчыкі з усіх рэгіёнаў краіны.
На конкурс, прымеркаваны да Года малой радзімы, было даслана 289 работ. Пераможцы вызначаліся ў трох намінацыях.
Прыемна адзначыць, што ўдзел у рэспубліканскім конкурсе прыняў і прадстаўнік Чашніцкага раёна. Настаўнік англійскай мовы і гісторыі Іванскай ДССШ Віктар Грыбко сваёй работай здолеў уразіць журы. У намінацыі «Край мой родны, край прыгожы» наш зямляк атрымаў перамогу. Быў запрошаны на цырымонію ўзнагароджання.
— Мая работа называлася «Род Валадковічаў у гісторыі Беларусі і Чашніччыны», — распавёў Віктар Вільгельмавіч. — Праца даволі аб’ёмная і змястоўная. Выкарыстоўваў матэрыялы, дасланыя прадстаўнікамі роду Валадковічаў. Тут і архіўныя дакументы, і ўнікальная перапіска далёкіх часоў. Арганізатары конкурсу назвалі маю работу адной з лепшых. Было прыемна пачуць такія словы ад шаноўных людзей. У журы ўваходзілі вядомыя літаратары, журналісты, мовазнаўцы, прадстаўнікі духавенства. Мне ўручылі Дыплом першай ступені. У якасці падарунка — кнігі.
Настаўнік з Іванска шмат гадоў даследуе гісторыю роднага краю. З’яўляецца аўтарам кніг, нарысаў. Віктар Грыбко — чалавек апантаны. І гэта вельмі важна. Сваім вучням педагог прывівае любоў да малой радзімы. Каб ведалі, хто іх продкі, якога яны роду.
Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.