З клопатам аб нямоглых і састарэлых. 5 студзеня работнікі сацыяльнай абароны адзначаюць прафесійнае свята

Источник материала:  
5 студзеня спаўняецца 100 гадоў дзяржаўнай сістэме сацыяльнай абароны. Менавіта ў гэты дзень у 1919 г. у Беларусі быў створаны народны камісарыят сацыяльнага забеспячэння. Ён аказваў дапамогу інвалідам вайны і іх сем’ям, асобам, якія мелі вялікія заслугі перад дзяржавай. Асаблівае месца ў рабоце органаў сацыяльнага забеспячэння БССР займала працаўладкаванне інвалідаў. У 1923 годзе пры народным камісарыяце было арганізавана Беларускае кааператыўнае аб’яднанне інвалідаў, у 1926-1927 гадах – Беларускае таварыства сляпых, а ў жніўні 1931 года – Беларускае аб’яднанне глуханямых.

Важным момантам у развіцці сацыяльнай абароны з’явілася прыняцце ў 1956 годзе “Закона аб дзяржаўных пенсіях”. Новы закон карэнным чынам палепшыў пенсійнае забеспячэнне, пашырыў круг асобаў, якія мелі права на пенсію, увёў у дзеянне ільготнае пенсійнае забеспячэнне. З прыняццем Вярхоўным Саветам СССР у 1964 годзе “Закона аб пенсіях і дапамогах членам калгасаў” у краіне стала дзейнічаць агульнадзяржаўная істэма пенсійнага забеспячэння калгаснікаў.

Усе рашэнні ўрада нязменна адлюстроўваліся на дзейнасці службы сацыяльнай абароны Смаргонскага раёна. Разам з іншымі праблема сацыяльнага абслугоўвання састарэлых непрацаздольных і ў першую чаргу адзінокіх людзей была адной з самых актуальных у раёне з 1988 года. Таму неўзабаве была створана служба сацыяльнай дапамогі на даму, у якой з 1998 года працавалі 45 сацыяльных работнікаў, якія дапамагалі 385-і адзінокім і інвалідам.

30 гадоў свайго жыцця прысвяціла рабоце ў аддзеле сацыяльнай абароны райвыканкама Ядвіга Кумпіцкая. Была інспектарам, потым старшым інспектарам, загадчыцай аддзела. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у 1983 годзе яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Акрамя гэтага Ядвіга Юльянаўна актыўна займалася прафсаюзнай работай, была выбрана старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі, якая аб’ядноўвала работнікаў дзяржустаноў.

Начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Сташко і яе намеснік Наталля Дзем’янец у сярэдзіне 80-х гадоў працаўладкаваліся ў службу сацыяльнага забеспячэння, якая пазней змяніла сваю назву і пашырыла функцыі. А тады галоўнай задачай было налічэнне і выплата пенсій. Інспектары займаліся і ўнутрыкалгасным забеспячэннем. Не толькі налічвалі пенсіі сельскім працаўнікам, але і сачылі за бытам ветэранаў, некалькі разоў на год абследавалі ўмовы пражывання інвалідаў вайны, сем’яў, чые родныя загінулі на вайне, адсочвалі прадастаўленне ім ільгот, трымалі на кантролі ўнутрыкалгаснае пенсіяніраванне. У гаспадарках тады былі прадугледжаны даплаты сем’ям ваеннаслужачых, якія загінулі.

З клопатам аб нямоглых і састарэлых. 5 студзеня работнікі сацыяльнай абароны адзначаюць прафесійнае свята

Намеснік начальніка Наталля ДЗЕМ’ЯНЕЦ і начальнік аддзела пенсій і дапамог Наталля СТАШКО абмяркоўваюць рабочыя пытанні


Потым на базе аддзела сацыяльнага забеспячэнняпачалі адкрываць аддзяленні сацыяльнай дапамогі. Цяпер гэта задача ўскладзена на тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Цёплы дом”. А раней было некалькі аддзяленняў сацыяльнай дапамогі на даму з невялікім штатам работнікаў. У адным з іх працаваў ваенны пенсіянер Сяргей Бычкоўскі, а ўзначальвала аддзяленне Эмма Апасава. Калі яна пайшла на пенсію, кіраўніком гэтага падраздзялення прызначылі Людмілу Шасцірэкаву. Яна была чалавекам актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пераймала вопыт работы сацыяльнай службы за мяжою і таму ініцыявала адкрыццё ў Смаргоні цэнтрасацыяльнай дапамогі на даму. Так у 2003 годзе з’явіўся УТЦСАН “Цёплы дом”. А аддзел сацыяльнага забеспячэння неўзабаве перайменавалі ў аддзел сацыяльнай абароны. А яшчэ праз нейкі час на базе аддзела стварылі ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне. Слова “занятасць” з’явілася ў яго назве праз 4 гады.

З цеплынёю ўзгадваюць ветэраны сацыяльнай службы былога свайго кіраўніка Зыгмунда Друцеля. Ён быў прафесіяналам, меў фенаменальную памяць і мог сам, без прыцягнення спецыялістаў, даць кансультацыю наведвальнікам, якія звярталіся з рознымі пытаннямі. Сваю кіраўніцкую дзейнасць пачаў загадчыкам аддзела сацыяльнай абароны, потым быў начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Чалавек сціплы, тактоўны, паважліва ставіўся да работнікаў, цаніў кожнага спецыяліста, умеў падкрэсліць яго значнасць. Калі пакідаў пасаду, падбадзёрыў сваіх падначаленых: усё будзе добра, вы ўмееце працаваць, толькі каб ніхто вам не перашкаджаў.

Святлана Гаспадарова 7 гадоў узначальвала ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Энергічная, ініцыятыўная, ідэйная, яна імкнулася ўнесці ў гэту службу нешта новае, што садзейнічала б паляпшэнню работы з жыхарамі раёна. Пры ёй у Бялкоўшчыне быў адкрыты дом сумеснага пражывання, насельнікамі якога сталі нямоглыя адзінокія людзі.

Шмат увагі надае рабоце з людзьмі і цяперашні кіраўнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Зоя Крачкоўская. Хаця працуе тут нядаўна, але, як кажуць, хутка ўвайшла ў курс справы, імкнецца ўдасканаліць дзейнасць даверанага ёй падраздзялення.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

←Могилевчанин создал фирму-«помойку» и помог организациям недоплатить 710 тысяч долларов налога

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика