«Женщина года Шумилинщины»: Елена Сидоренко

Источник материала:  
«Женщина года Шумилинщины»: Елена Сидоренко
Дарога, з якой не звярнуць
Такой Алену Сідарэнку, начальніка фінансавага аддзела райвыканкама, вы яшчэ не ведалі
Яна прыехала ў Шуміліна з Парыжу па размеркаванні і засталася тут назаўжды. Яна дакладна ведае, што дабіцца поспеху магчыма толькі пры ўмове сумленнай карпатлівай працы, у тым ліку і над сабой, і ўпэўнена, што лічбы могуць многае расказаць пра чалавека. Напярэдадні Дня банкаўскіх і фінансавых работнікаў кіраўнік фінансавай службы раёна, уладальнік ганаровага звання “Жанчына года Шуміліншчыны”, дэпутат раённага Савета Алена Сідарэнка адказала на пытанні “ГП”.
Шуміліна стала маёй другой малой радзімай, і я ніводнага разу пра гэта не пашкадавала
– Ну, я не з самога Парыжа, а з яго прадмесця, – жартуе Алена Савельеўна. – За некалькі кіламетраў ад цёзкі французскай сталіцы ў Пастаўскім раёне ёсць вёсачка Крывое, дзе я нарадзілася і вырасла. Пасля заканчэння школы паступіла ў Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум (зараз Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж Белкаапсаюза – аўт.) і, вывучыўшыся на бухгалтара, прыехала працаваць у Шуміліна па размеркаванні.
Звязваць жыццё з новай мясцовасцю ніяк не ўваходзіла ў планы маладога спецыяліста: збіралася адпрацаваць належныя два гады і вярнуцца на радзіму. Але вы ўжо разумееце, што спраўдзіцца гэтым планам нешта ўсё ж перашкодзіла.
– Я выйшла замуж. Так Шуміліна стала маёй другой малой радзімай. І ведаеце, я ніводнага разу пра гэта не пашкадавала, – прызналася Алена Сідарэнка. – Мне ніколі не прыходзіла ў галаву думка з’ехаць адсюль, нешта змяніць у сваім жыцці.
Шуміліна прыняла дзяўчыну, як родную, як сваю. Яна адразу адчула тут нейкую асаблівую атмасферу. Не апошнюю ролю ў гэтым сыграў і калектыў райспажыўтаварыства, у які трапіла малады бухгалтар.
– Сапраўднага бухгалтара з мяне зрабіла Надзея Васільеўна Ананьева, якой, на жаль, ужо няма ў жывых. Наогул, я вельмі ўдзячная людзям, з якімі сыходзілася на жыццёвай дарозе, за вопыт, за падказкі, за душэўную шчодрасць. Такіх многа…
У райспажыўтаварыстве Алена адпрацавала 13 год, паралельна скончыўшы Гомельскі кааператыўны інстытут. Затым перайшла ў падатковую інспекцыю, дзе некаторы час рупілася галоўным падатковым інспектарам. Адказнага, скрупулёзнага, граматнага спецыяліста заўважыў тагачасны старшыня райвыканкама Вальдэмар Падляшчук. Ён беспамылкова ўбачыў у ёй будучага кіраўніка фінансавай службы раёна. А гэты чалавек рэдка памыляўся ў людзях.
Я не магу сказаць, што размеркаваць грошы лягчэй, чым іх сабраць
– Як гэта – узяць на сябе адказнасць за “кашалёк” усяго раёна?
– Вы нават уявіць сабе не можаце, як мне было страшна, – не саромеецца сваіх пачуццяў Алена Савельеўна. – Вальдэмар Антонавіч угаворваў мяне з красавіка па лістапад 2004 года – цэлых 8 месяцаў. Памятаю, што канчаткова вызначыцца мне дапамагла Вольга Іванаўна Галуза, якая ў той час была выконваючым абавязкі. Яна прыйшла да мяне аднойчы і прама спытала: “Ну калі вы ўжо да нас прыйдзеце?”. У гэты момант я адчула, што мяне чакаюць, на мяне спадзяюцца як на прафесіянала. Гэта надало ўпэўненасці, і я згадзілася.
І ёй у чарговы раз пашчасціла на калектыў. Гэта былі вопытныя спецыялісты, віртуозы лічбаў, табліц і графікаў. Ніхто ніколі не адмовіў у дапамозе: маўляў, узялася за такі гуж, дык сама і спраўляйся. У такой атмасферы фінансіст даволі хутка спасцігла ўсе тонкасці справы, да месца аказаўся і ўжо назапашаны вопыт.
– Самі мяркуйце, як цікава склалася: калі працавала бухгалтарам, я зразумела, як зарабляюцца грошы; у падатковай – як яны збіраюцца, адкуль з’яўляюцца падаткі; калі ж прыйшла ў фінаддзел, даведалася, як гэтыя грошы трацяцца, – разважае А. Сідарэнка. –  І я не магу сказаць, што размеркаваць грошы лягчэй, чым іх сабраць. Улічваючы той факт, што сродкаў заўжды не хапае, трэба ведаць, куды іх накіраваць у першую чаргу. Важна мець “падушку бяспекі” на выпадак нейкіх непрадбачаных абставін. Грошы многае вырашаюць – заўжды хочацца дапамагчы кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый у рэалізацыі іх планаў.
– Але ж, напэўна, прыходзіцца і адмаўляць, маючы на ўвазе той самы недахоп грошай?
– Калі просьба не супярэчыць заканадаўству, я ніколі адназначна не адмаўляю. Мы разам шукаем варыянты. Усе свае ідэі абавязкова абмяркоўваю з кіраўніком раёна. А на стале ў мяне ляжыць спецыяльная папка з просьбамі і прапановамі, якую я не прыбіраю далёка ад рук. Прыходзіць час, і многае ўдаецца вырашыць, дзякуючы рабоце зладжанай каманды фінансавага аддзела.
Я разумею, што з’яўляюся звяном агульнага ланцуга, і калі гэта звяно дасць збой, можа разбурыцца ўся сістэма
– Назіраючы за вашым стылем работы, прыходзіць у галаву думка, што ў школе вы былі выдатніцай.
– Не, выдатніцай не была. Але я, сапраўды, вельмі патрабавальная, у першую чаргу да сябе, але і да людзей таксама. Магчыма, нехта і крыўдзіцца за гэта. У мяне абвостраны пачуцці адказнасці, справядлівасці, калектывізму, пунктуальнасці. Я разумею, што з’яўляюся звяном агульнага ланцуга, і калі гэта звяно дасць збой, можа разбурыцца ўся сістэма. Адсюль і патрабавальнасць.
За плячыма самы складаны для фінансістаў месяц – снежань, які заканчвае не толькі каляндарны, але і фінансавы год. І калі ў апошні дзень “сыходзяцца” ўсе галоўныя паказчыкі, калі даходы выкананыя, няма крэдыторскай запазычанасці, а на рахунку засталіся грошы, тады фінансісты – самыя шчаслівыя людзі на планеце. І абсталяванне новага рэнтген-кабінета цэнтральнай бальніцы, і рамонт раённага цэнтра культуры, і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый – вельмі хочацца, каб усё складвалася, каб як мага радзей прыходзіла адчуванне: “Эх! Не атрымалася”.
– Хочацца пажадаць фінансістам раёна, ветэранам працы, былым работнікам фінансавага аддзела, каб на ўсё хапала сіл, каб не падводзілі здароўе і настрой, а ў сям’і панавалі лад ды згода, – адрасавала пажаданні сваім калегам з нагоды прафесійнага свята А. Сідарэнка.
Муж заўжды з разуменнем, цярпеннем і павагай ставіўся да маёй кар’еры
– Зразумела, што адказная пасада “крадзе” і асабісты час. Вы рэдка пакідаеце працоўны кабінет у належныя 17.00. А як жа сям’я?
– Ведаеце, з самых першых дзён нашага з мужам сямейнага жыцця было дакладна вызначана, што работа – гэта справа святая, – прызналася Алена Савельеўна. – Усё пачалося, яшчэ калі працавала бухгалтарам у райпо. Вучылася паралельна, дачка была маленькая. Часу заўжды не хапала, я літаральна без выхадных працавала. Ну, і яшчэ, і гэта самае галоўнае, у мяне добры муж, які заўжды з разуменнем, цярпеннем і павагай ставіўся да маёй кар’еры. Невядома, ці стала б я начальнікам фінансавага аддзела, калі б не такі спадарожнік жыцця.
Муж Алены Сідарэнкі Міхаіл на добрым рахунку ў ДРБУ №204, дачка Таццяна скончыла Мінскі лінгвістычны інстытут і працуе ў сферы лагістыкі ў сталіцы. Наша гераіня – сапраўды, шчаслівая жанчына. А нядаўна гэтае шчасце стала яшчэ большым – у сям’і з’явіўся ўнук Назар.
Я вельмі хвалююся, калі выступаю перад аўдыторыяй
Алена Савельеўна аказалася самай звычайнай жанчынай, якая любіць “адпачыць” на сваіх трох сотках, да свята абавязкова пячэ пірог, а па суботах робіць генеральную ўборку ў кватэры.
Лазня, спартыўная зала, калі ёсць час, які-небудзь серыял, а лепш – савецкі фільм – адказная пасада і занятасць не адмаўляюць у кіраўніка такога ўзроўню звычайных будзёных радасцяў.
– Я вельмі хвалююся, калі выступаю перад аўдыторыяй, – прызналася галоўны фінансіст раёна. – Заўжды перажываю за тое, як мяне будуць успрымаць.
– А калі б выпала жыць нанова, вы хацелі б што-небудзь змяніць у сваім жыцці?
– Не, я пайшла б па той жа дарозе, – не задумваючыся, адказвае Алена Савельеўна. – Я люблю і даражу ўсім, што ў мяне ёсць. Магчыма, некага гэта здзівіць, але я сапраўды люблю лічбы, яны не сухія, а, наадварот, многае могуць расказаць. Лічу, што работа мая творчая.
…Скончыцца чарговы рабочы дзень, і, ідучы дадому, Алена Савельеўна, як заўжды, будзе ў думках аналізаваць яго: што атрымалася, над чым трэба папрацаваць заўтра. Будзе выкрэсліваць і дадаваць новыя пункты ў сваім уяўным спісе тэрміновых спраў. А ў водпуск абавязкова паедзе на сваю “першую” малую радзіму – на Пастаўшчыну, дзе захаваўся бацькоўскі дом, дзе лістота ў дрэў зелянейшая, і паветра – якім не надыхацца…
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 1 ад 04.01.2019 г.
←Успех обеспечивают люди

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика